BELPOL: у базу «БЕСпарадкі» ўнесена звыш за 100 тысяч чалавек. Хронікі рэпрэсій 31 ліпеня

 Да ліку рэпрэсаваных рэжымам Лукашэнкі варта аднесці не толькі асоб, асуджаных да крымінальнага пакарання па палітычных матывах (каля 7100 чалавек), але і іншыя катэгорыі пацярпелых грамадзян, піша BELPOL. Рэальная колькасць рэпрэсаваных беларусаў у шмат разоў большая за агульную колькасць палітзняволеных. Адна з такіх катэгорый — людзі, уключаныя ў базу «БЕСпарадкі».

1_1097_1.png

У гэтую інфармацыйную базу карнымі органамі рэжыму ўключаюцца ўсе выяўленыя імі асобы, якія маюць дачыненне да пратэснай дзейнасці супраць дыктатара. Па звестках BELPOL у базу «БЕСпарадкі» ўнесена звыш за 100 тысяч чалавек (у тым ліку асобы, асуджаныя ў крымінальным парадку за апазіцыйную дзейнасць). З іх звыш 50 тысяч чалавек былі падвергнуты адміністрацыйным затрыманням і арыштам за пратэсную дзейнасць, падчас чаго да большасці гэтых асоб ужываліся збіцці, катаванні, зневажальнае абыходжанне. З прычыны гэтага ў многіх «адміністрацыйна-палітычных» парушана фізічнае і псіхічнае здароўе. Астатнія фігуранты базы «БЕСпарадкі» — гэта выяўленыя, але яшчэ не затрыманыя ўдзельнікі пратэснай дзейнасці (многія з іх выехалі за межы Беларусі).

Усе фігуранты базы «Беспарадкі» істотна абмежаваныя ў правах. Яны не могуць быць прынятыя на працу ў дзяржаўныя арганізацыі, многія незаконна звольненыя з ранейшых месцаў працы, часцяком улады не даюць ім уладкавацца і ў прыватныя кампаніі. Таксама многія з гэтых асоб падвяргаюцца незаконным «прафілактычным» адміністрацыйным затрыманням і арыштам, перыядычным праверкам міліцыі па месцах жыхарства (з вывучэннем зместу іх электронных прылад), узмоцненаму кантролю пры перасячэнні беларускай мяжы. Па выніках такіх праверак у дачыненні да некаторых з іх распачаты крымінальны пераслед па палітычных матывах. Абмежаванням у працаўладкаванні, а таксама міліцэйскім «праверкам» падвяргаюцца і блізкія сваякі асоб, уключаных у базу «БЕСпарадкі», г.зн. колькасць рэпрэсаваных з дадзенай катэгорыі яшчэ вышэй.

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1722 дні, Дзяніс Івашын — 1602 дні. 

Бармена з Гродна асудзілі за «распальванне варожасці» за каментары ў тэлеграме

Аляксею Кердалю 33 гады. Ён гарадзенец. Пасля школы адслужыў у арміі, піша «Наша Ніва».

Апошнія гады Аляксей працуе барыстай у Гродне. Таксама з 2020-га ў яго быў невялікі бізнэс — кампанія, сферай дзейнасці якой пазначана «прадастаўленне месцаў для пражывання на тэрыторыі кемпінгаў і лагераў».

Імя Кердаля з'явілася ў спісе «тэрарыстаў», які стварае КДБ. Згодна з ім, Аляксея асудзілі па артыкуле 130 КК Беларусі — «распальванне варожасці».

Суд Лёзненскага раёна запрасіў віцебскую актывістку на працэс па прызнанні яе старонак у сацсетках «экстрэмісцкімі»

Запрашэнне Караліна Цярэнцьева атрымала праз Instagram — дзяўчына яшчэ некалькі год таму была вымушана з’ехаць з Беларусі праз палітычны пераслед. Паводле тэксту, дасланага актывістцы, можна прасачыць усю «кухню» падрыхтоўкі падобных судовых працэсаў, піша Віцебская Вясна.

Караліне даслалі і прадстаўленне па яе грамадзянскай справе за подпісам пракурора Лёзненскага раёна Аляксея Бузікава. Там, у прыватнасці, пазначана, што «экстрэмізм» на старонках актывісткі быў знойдзены падчас маніторынгу сеткі Інтэрнэт непасрэдна ў будынку раённай пракуратуры па адрасе вул. Леніна 100Б.

Паказальна, што яшчэ да прыняцця судом нейкага рашэння пракурор раёна ўжо патрабуе «накіраваць копію ў Міністэрства інфармацыі для ўключэння ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Сілавікі робяць рэйды на палеткі Гомельшчыны

Жыхары сельскагаспадарчых раёнаў Гомельскай вобласці паведамілі праваабаронцам пра тое, што ў сельгаспрадпрыемствы пачалі прыязджаць рэйды з прадстаўнікоў сілавых структур, піша Гомельская Вясна.

«Працаўнікі сельскай гаспадаркі ў нас у шоку: супрацоўнікі КДБ у нас на палях правяраюць камбайнераў ды іншых працаўнікоў. Прыехалі на поле ў абед. Спачатку правяралі кухарку. Потым пачалі аглядаць кабіну кожнага камбайна. Абураліся, што людзі кепска працуюць. Шукалі, магчыма, хто штосьці скраў», — паведаміў жыхар аднае з вёсак і працаўнік сельгаспрадпрыемства.

З іншага раёна паведамілі, што да іх проста на палеткі прыязджалі нейкія карнікі ў чорнай форме. Таксама аглядалі кабіны камбайнаў і аўтамабіляў, якія працуюць на ўборцы збожжа.

18 ліпеня Аляксандр Лукашэнка праводзіў так званую «селектарную нараду» на тэму «бітвы за ўраджай». На тую нараду ён заклікаў у асноўным кіраўнікоў розных карных органаў свайго апарату – ад МУСа да КДБ.

«Ніхто за каласок з чалавека не пытае. Але калі вінаваты — і за каласок спытаеце», – сказаў тады Лукашэнка сілавікам.