Цягам першага паўгоддзя ў Беларусі паводле палітычных матываў засудзілі 15 дзяцей. Хронікі рэпрэсій 30 ліпеня
Вярхоўны суд Беларусі апублікаваў статыстычныя звесткі аб працы судоў розных узроўняў за першае паўгоддзе 2025 года. У агульных статыстычных звестках адсутнічае інфармацыя аб прысудах, вынесеных паводле палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Але асобна апублікаваная статыстыка крымінальнага пераследу непаўнагадовых, звярнула ўвагу «Гомельская Вясна».

Згодна з інфармацыяй, пашыранай Вярхоўным судом, цягам першых шасці месяцаў 2025 года паводле палітычных артыкулаў 15 абвінаваўчых прысудаў былі вынесеныя датычна дзяцей.
Сярод асноўных матываў крымінальнага пераследу пераважае ўдзел у пратэсных акцыях 2020 года (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса, арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). З такой падставы ў першай палове 2025 года розныя суды Беларусі пакаралі 9 дзяцей.
Двое непаўнагадовых былі асуджаныя за абразу Лукашэнкі паводле артыкула 368 КК, двое былі пакараныя паводле артыкула 370 КК за знявагу сімвалаў дзейнага дзяржаўнага апарату. Яшчэ двое рэпрэсаваныя за ажыццяўленне права на свабоду асацыяцыяў – іх пакаралі за нібыта «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» паводле артыкула 361-4 КК.
Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1721 дзень, Дзяніс Івашын — 1601 дзень.
Стала вядома пра арышт папулярнай мастачкі Аксаны Шаляпінай за дапамогу палітвязням
Як паведамляе «Наша Ніва», на яе завялі крымінальную справу па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Аксане Шаляпінай 48 гадоў, яна мінчанка. Скончыла архітэктурны факультэт БНТУ, у 2000-2005 працавала архітэктарам у праектным інстытуце ў Мінску, пасля занялася дызайнам памяшканняў
З 2009 года Аксана захапілася маляваннем у тэхніцы алейнага жывапісу і ў найбольшай меры рэалізавала сябе менавіта ў гэтай сферы. Праз арт-каталогі прадаецца некалькі дзясяткаў карцін Шаляпінай, пераважна гэта пейзажы. Яшчэ каля 50 карцін пазначаныя як прададзеныя, самая дарагая каштавала 800 еўра.
Работы Шаляпінай знаходзяцца ў прыватных калекцыях ЗША, Германіі, Італіі і іншых краін.
У Беларусі +8 новых палітвязняў
Гэта Яўген Сарока, Уладзіслаў Браўэр, Аляксандр Апановіч, Дзмітрый Шахноў, Вадзім Жукоўскі, Валерый Жукаў, Віялета Вярбіцкая, Аляксандр Мазурын.
Даныя пакупнікоў упрыгожванняў брэнда Belaruskicry маглі патрапіць «у іншыя рукі»
Пра гэта брэнд напісаў на сваёй старонцы ў Instagram.
«Сябры, мы звяртаемся да вас з клопатам. У сувязі з апошнімі навінамі ў прызнанні Belaruskicry экстремісцкім фарміраваннем у Беларусі, у нас няма ўпэўненнасці, што даныя вашых мінулых замоў не трапілі ў іншыя рукі».
Нагадаем, Belaruskicry быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем» 24 ліпеня рашэннем КДБ.
Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго трапілі Telegram-каналы «Шытпост і воля» і «Видавництво Ӯтопія», старонка ў Facebook «Елена Янушковская», старонка ў Instagram «pressclubbelarus», а таксама старонка ў TikTok «president_sveta_».
Віцебскі абласны суд адхіліў апеляцыйную скаргу ксяндза Анджэя Юхневіча
Апеляцыйную скаргу каталіцкага святара, былога пробашча санктуарыя ў Шуміліне айца Анджэя Юхневіча, асуджанага да 13-ці год зняволення, Віцебскі абласны суд разглядаў 29 ліпеня. Паводле звестак вернікаў, суд у Віцебску «прайшоў гэтак жа, як у Шуміліне: усе аргументы неабгрунтавана адхілялі і проста пацвердзілі ўсе рашэнні раённага суду».
«Жыхары Беларусі павінныя чытаць толькі дзяржкрыніцы» — Чамаданава
Беларусы не павінны давяраць інфармацыі з сацсетак і не абмяркоўваць яе нават на кухнях. Пра гэта заявіла старшыня палітычнай партыі «Белая Русь» Вольга Чамаданава, заўважыла Еўрарадыё.
На яе думку, жыхары Беларусі павінныя чытаць толькі дзяржкрыніцы:
«Любая інфармацыя, якую вы атрымліваеце з TikTok і іншых сацсетак, можа выявіцца недакладнай. У выпадку надзвычайнага здарэння трэба давяраць толькі тым органам, якія непасрэдна гэтым займаюцца. Міністэрства абароны і Следчы камітэт — гэта структуры, якія выязджаюць на месца здарэння і даюць каментары, магчымыя зыходзячы ca становішча».