«Шаптухі». Бог спачатку стварыў туман, потым Падляшша, а потым астатні сьвет
Улетку 2025 году выдавецтва «Тэхналёгія» падрыхтавала нам цікавы пераклад з славацкай мовы — раман «Шаптухі». Гэта містычна-псыхалягічная паганская фрэска сучаснага Падляшша. А яшчэ гэта тонкі псыхалягічны, адначасова настальгійны, але і досыць аптымістычны, з шматлікімі нечаканымі выйсьцямі і ўцёкамі ў будучыню тэкст славацкай пісьменьніцы Алены Сабухавай.

Фота: tn.by
Падляшша і так мае чароўны вобраз у вачох як беларусаў, так і палякаў, але ж беларуска-польскі сьвет заірдзеў іншым колерамі і пахамі пад пяром замежніцы, якая таксама трапіла пад чары гэтага містычнага закутку.
Пратаганісткамі кнігі зьяўляюцца шаптухі, а яшчэ хоць і зусім рэдка шаптуны, якіх шмат, ці ня ў кожнай вёсцы, асабліва ў Падляшшы, да якіх едуць па дапамогу з усяе Польшчы, а таксама з замежжа насупор забаронам мясцовых бацюшак і ксяндзоў, у піку прагрэсу, мэдыцыне і нібыта рацыяналізму заходніх грамадзтваў. Проста таму, што так было тут заўжды…проста таму, што часта дапамагае толькі шэпт.
У кнізе паўстае край, дзе сумныя думкі перакідваюцца ў туман, дзе ўдовы рэгулярна сустракаюцца з памерлымі мужамі і вядуць гвалтоўна перарваны сьмерцю дыялёг далей, дзе жанчыны вядуць рэй, а нягеглыя мужчыны толькі казыраюць сваёй маскуліннасьцю і нібыта перавагай. Дзе шэпт чуецца паўсюль у лесе і нават у снох.
А яшчэ гэта гісторыя пяшчотнага, захапляльнага, але і журботнага сяброўства, якое зьнітавала дзьвюх падляскіх падлеціцаў — Аліну і Дароту.
За свой раман «Шаптухі» славацкая пісьменніца Алена Сабухава атрымала прэмію Anasoft Litera 2020 году.
Здаўна не трапляліся мне такія арганічныя містычныя ці нават хутчэй фантасмагарычныя жыцьцядайныя гісторыі, дзякуючы як несумненнаму таленту пісьменьніцы, так і чароўнаму космасу Падляшша.