Уіткаф у Крамлі. Ці пагодзіцца Расія на спыненне агню ва Украіне?
Візіт спецпрадстаўніка Дональда Трампа Стыва Уіткафа ў Маскву дае апошні шанец для здзелкі па спыненні санкцый, нават калі шанцы на поспех невялікія. Расія можа прапанаваць не мір, а альтэрнатыўныя варыянты наўзамен на неўвядзенне санкцый, лічаць сусветныя СМІ. Сёння ўвечары запланаваны зварот Дональда Трампа з Белага дому. Ідзе 1260-ты дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 143 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы за 6 жніўня.
Па-ранейшаму больш за тьраціну атак — 52 — зафіксавана на Пакроўскім кірунку ў раёнах Пакроўска, Папова Яру, Уладзіміраўкі, Байкоўкі, Суворава, Котліна, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Мікалаеўкі, Радзінскага, Сухецкага, Дачнага, Луча, Лісоўкі, Зверава, Удалага і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 23 разы, спрабуючы прасунуцца паблізу Альгоўкі, Новага Свету, Глушчанкавага, Торскага, Серабранкі, Грыгароўкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 16 штурмаў у раёнах Паддубнага, Васкрасенкі, Шаўчэнка, Зялёнага Гаю, Зялёнага Поля, Новадараўкі і іншых.
На Паўночна–Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 13 атак расійцаў.
* * *
Сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць расійскія войскі вакол Пакроўска-Мірнаградскай агламерацыі. Інфармацыя пра акружэнне ўкраінскіх войскаў у Пакроўску не адпавядае рэчаіснасці, паведаміў Генеральны штаб УСУ.
«Вораг ужо больш за год дарэмна спрабуе выцесніць нашы войскі з гэтага раёна. Некаторыя рэсурсы распаўсюджваюць інфармацыю пра нібыта акружэнне нашых падраздзяленняў у Пакроўску. Яна абсалютна не адпавядае рэчаіснасці», — гаворыцца ў паведамленні.
У Генштабе адзначылі, што войска РФ праводзіць наступальныя дзеянні на паўночны ўсход ад Пакроўска, прадпрымае спробы перарэзаць лагістыку ўкраінскіх войскаў. Аднак, нягледзячы на значныя намаганні і бесперапынныя штурмы, расійцы поспеху не маюць.
* * *
Уначы 6 жніўня расійцы атакавалі Украіну 45 ударнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў, 36 дронаў атрымалася абясшкодзіць, паведамляюць Паветраныя сілы Украіны.
Два чалавекі загінулі і яшчэ 12, сярод якіх дзеці, атрымалі раненні ў выніку расійскага ўдару па Запарожскім раёне пад раніцу 6 жніўня — расійцы атакавалі базу адпачынку.
У сераду раніцай беспілотнікі атакавалі Бранск у Расіі. Жыхары паведамлялі пра шматлікія выбухі ў небе і актыўную працу СПА.
Вядома, што ў вобласці знаходзіцца наліўны пункт «Бранск» нафтаправода «Дружба» для прыёму, захоўвання, размеркавання і адгрузкі дызельнага паліва на аўтацыстэрны і чыгуначны транспарт. Ён актыўна выкарыстоўваецца для забеспячэння арміі Расіі.
* * *

* * *
Прэс-сакратарка Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Тэмі Брус заявіла, што Данія, Нарвегія, Швецыя і Нідэрланды прафінансуюць пастаўкі амерыканскага ўзбраення для Украіны на суму больш за 1 мільярд долараў.
Па словах Брус, Данія, Нарвегія і Швецыя абвясцілі аб рашэнні прафінансаваць дадатковы пакет амерыканскай зброі для Украіны на суму 500 мільёнаў долараў. Днём раней Нідэрланды паведамілі, што аплацяць пастаўку першага пакета амерыканскай зброі і боепрыпасаў, уключаючы ракеты для сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot, коштам больш за 500 мільёнаў долараў.
«Разам гэтыя пастаўкі складаюць больш за 1 мільярд долараў у выглядзе высокатэхналагічнага амерыканскага абсталявання, якое, як адзначыў амбасадар Вітакер, дазволіць Украіне абараняць крытычную інфраструктуру і жыццё грамадзянскага насельніцтва, а таксама трымацца на поле бою, пакуль не будзе дасягнута ўстойлівае спыненне агню», — заявіла яна.
* * *
Адміністрацыя Дональда Трампа разглядае магчымасць увядзення новых эканамічных санкцый супраць расійскага «ценявога флоту» нафтавых танкераў, калі Пуцін не пагодзіцца на спыненне агню ва Украіне да 8 жніўня, піша Financial Times са спасылкай на некалькіх інфармаваных суразмоўцаў у Белым доме.
Паводле звестак выдання, новыя санкцыі разглядаюцца як першы крок у стратэгіі ўзмоцненага ціску на Крэмль. Прэзідэнт Трамп, які раней устрымліваўся ад жорсткіх дзеянняў, цяпер высунуў Пуціну ўльтыматум: альбо ён пагодзіцца заключыць мірнае пагадненне да пятніцы, альбо сутыкнецца з жорсткімі санкцыямі.
«Згодна з дзейным санкцыйным рэжымам, звязаным з Захадам кампаніям забаронена купляць нафту, якая транспартуецца па моры, па цане, якая перавышае ўстаноўлены "вялікай сямёркай" мяжу ў $60 за барэль. Ценявы флот дазволіў Расіі пастаўляць нафту коштамі вышэй за гэты парог — пераважна ў Кітай і Індыю.
У пачатку 2024 года чыноўнікі адміністрацыі Байдэна са здзіўленнем зразумелі, што ўнясенне ў спіс асобных судоў, а не іх уладальнікаў ці менеджараў, аказалася эфектыўным: пакупнікі расійскай нафты не жадалі мець справу з судамі, якія былі ў ім. У выніку ЕС і Вялікабрытанія перанялі гэтую практыку», — адзначае выданне.
«Прэзідэнт выразна даў зразумець: калі Пуцін не пагодзіцца завяршыць вайну — будуць балючыя санкцыі», — заявіла намесніца прэс-сакратара Белага дома Ганна Кэлі.
* * *
Дзяржаўны дэпартамент ЗША ўхваліў продаж Украіне абсталявання і сэрвісу для гаўбіц M777, паведамілі ў Агенцтве па супрацоўніцтве ў сферы абароны і бяспекі. Арыенціровачны агульны кошт складае 104 млн долараў.
ЗША пачалі перадаваць Украіне гаўбіцы M777 у першыя месяцы поўнамаштабнага расійскага ўварвання, і зброя паказала на фронце высокую дакладнасць.
* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін сустрэўся са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам, паведаміла прэс-служба Крамля. На перамовах прысутнічаюць памочнік прэзідэнта Юрый Ушакоў і кіраўнік Расійскага фонду прамых інвестыцый (РФПІ), спецпрадстаўнік Пуціна па эканамічным супрацоўніцтве з замежнымі краінамі Кірыл Дзмітрыеў.
Гэта ўжо пяты візіт Віткафа ў Расею з пачатку года. Апошні раз ён прыязджаў 25 красавіка. Кожны раз ён сустракаўся з Пуціным.
Напярэдадні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прыме рашэнне аб санкцыях супраць РФ пасля візіту Уіткафа ў Маскву.
* * *
Паводле інфармацыі Bloomberg, Крэмль можа прапанаваць Уіткафу «паветранае перамір'е» — часовае спыненне атак дронамі і ракетамі. Гэта, верагодна, спроба Пуціна пазбегнуць новай хвалі санкцый, працягваючы пры гэтым вайну супраць Украіны.
На думку выдання, візіт Уіткафа ў Маскву «дае апошні шанец для ўгоды з Трампам, нават калі шанцы на поспех невялікія», аднак мэты Пуціна ў вайне супраць Украіны не змяніліся і на поўнае спыненне агню Расія дагэтуль не згаджаецца.
Reuters таксама піша, што кіраўнік Крамля наўрад ці пагодзіцца пайсці на саступкі, таму што настроены цалкам захапіць чатыры вобласці Украіны.
Крыніцы Financial Times адзначаюць, што ў выпадку правалу перамоваў, Трамп плануе сур'ёзна ўзмацніць ціск на Крэмль. У Белым доме прама заявілі: «Калі Уіткаф вернецца без канкрэтных вынікаў — Трамп будзе раз'юшаны».
На думку прэзідэнта ЗША, калі сусветныя кошты нафты ўпадуць яшчэ на 10 долараў за барэль, гэта ўдарыць па эканоміцы РФ настолькі, што Пуцін «перастане забіваць людзей» ва Украіне. Акрамя таго, ён ужо прыгразіў Індыі, што ў выпадку далейшых закупак расійскай нафты мытныя тарыфы супраць яе будуць істотна падвышаныя. У цяперашні час ЗША ўжо ўвялі 25% пошліны супраць Індыі.
Не выключана, што пра сваё рашэнне Трамп скажа ў заяве ўжо сёння, у 23: 30 па Мінску. Белы дом анансаваў выступ прэзідэнта ЗША з Авальнага кабінета.