Украіна ўжо рыхтуецца да вучэнняў «Захад-2025», якія запланаваныя ў Беларусі на верасень

Пасля таго, як Лукашэнка дазволіў напасці Расіі на Украіну з тэрыторыі Беларусі, ва Украіне з насцярожанасцю ставяцца да любой ваеннай актыўнасці на тэрыторыі РБ, і рыхтуюцца да яе загадзя. У той жа час Дональд Трамп рашуча настроены ўвесці санкцыі ў дачыненні да РФ, аднак яшчэ пакідае Расіі поле для манёўру. Ідзе 1255-ты дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

526956466_1103809331932144_104446985257611649_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 160 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 1 жніўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 47 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Палтаўкі, Маяка, Разіна, Міралюбаўкі, Лысоўкі, Зверава, Котліна, Удалага, Мураўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 30 разоў, спрабуючы ўклініцца ў абарону УСУ паблізу Карпаўкі, Рэдкадубу, Мірнага і ў бок Шандрыгалава, Рыгораўкі.

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 23 атакі ў раёнах Запарожжа, Ялты, Зоркі, Паддубнага, Мірнага, Шаўчэнка, Вольнага Поля, Навасёлкі, Новаполю.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 16 атак расійцаў.  

* * *

Украінскія вайскоўцы прасунуліся ва ўсходняй частцы Запарожскай вобласці, расійскія войскі прасоўваюцца ў Часавым Яры і Тарэцку, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 31 ліпеня, сведчаць, што сілы абароны Украіны аднавілі кантроль над Цеміраўкай на паўночны ўсход ад Гуляйполя на ўсходзе Запарожскай вобласці.

Акрамя гэтага некалькі прасоўванняў украінскай арміі зафіксавана на Ліманскім кірунку, а менавіта на поўдзень ад Дзібровы — на ўсход ад Лімана.

У той жа час геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 31 ліпеня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на поўдзень ад Зялёнай Даліны (на паўночны ўсход ад Лімана) і ў паўднёвым Торску (на ўсход ад Лімана).

Таксама УСУ нядаўна прасунуліся ў напрамку Вялікаміхайлаўкі ў Днепрапятроўскай вобласці. Вядома, што сілы абароны Украіны аднавілі кантроль над Маліеўкай на паўднёвы ўсход ад Вялікаміхайлаўкі.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 30 ліпеня, сведчаць, што расійскія войскі нядаўна захапілі Аляксандра-Калінава (на паўночны захад ад Тарэцка).

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 30 ліпеня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся ў цэнтр Пакроўска з поўдня, верагодна, падчас абмежаваных дыверсійных і разведвальных місій. ISW назіраў расійскія заявы аб расійскіх дыверсійна-разведвальных групах, якія прасоўваліся ў Пакроўску 25 і 30 ліпеня, але адзін з расійскіх мілітарысцкіх блогераў раскрытыкаваў 30 ліпеня расійскія крыніцы за перабольшанне прысутнасці і характару расійскіх груп, якія дзейнічаюць у Пакроўску. Гэта паказвае, што расійскія войскі, верагодна, не маюць устойлівых пазіцый у Пакроўску.

Геалакаваныя кадры, апублікаваныя 31 ліпеня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна паднялі сцягі ў заходняй і паўднёвай частках Часавага Яру, і паказваюць, што расійскія войскі, верагодна, захапілі большую частку населенага пункта. Аднак ISW пакуль не бачыў геалакаваных кадраў, якія дэманструюць дзеянні расійскіх войскаў на заходняй ускраіне горада, і для завяршэння захопу расійскім войскам давядзецца выцесніць украінскія войскі з пазіцый на гэтай ускраіне.

* * *

У ноч на 1 жніўня расійцы абстралялі Запарожскі раён, ударыўшы па жылых дамах. У выніку траплення ў прыватны дом загінуў 63-гадовы мужчына. Яшчэ трое чалавек атрымалі раненні.

Расійскае войска ўначы нанесла дронавы ўдар па грамадзянскім прамысловым прадпрыемстве ў Балаклеі Харкаўскай вобласці. Пацярпелых няма.

У Белай Царкве Кіеўскай вобласці ў ноч на 1 жніўня ў выніку расійскай атакі ўспыхнулі маштабныя пажары на прадпрыемствах. Абышлося без ахвяр.

Два чалавекі пацярпелі, пашкоджаныя фермерскія гаспадаркі, навучальная ўстанова, інфраструктура, прыватныя дамы і аўтамабілі ў выніку расійскіх удараў па Днепрапятроўскай вобласці ўначы 1 жніўня.

Колькасць загінулых у выніку атакі на Кіеў у ноч на 31 ліпеня ўзрасла да 27, з іх 3 дзіцяці. Яшчэ 159 чалавек атрымалі раненні, з іх-16 дзяцей, паведаміў спікер ДСНС Украіны Аляксандр Харунжы. Нагадаем, у выніку атакі, сярод іншага, ракета трапіла ў жылы 9-павярховы дом, цалкам разбурыўшы пад'езд.

Пошукава-выратавальная аперацыя працягваецца. На дадзены момант ратавальнікі разабралі 70% разбураных канструкцый будынка.

* * *

526846839_1104052818574462_5982514725201346730_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў папярэдзіў Уладзіміра Пуціна пра санкцыі, калі да 8 жніўня не будзе дасягнутае пагадненне аб заканчэнні вайны ва Украіне.

Каментуючы наступствы масіраванага ўдару Расіі па Кіеве ў ноч на 31 ліпеня, Трамп заявіў: «Тое, што робіць Расія, — агідна».

Трамп таксама адзначыў, што не ўпэўнены, што санкцыі здольныя стрымаць Пуціна, але ЗША ўсё роўна прыменяць іх. «Мы збіраемся ўвесці санкцыі — не ведаю, ці турбуюць яго (Пуціна) санкцыі. Яны ведаюць пра санкцыі. Я ведаю больш за ўсіх пра санкцыі і тарыфы. Не ведаю, ці будзе гэта мець эфект, але мы гэта зробім», — адзначыў прэзідэнт ЗША.

Падчас выступу прэзідэнт ЗША пацвердзіў, што яго спецпасланнік па Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф адправіцца з дыпламатычнай місіяй у Маскву — адразу ж пасля завяршэння свайго візіту ў Ізраіль.

* * *

Амерыканскія чыноўнікі нядаўна кантактавалі з прадстаўнікамі Расіі і абмеркавалі пытанні вайны РФ супраць Украіны, заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё ў інтэрв'ю Fox News Radio.

«Мы працягваем кантакты з расійскім бокам — літаральна на гэтым тыдні, у панядзелак ці аўторак, у нас была размова. Не з Пуціным, а з некаторымі яго набліжанымі, з надзеяй дасягнуць нейкага разумення на шляху да міру. Але мы не бачым прагрэсу», — распавёў дзяржсакратар.

Больш за ўсё Трампа хвалюе, калі ён пасля «выдатных тэлефонных размоў» з Пуціным уключае навіны і бачыць, што Расія разбамбіла чарговы ўкраінскі горад далёка ад лініі фронту. «Таму ў нейкі момант яму давядзецца прыняць рашэнне: ці варта далей спрабаваць дамаўляцца аб перамір'і, калі адзін з бакоў у ім не зацікаўлены», — патлумачыў Рубіё.

У адміністрацыі Трампа спадзяюцца пазбегнуць увядзення санкцый супраць Расіі і знайсці шлях да спынення баявых дзеянняў, але Трамп «не мае намеру чакаць вечна», падкрэсліў Рубіе.

* * *

Камітэт асігнаванняў Сената ЗША ўхваліў праект бюджэту абаронных выдаткаў на 2026 фінансавы год, у якім прадугледжаны 1 мільярд долараў падтрымкі для Украіны, — насуперак заклікам адміністрацыі Дональда Трампа выключыць гэтае фінансаванне з бюджэту.

«Не толькі папярэдняя адміністрацыя, але і гэтая недаацанілі ўзровень выклікаў, з якімі мы сутыкаемся», — лічыць старшыня фракцыі Рэспубліканскай партыі ў Сенаце Мітч Макконэл, паведамляе Reuters.

Законапраект прадугледжвае $800 млн на ініцыятыву садзейнічання бяспецы Украіны (USAI) і $225 млн на Балтыйскую ініцыятыву бяспекі (BSI), значная частка з якіх у выніку накіроўваецца на падтрымку Украіны ў вайне супраць расійскага ўварвання.

Каб законапраект стаў дзейным законам, яго павінен ухваліць поўны склад Сената, пасля чаго ён павінен быць узгоднены Палатай прадстаўнікоў. Далей дакумент паступіць на подпіс у Белы дом, дзе Трамп альбо падпіша яго, альбо накладзе на яго вета.

* * *

Украіна вядзе самыя маштабныя будаўнічыя работы ў стварэнні абарончых збудаванняў за ўвесь час расійскага ўварвання, піша The Wall Street Journal.

Як піша выданне, цяпер украінская армія цяпер робіць стаўку на хуткую пабудову супрацьтанкавых равоў і калючага дроту на ўсходзе. «Войска, якое капае глыбей, — гэта войска, якое выжывае», — распавёў журналістам вайсковы інжынер Алег, які адказны за амаль 300 кіламетраў абарончых ліній у рамках маштабнага праекта.

Wall Street Journal адзначае, што сучасныя абарончыя збудаванні эвалюцыянуюць разам з вайной. Напрыклад, траншэі абсталёўваюць каманднымі пунктамі для аператараў беспілотнікаў, а некаторыя традыцыйныя канструкцыі, такія як назіральныя пункты, страцілі эфектыўнасць.

* * *

Цяпер на тэрыторыі Беларусі няма ўдарных груповак, якія б пагражалі Украіне, паведаміў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка ў эфіры ўкраінскага нацыянальнага тэлемарафона.

Адказваючы на пытанне адносна вучэнняў Беларусі і Расіі Дземчанка запэўніў, што Украіна сочыць за тым, што павінна адбыцца на тэрыторыі суседняй краіны.

«Трэба разумець, што ў цэлым, як і раней, нягледзячы на актыўную або неактыўную фазу, накіраванне мяжы з Беларуссю для нас застаецца пагрозлівым. Таму мы працягваем нарошчваць нашы абарончыя магчымасці па лініі мяжы», — распавёў Дземчанка.

Аднак, калі казаць пра актыўную фазу гэтых вучэнняў, то пагроза для Украіны ў гэты перыяд будзе расці. Але гэта задача выведкі — адсачыць, якую колькасць сваіх сіл Расія зможа прыцягнуць да гэтых вучэнняў на тэрыторыі Беларусі.

«Нельга выключаць, нават нягледзячы на тое, калі гэта будзе невялікая колькасць (гэтых сіл), што не будуць здзяйсняцца нейкія правакацыі ў кірунку нашай мяжы, або іншыя нейкія дзеянні», — заявіў спікер.

Сумесныя вайсковыя вучэнні Расіі і Беларусі «Захад-2025» запланаваныя на сярэдзіну верасня. У Маскве сцвярджаюць, што манеўры будуць насіць выключна абарончы характар і накіраваныя на адказ на магчымую агрэсію супраць так званай Саюзнай дзяржавы.