DeepState: Расійскія войскі знізілі інтэнсіўнасць штурмавых дзеянняў ва Украіне

Падобна на тое, што чарговы «летні наступ» Расіі на Украіну прывёў хіба да знясілення расійскіх войскаў, не даўшы ніякіх моцных поспехаў. Тым не менш, Расія працягвае штурмы, часам вельмі стратныя. А некаторыя хаўруснікі РФ ужо «пераабуваюцца», не чакаючы ўвядзення ў дзеянне санкцый з боку ЗША. Ідзе 1258-мы дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

526977957_1105969748382769_3310527041036678771_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 183 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 4 жніўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 49 атак расіян у раёнах Папова Яру, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Зверава, Котліна, Удалага, Арэхавага і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 29 разоў, спрабуючы рушыць паблізу Карпаўкі, Альгоўкі, Рэдкадуба, Торскага, Грыгараўкі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 22 штурмы ў раёнах Запарожжа, Васкрасенкі, Зялёнага Поля, Мірнага, Маліеўкі, Тэміраўкі, Новаполю і іншых

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 19 атак расійцаў. 

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 13 атак у раёнах Русінага Яру, Шчарбінаўкі, Тарэцка, Кацярынаўкі і ў бок Аляксандра-Калінавага.

На Купянскім кірунку зафіксавана дзевяць атак расіян. На Паўднёва-Слабажанскім і Краматорскім кірунках адбылося па восем боесутыкненняў на кожным.

* * *

Расійская армія, імаверна, мела прасоўванне на Ліманскім кірунку і непадалёк Пакроўска, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Паводле звестак ISW, геалакацыйныя кадры апублікаваныя 2 жніўня, паказваюць, як падраздзяленні расійскіх войскаў падымаюць расійскі сцяг у паўднёвым Торску (на ўсход ад Лімана), што паказвае на нядаўняе прасоўванне расійскіх войскаў у гэтым раёне. У той жа час расійскія вайсковыя блогеры заявілі, што ўкраінскія сілы контратакавалі і прасунуліся ў цэнтральным Рэдкадубе (на поўнач ад Лімана), але дакументальных пацвярджэнняў гэтаму няма.

На Пакроўскім кірунку геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 3 жніўня, паказваюць, як расійскія войскі падымаюць сцяг у цэнтры Новаўкраінкі (на поўдзень ад Пакроўска), што паказвае, што яны нядаўна захапілі паселішча.

Расійскі вайсковы блогер заявіў, што ўкраінскія сілы адкінулі расійскія войскі ў раёне Уладзіміраўкі (на паўночны ўсход ад Пакроўска), але без пацвярджэнняў.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 3 жніўня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўночны ўсход ад Новаўкраінкі (паўднёвы ўсход ад Новапаўлаўкі).

Галоўнае ўпраўленне вайсковай выведкі Украіны (ГУР) паведаміла 3 жніўня, што расійскія войскі робяць фатаграфіі ў незахопленых населеных пунктах, у тым ліку ў Зялёным Гаі (на паўднёвы захад ад Новапаўлаўкі), каб ілжыва паведаміць расійскаму камандаванню аб прасоўванні расійскіх войскаў.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 2 жніўня, паказваюць, што ўкраінскія войскі нядаўна прасунуліся ў паўднёвым кірунку Плыўняў (на захад ад Арэхава) на захадзе Запарожскай вобласці.

* * *

Расійскія войскі ў другой палове ліпеня знізілі інтэнсіўнасць штурмавых дзеянняў. Па падліках аналітычнага праекта DeepState, у пачатку ліпеня расійская армія праводзіла каля 186 штурмаў у суткі, а да канца месяца гэты паказчык паменшыўся да 171. За першыя два дні жніўня колькасць штурмавых дзеянняў скарацілася да 155 у суткі.

Аналітыкі DeepState тлумачаць гэта няздольнасцю арміі РФ доўгі час падтрымліваць стабільную інтэнсіўнасць баявых дзеянняў, аднак адзначаюць, што ўзровень актыўнасці войскаў РФ застаецца высокім.

Таксама прыкметна змяніўся характар баявых дзеянняў. Расійцы часцей звяртаюцца да атак невялікімі групамі з 2-3 чалавекі, у адрозненне ад леташніх масіраваных штурмаў групамі да 50 чалавек. Таксама расійскія войскі ўсё часцей выкарыстоўваюць тактыку ўтоеных перасоўванняў пад маскіроўкай на працягу некалькіх гадзін або нават сутак, каб дабрацца да ўкраінскіх пазіцый.

Аналітыкі дадаюць, што не варта забываць пра дзеянні дзеля прапаганды: спробах захопу тэрыторый выключна для стварэння медыйнага эфекту, нягледзячы на велізарныя страты.

* * *

Расія рыхтуе Данецкі аэрапорт для атак «Шахедамі», піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) са спасылкай на звесткі OSINT-групы CyberBoroshno.

CyberBoroshno прадставіла спадарожнікавыя здымкі аэрапорта на поўначы акупаванага Данецка ад ліпеня 2025 года. На здымках відаць, што расійцы часткова ачысцілі ўзлётна-пасадачную паласу Данецкага аэрапорта ад умацаванняў і пачалі будаўнічыя працы.

Расійцы будуюць закрытыя складскія памяшканні каля разбуранага тэрмінала аэрапорта, рыхтуюць пункты ручнога кіравання беспілотнікамі, зоны выгрузкі боегаловак, пункты назірання за паветранай прасторай і ўзлётна-пасадачную паласу. Імаверна, інфраструктуру ў аэрапорце рыхтуюць для запуску ўдарных беспілотнікаў тыпу «Шахед», дронаў тыпу «Гербера» і, магчыма, рэактыўных беспілотнікаў «Герань-3».

Размяшчэнне стартавых пляцовак для «Шахедаў» бліжэй да лініі фронту скароціць час рэакцыі на іх украінскай супрацьпаветранай абароны, адзначаюць у ISW.

«Расійскія войскі запускаюць ударныя БПЛА вялікай далёкасці з акупаванай тэрыторыі Украіны, і далейшае яе выкарыстанне для такіх удараў будзе прадстаўляць усё большую пагрозу для Украіны і дзяржаў-чальцоў NATO, калі Расія працягне акупаваць украінскую тэрыторыю», — мяркуюць аналітыкі.

* * *

У ноч на 4 жніўня Расія атакавала Украіну 162 ударнымі беспілотнікамі тыпу Shahed, дронамі іншых тыпаў і аэрабалістычнай ракетай Кінжал. Супрацьпаветранай абаронай збіты/задушаны 161 варожы БПЛА тыпу Shahed і дроны іншых тыпаў.

Расійская армія ў ноч на панядзелак, 4 жніўня, дронамі атакавала Адэсу і Адэскую вобласць. Найбольшым разбурэнням падвергнулася тэрыторыя радыёрынку — агонь знішчыў дзясяткі гандлёвых павільёнаў, дзе знаходзілася электроніка і бытавая тэхніка. Таксама маштабны пажар ліквідаваны ў несапраўдным інтэрнаце. Загінулых і пацярпелых няма.

Раніцай 4 жніўня, у Хмяльніцкай вобласці прагрымелі выбухі на фоне маштабнай паветранай трывогі з-за ракетнай пагрозы.

Паводле інфармацыі Паветраных сіл УСУ, была зафіксавана хуткасная паветраная мэта, — верагодна, ракета Кінжал — якая рухалася ў кірунку Стараканстанцінава. У Стараканстанцінаве Хмяльніцкай вобласці размешчана ўкраінская авіябаза.

У Расіі заявілі нібыта пра атаку «на транспартна-энергетычныя аб'екты» Валгаградскай вобласці, у прыватнасці, у горадзе Фралова гарыць чыгуначная станцыя.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пацвердзіў, што дзве атамныя падводныя лодкі ўжо знаходзяцца ў рэгіёне паблізу Расіі. «Яны ў рэгіёне, так, там, дзе ім і месца», — сказаў Трамп, адказваючы на пытанне, ці разгорнутыя ўжо амерыканскія атамныя падводныя лодкі.

Гаворка ідзе пра атамныя субмарыны, загад аб перакідцы якіх быў аддадзены праз публічныя заявы намесніка старшыні Рады бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева, які прыгразіў ЗША ядзернай вайной.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас размовы з журналістамі заявіў, што Расія можа пазбегнуць санкцый, калі заключыць мірнае пагадненне з Украінай.

Трамп заявіў, што ключ да зняцця санкцый ляжыць у дасягненні мірнага пагаднення, якое пакладзе канец стратам з абодвух бакоў. «Так, заключыце пагадненне, па якім людзі перастануць гінуць. Толькі што з'явіліся звесткі аб велізарнай колькасці забітых расійскіх жаўнераў. Гэтак жа і ва Украіне — меншая лічба, але ўсё роўна тысячы і тысячы людзей. А цяпер мы дадаем гарады, дзе іх дзівяць ракеты. Таму ў гэтай бессэнсоўнай вайне гіне шмат людзей», — заявіў прэзідэнт ЗША.

Таксама Трамп назваў дату візіту ў Расію свайго прадстаўніка Стыва Уіткафа. «Ён, магчыма, паедзе, я думаю, на наступным тыдні, у сераду або чацвер (6-7 жніўня) у Расію. Яны хацелі б яго ўбачыць. Яны папрасілі, каб ён сустрэўся з імі. Таму паглядзім, што будзе», — заявіў Трамп.

* * *

Адзін з самых уплывовых памочнікаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, намеснік кіраўніка адміністрацыі Белага дома Стывен Мілер абвінаваціў Індыю ў фактычным фінансаванні вайны Расіі ва Украіне шляхам закупкі нафты ў Масквы.

У эфіры праграмы Sunday Morning Futures на канале Fox News Мілер заявіў: «Ён (Трамп) вельмі выразна сказаў, што для Індыі непрымальна працягваць фінансаваць гэтую вайну шляхам закупкі нафты ў Расіі... Людзі будуць шакаваныя, даведаўшыся, што Індыя практычна нароўні з Кітаем закупляе расійскую нафту. Гэта дзіўны факт».

Адзначаецца, што крытыка Мілера была адной з самых жорсткіх з боку адміністрацыі Трампа ў дачыненні да аднаго з асноўных партнёраў ЗША ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.

* * *

Найбуйнейшы нафтаперапрацоўшчык Індыі Indian Oil Corporation закупіў 7 млн барэляў нафты з пастаўкай у верасні ў ЗША, Канадзе і ААЭ. Гэта звязана са скарачэннем закупак расійскай нафты праз санкцыі, піша Reuters.

Indian Oil Corporation набыла 4,5 млн барэляў амерыканскай нафты, 500 тысяч барэляў канадскай Western Canadian Select і 2 млн барэляў нафты Das, якая здабываецца ў Абу-Дабі.

Як удакладнілі крыніцы, высокія аб'ёмы закупак звязаныя з частковай заменай паставак з Расіі. Індыя застаецца найбуйнейшым пакупніком расійскай нафты, якая перавозіцца морам. Аднак у апошнія тыдні дзяржаўныя НПЗ краіны, уключаючы IOC, HPCL, BPCL і MRPL, прыпынілі закупкі нафты з Расіі. Прычына — звужэнне цэнавай розніцы і геапалітычны ціск.

* * *

Турцыя не можа ўважаць Расію за стратэгічнага хаўрусніка, бо ў выпадку паразы Украіны наступнай пад пагрозай будзе яна сама, заявіў амбасадар Украіны ў Турцыі Нарыман Джэлял у інтэрв'ю РБК-Украіна.

Са слоў украінскага амбасадара, гістарычна Расія імкнулася кантраляваць пралівы Басфор і Дарданэлы, каб выйсці да Міжземнага мора. «З Расіяй можна гандляваць, але не можа быць стратэгічнага партнёрства, якое б абараняла інтарэсы Турцыі. Калі Расія расправіцца з Украінай, наступнымі будуць Каўказ і, магчыма, сама Турцыя», — растлумачыў Джэлял.

Па словах пасла, усё больш турэцкіх палітыкаў ўсведамляюць гэтыя рызыкі, таму Украіна не павінна патрабаваць ад Анкары адкрытай падтрымкі — Турцыя перш за ўсё дзейнічае ва ўласных інтарэсах. «Калі Турэцкі палітык сумленны і аб'ектыўны, ён абавязкова прыйдзе да высновы, што ў глабальным вымярэнні інтарэсы Турцыі, асабліва ў дачыненні да бяспекі ў Чорным моры, — гэта цесныя партнёрскія адносіны з Украінай», — рэзюмаваў Джэлял.