Санкцый Трампа пакуль няма. Ці ёсць у Пуціна рэальныя прапановы па міру ва Украіне?
Пакуль незразумела, што прапанаваў Пуцін Уіткафу, і пра што будуць размаўляць Дональд Трамп і кіраўнік Расіі. СМІ варожаць на гэты конт. У той жа час сёння заканчваецца тэрмін «ультыматуму Трампа», але пра ўвядзенне санкцый супраць Расіі нічога не чуваць. Пуцін ізноў абдурыў кіраўінка ЗША? Ідзе 1262-гі дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 147 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 жніўня.
На Пакроўскім кірунку падраздзяленні УСУ спынілі 42 штурмавых і наступальных дзеяння расіян ў раёнах Палтаўкі, Байкоўкі, Мікалаеўкі, Новаэканамічнага, Радзінскага, Сухецкага, Лісоўкі, Запаведнага, Зверава, Котліна, Удалага і іншых.
На Ліманскім кірунку войскі РФ атакавалі 25 разоў, спрабуючы рушыць у раёнах Зялёнай Даліны, Карпаўкі, Ямпалоўкі, Студні, Торскага, а таксама ў бок Серабранкі, Грыгароўкі і Альгоўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы 15 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў раёнах Філіялу, Талстога, Зялёнага Поля, Свабоднага Поля, Воскресенкі і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі адбылося 11 боесутыкненняў.
На Тарэцкім і Купянскім кірунках ўкраінскія абаронцы адбілі 10 па атак арміі РФ на кожным.
На Паўднёва-Слабажанскім і Краматорскім кірунках зафіксавана па пяць боесутыкненняў на кожным.
* * *
Выкарыстанне дронаў дазваляе расійскім войскам прасоўвацца ў лясістай мясцовасці ў кірунку Лімана і Северска. Раней РФ там мела цяжкасці з правядзеннем аперацый, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Паводле звестак ISW, вясной гэтага года расійскія войскі палепшылі сваю здольнасць перакрываць украінскія лініі забеспячэння ў лясістай мясцовасці. У прыватнасці, гаворка ідзе пра Серабранскі лес у кірунку Лімана і Северска.
«Расійскія оптавалакновыя БПЛА ўсё часцей пазбаўляюць украінскія войскі магчымасці бяспечна перасоўвацца па лясных дарогах, якія раней былі абароненыя ад расійскіх дронаў FPV дзякуючы лясному покрыву», — гаворыцца ў справаздачы ISW.
У ISW адзначаюць, што расійцы таксама актыўна наносяць ракетныя ўдары па ўкраінскіх палігонах у блізкім тыле з дапамогай удасканаленых разведвальных БПЛА.
* * *
Аналітыкі DeepState паведамілі аб прасоўванні расійскіх войскаў у Серабранскім лесе і пранікненні ў тыл пазіцый абароны Украіны, што з'явілася вынікам пошуку расіянамі слабых месцаў ва ўкраінскай абароне.
УС РФ вядуць наступальныя дзеянні, выкарыстоўваючы пастаянны ціск на ўкраінскія пазіцыі. Гэта дазволіла ім пракрасціся ў тыл і паспрабаваць замацавацца, уступаючы ў бой нават з пілотамі дронаў. Па словах DeepState, сітуацыю ў рэгіёне спрабуюць стабілізаваць, але вялікая колькасць пяхоты дазваляе расійцам дамагчыся лакальных поспехаў.
Акрамя Серабранскага лесу, напружанай застаецца сітуацыя ў населеных пунктах Торскае і Зарэчнае. У Торскім праціўнік пастаянна спрабуе замацавацца, аднак Сілы абароны УКраіны зачышчаюць іх з дапамогай дронаў. Нягледзячы на гэта, вёска можа перайсці да «чырвонай» зоны праз нястомныя атакі расійскай пяхоты. Зарэчнае пакуль застаецца месцам аднаразовага заходу расійскіх салдат, адзначылі ў DeepState.
* * *
У ноч на 8 жніўня Расія атакавала Украіну 108 сродкамі паветранага нападу: 104-ма ўдарнымі БПЛА розных тыпаў, а таксама 8-ю хуткаснымі (рэактыўнымі) БПЛА. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 82 паветраныя мэты: 3 рэактыўных беспілотніка і 79 варожых БПЛА тыпу Shahed і дронаў іншых тыпаў.
У ноч на 8 жніўня расійскі беспілотнік трапіў па грамадзянскім прадпрыемстве ў Салтаўскім раёне Харкава, выклікаўшы пажар на плошчы 500 кв.м. Пацярпелі двое грамадзянскіх.
Уначы расійскія войскі атакавалі ўдарнымі беспілотнікамі Адэскі раён. Пашкоджана каналізацыйна-помпавая станцыя, раненні атрымаў ахоўнік аўтазаправачнай станцыі, дзе выбуховай хваляй выбіла шкло.
Расійцы атакавалі Сумскую вобласць ударнымі беспілотнікамі, у выніку чаго пацярпеў мужчына. У Шосткінскай суполцы ў выніку траплення трох БПЛА пашкоджаны некалькі шматпавярховак, аўтамабілі і аб'екты сацыяльнай сферы.
У ноч на 8 жніўня атакаваныя дронамі населеныя пункты Кіеўскай вобласці, у Бучы пашкоджаны 21 прыватны дом, 10 аўто і дзіцячы садок, пацярпелі тры чалавекі.
На досвітку 8 жніўня вайсковы аэрадром у Мілерава Растоўскай вобласці РФ падвергнуўся атацы ўкраінскіх беспілотнікаў. Пра гэта пішуць расійскія паблікі, відавочцы назіраюць пажар.
* * *

* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін хоча сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, каб схіліць яго на свой бок. Аднак галоўнае патрабаванне Крамля можа быць не звязанае з тэрытарыяльнымі саступкамі Украіны, піша The New York Times.
Аналітыкі, якія вывучаюць дзеянні Пуціна, мяркуюць, што галоўнай мэтай расійскага дыктатара з'яўляецца, перш за ўсё, забеспячэнне мірнага пагаднення, якое дасягне ягоных «геапалітычных мэтаў», — а гэта не абавязкова заваёва пэўнай тэрыторыі.
Некаторыя аналітыкі выказалі здагадку, што Пуцін падчас перамоваў у гэтым годзе сказаў пасланнікам прытрымлівацца жорсткай пазіцыі, каб дамагчыся сустрэчы з Трампам. Расійскія чыноўнікі могуць спадзявацца, што сустрэча сам-насам дасць Пуціну магчымасць схіліць Трампа падтрымаць расійскую пазіцыю, якую ён называе «карэннымі прычынамі канфлікту».
Як адзначае выданне, людзі, блізкія да Крамля, а таксама палітычныя аналітыкі, кажуць, што асноўныя патрабаванні Пуціна — недапушчэнне Украіны ў NATO з адмовай ад будучага пашырэння Альянсу, абмежаваць украінскія вайсковыя магчымасці і закласці аснову для больш дружалюбнага да Масквы ўрада ў Кіеве.
Са слоў суразмоўцаў NYT, для Пуціна больш важныя гэтыя патрабаванні, чым тое, якую тэрыторыю ўрэшце кантралюе Расія.
* * *
The Wall Street Journal прытрымліваецца іншага меркавання. На іх думку, Пуцін на сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам можа выставіць ультыматум па Украіне. Гаворка ідзе аб прызнанні акупаваных тэрыторый у абмен на вывад войскаў РФ з іншых раёнаў.
Крыніцы WSJ заявілі, што ў ЗША і Еўропе ёсць асцярогі, што Пуцін высунуў ідэю сустрэчы з Трампам, каб працягваць ціснуць на яго, а не дасягнуць міру.
Як заявіў высокапастаўлены еўрапейскі дыпламат і ўкраінскі чыноўнік, Пуцін падчас сустрэчы з Трампам можа прапанаваць «замацаваць» за Расіяй частку захопленых украінскіх тэрыторый у абмен на вывад расійскіх войскаў з іншых раёнаў. А прэзідэнт ЗША, імкнучыся да мірнага пагаднення, можа заклікаць Украіну і саюзнікаў прыняць гэтую прапанову.
Украіна і іншыя еўрапейскія ўрады, верагодна, адкінуць гэты план, і гэта можа папйсці пойдзе на руку Пуціну, бо Трамп можа абвінаваціць саюзнікаў у працягу вайны.
* * *
У Еўропе занепакоеныя, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп рыхтуецца да сустрэчы з Пуціным, і пакуль не аказвае ніякага ціску на кіраўніка Крамля, піша The Washington Post.
«Нягледзячы на ўсе гэтыя шумныя заявы, Трамп не аказвае ніякага ціску на Пуціна. Пакуль што. нуль, нічагуткі», — заявіў высокапастаўлены еўрапейскі чыноўнік.
У Еўрасаюзе таксама выказалі сумнеў у намерах Крамля. «Цалкам відавочна, што Расія не зацікаўленая ў любым міры як такім, бо мы бачылі гэта ў іх дзеяннях, а не ў словах», — заявіла прэс-сакратарка ЕС у замежных справах Аніта Хіпер.
Выданне піша, што раней памочнік расійскага дыктатара Юрый Ушакоў заявіў, што Пуцін адхіліў прапанову спецпрадстаўніка ЗША Стыва Уіткафа правесці трохбаковы саміт з удзелам Трампа, Пуціна і Зяленскага.
Са слоў Ушакова, Уіткаф агучыў гэтую ідэю падчас сустрэчы з Пуціным 6 жніўня, аднак «расійскі бок не каментаваў гэты варыянт».
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі плануе ўзгадніць з еўрапейскімі лідарамі пазіцыі па завяршэнні вайны Расіі супраць Украіны, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на вячэрні зварот кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.
Паводле яго слоў, усе партнёры выразна разумеюць, што менавіта Расія павінна зрабіць крокі да спынення вайны і пагадзіцца на спыненне агню і рэальную дыпламатыю. Зяленскі таксама адзначыў, што краіны Захаду аб'ядноўвае разуменне таго, што вайна Расіі супраць Украіны — гэта вайна ў Еўропе і супраць Еўропы. І ўсе рашэнні, якія будуць тычыцца завяршэння вайны і гарантый бяспекі, датычацца ўсёй Еўропы.
«Таму голас Еўропы павінен аказваць уплыў на працэсы. І мы дамаўляемся з нашымі еўрапейскімі лідэрамі адносна нашых размоў і нашых сустрэч, каб узгадніць усе пазіцыі, а таксама працы кожнага з нас з іншымі лідарамі, каб пазіцыі Еўропы былі абароненыя», — адзначыў прэзідэнт Украіны.