Трамп можа сустрэцца з Пуціным. Ці прывядзе гэта да заканчэння вайны?

Перамовы Уладзіміра Пуціна і спецпасланіка Дональда Трампа Стыва Уіткафа ацэненыя Белым Домам як «паспяховыя», аднак пры гэтым адміністрацыя ЗША ўсё яшчэ не выключае ўвядзення другасных санкцый супраць Расіі і яе партнёраў. А расійскі бок запытаў перамовы непасрэдна Пуціна і Трампа. Ідзе 1261-ты дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

493216558_1033719072274504_7420433130698590693_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 147 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 38 атак расіян ў раёнах Папова Яру, Маяку, Сухецкага, Радзінскага, Уладзіміраўкі, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Мірнаграду, Зверава, Удалага, Новаўкраінкі.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 21 раз, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Рэдкадубу, Карпаўкі, Шандрыгалава, Сярэдняга, Торскага.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 16 боесутыкненняў. На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 13 штурмаў у раёнах Наваполю, Зялёнага Гаю, Паддубнага, Талстога, Васкрасенкі, Маліеўкі і іншых.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейсніўлі 11 атак у раёнах Тарэцку, Кацярынаўкі, Шчарбінаўкі, Яблонаўкі і іншых.

На Купянскім кірунку за суткі зафіксавана дзевяць атак расіян.

* * *

Украінскія войскі працягваюць трымаць абарону на ўсіх напрамках фронту і па магчымасці контратакаваць. Аднак войскі РФ прасоўваюцца у некалькіх раёнах, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Расійскія войскі, верагодна, прасунуліся да заходніх ускраін Купянска і занялі пазіцыі, з якіх яны могуць пагражаць украінскім наземным лініям сувязі ў горадзе. Геалакаваныя кадры ад 6 жніўня паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на поўдзень ад Сабалаўкі (непасрэдна на захад ад Купянска) і, верагодна, захапілі Сабалаўку і Мірнае (непасрэдна на поўнач ад Сабалаўкі).

ISW раней ацэньвала, што расійскія войскі, верагодна, будуць выкарыстоўваць наступ на паўночны захад ад Купянска для падтрымкі намаганняў па ахопе Купянска і ўскладненні магчымасцяў Украіны па забеспячэнні пазіцый у горадзе і абароне раёнаў на захад.

Геалакацыйныя кадры 6 жніўня паказваюць, што расійцы нядаўна прасунуліся ў раёне Ваўчанскага агрэгатнага завода на поўначы Ваўчанска. Звязаны з Крамлём вайсковы блогер заявіў, што расійскія войскі захапілі ўсю паўночную частку Ваўчанска, уключаючы ўвесь агрэгатны завод пасля больш чым года баёў, але ISW не выявіла доказаў гэтаму сцвярджэнню.

Геалакацыйныя кадры ад 6 жніўня паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на паўночны ўсход ад Сярэдняга (на паўночны захад ад Лімана).

Кадры, апублікаваныя 30 ліпеня і геалакаваныя 6 жніўня паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Выімкі (паўднёвы ўсход ад Сіверска) Данецкай вобласці.

Геалакацыйныя кадры ад 6 жніўня паказваюць, што ўкраінскія войскі нядаўна прасунуліся на паўднёвы захад ад Часавага Яру, а расійскія — на захад ад Дыліеўкі (на поўнач ад Тарэцка).

Таксама расійскія войскі нядаўна прасунуліся ўздоўж трасы Т-0509 Федараўка-Новаэканамічнае на паўночным усходзе Фёдараўкі (паўночны ўсход ад Пакроўска), і ў заходняй частцы Чунішына (на поўдзень ад Пакроўска).

Геалакацыйныя кадры ад 6 жніўня сведчаць, што расійскія войскі прасунуліся на поўдзень ад Стэпагорска (на захад ад Арэхава) на захадзе Запарожскай вобласці.

* * *

У ноч на 7 жніўня Расія атакавала Украіну 112-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 89 БПЛА.

Чатыры чалавекі пацярпелі, былі пашкоджаныя дамы і аўтамабілі ў выніку расійскага ўдару па горадзе Днепр ноччу 7 жніўня, таксама ёсць разбурэнні ў іншых населеных пунктах Днепрапятроўскай вобласці.

У выніку атакі беспілотнікаў у Краснадарскім краі РФ гарэў Афіпскі нафтаперапрацоўчы завод. Губернатар Краснадарскага краю таксама паведаміў, што дроны атакавалі Славянск-На-Кубані, нібыта пацярпеў адзін чалавек. Пазней стала вядома, што ў Славянску-на-Кубані пасля атакі БПЛА гарыць вайсковая частка 61661.

* * *

528776855_1108848494761561_5003977840424885025_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас брыфінгу ў Белым доме заявіў, што «ёсць добрыя шанцы на сустрэчу» з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным найбліжэйшым часам.

«Мы вырашылі, што сёння ў нас былі вельмі добрыя перамовы з Пуціным, і ёсць вялікая верагоднасць, што мы зможам завяршыць гэты доўгі і бесперапынны шлях, але ёсць вялікая верагоднасць, што сустрэча адбудзецца вельмі хутка», — адзначыў ён.

Разам з тым Трамп сказаў, што сустрэча ягонага спецпасланніка Уіткафа з Пуціным у Крамлі прайшла «вельмі добра», але ён не можа назваць яе «прарывам». Таксама Трамп сказаў, што ёсць «добрая перспектыва», што пагодзяцца на сустрэчу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і Пуцін.

The New York Times піша, што Трамп мае намер сустрэцца з лідарам Крамля Уладзімірам Пуціным на наступным тыдні, а пасля гэтага арганізаваць трохбаковую сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Аднак чыноўнік Белага дома паведаміў CNN, што правесці сустрэчу прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і лідара РФ Уладзіміра Пуціна на наступным тыдні будзе складана праз прадмет саміх перамоваў і лагістычных цяжкасцяў.

* * *

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё ў інтэрв'ю тэлеканалу Fox Business заявіў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зможа правесці сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і крамлёўскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным пры ўмове, што пазіцыі Украіны, яе еўрапейскіх партнёраў і РФ атрымаецца зблізіць.

«Мы маем лепшае разуменне ўмоў, на якіх Расія будзе гатовая скончыць вайну. Цяпер нам трэба будзе параўнаць гэта з тым, на што пагодзяцца еўрапейцы, і на што будуць гатовыя ўкраінцы. Нам трэба зразумець, як гэтыя пазіцыі наблізіць адзін да аднаго. Калі нам удасца звесці іх досыць блізка тое, што хочуць расійцы, і тое, што хочуць украінцы, тады прэзідэнт будзе мець магчымасць правесці сустрэчу, у якой возьмуць удзел абодва — Пуцін і Зяленскі», — сказаў ён.

Рубіё адзначыў, што ключавымі могуць стаць тэрытарыяльныя пытанні і што на пэўным этапе перамоў павінна адбыцца спыненне агню.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыме рашэнне аб увядзенні другасных санкцый на працягу бліжэйшых 24 або 36 гадзін, заявіў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё. На пытанне аб увядзенні другасных санкцый супраць Расіі, якія павінны быць уведзеныя ў пятніцу, 8 жніўня, кіраўнік амерыканскай дыпламатыі заявіў, што Трамп прыме рашэнне па гэтым пытанні на працягу бліжэйшых 24-36 гадзін.

У той жа час неназваны прадстаўнік Белага дома сказаў Reuters, што, нягледзячы на тое, што сустрэча Уіткафа з Пуціным прайшла паспяхова, ЗША не адмаўляюцца ад планаў увесці другасныя санкцыі супраць Расіі ў пятніцу, 8 жніўня.

Такую ж інфармацыю неназваны прадстаўнік Белага дома даў агенцтву Bloomberg.

* * *

Пуцін спрабуе цягнуць час у мірных перамовах па завяршэнні вайны ва Украіне, але пагроза новых эканамічных санкцый змянілі яго разлікі, заявіла спікер Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Тэмі Брус.

У адказ на пытанне, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп можа быць упэўнены, што на гэты раз Пуцін не спрабуе яго падмануць, Брус адзначыла, што Пуцін часта сапраўды спрабуе зацягнуць працэс перамоваў, каб выйграць час.

«Часам сапраўды бываюць спробы зацягнуць працэс, уцягнуць іншых гульцоў у гульню. Мы бачым, што для Пуціна гэта можа быць спроба выйграць час і зрушыць сітуацыю на сваю карысць. Тут гаворка ідзе не толькі пра вайну, але і пра эканоміку», — адзначыла спікер Дзярждэпу.

Паводле яе слоў, цяпер, калі прэзідэнт Трамп выразна даў зразумець, што гатовы і здольны ўвесці новыя эканамічныя меры — другасныя ці нават прамыя санкцыі, гэта магло стаць фактарам, які змяніў разлікі Пуціна.