«Працаўладкуем дармаеда разам!» Гісторыя аднай прэзідэнцкай кампаніі

Сёлета споўнілася 10 гадоў прэзідэнцкіх выбараў-2015. Напэўна, самым пацешным іх эпізодам была кампанія патэнцыйнага кандыдата дармаеда Юрыя Шульгана. «Новы Час» прапануе суб'ектыўныя нататкі аднаго са сведкаў тых падзей.

photo_2025_07_28_18_48_03.jpg

Адмарозкі, натаўцы, дробны бізнес, дрэнныя ўмовы надвор'я, санкцыі… На рубяжы 2015-га ў гэты ганаровы клуб сабатажнікаў працэсу будаўніцтва квітнеючай стабільнасці ўлады раптам уключылі дармаедаў. Амаль з кожнага праса беспрацоўных беларусаў сталі заклікаць працаўладкавацца пад пагрозай штрафаў або ледзь не катаржных работ.

На гэты трэнд у афіцыйным агітпропе вырашыла творча адрэагаваць частка актыву партыі «Зялёных». Падчас аднаго з дзяжурных застолляў на офісе партыі ўзнікла ідэя: а што калі вылучыць на будучыя выбары прэзідэнта дармаеда, які пад уплывам афіцыёзу вырашыў сумленна адмовіцца ад мінулага грэшнага жыцця і спрабуе працаўладкавацца? А ў звязку з абвешчанай прэзідэнцкай кампаніяй ён мае шанец уладкавацца як раз на пост главы офіса на Карла Маркса, 38.

Парадаксальна, але найлягчэйшым этапам у задуманым праекце стаў кастынг на пазіцыю кандыдата. Не было сумневаў, што гэтым чуваком павінен стаць Юры Шульган. Шульган бамжаваў на маёй памяці з канца 90-х, курсіруючы паміж роднай Бярозай у Брэсцкай вобласці і Мінскам. Каньком нашага ваяжора з Бярозы было «взятие языка». Так называўся крадзеж у бліжэйшых крамах кансервы «Говяжий язык» (супер закусон, дарэчы!). Лік «взятых языков» ішоў на дзясяткі. Прычым Шульгана, здаецца, ні разу не злавілі.

photo_2025_07_28_18_48_00.jpg

Так ці інакш, герой сюжэту, калі яму прапанавалі стаць у магчымай перспектыве гарантам Сінявокай, адразу пагадзіўся. Здавалася, усё ідзе па плане. Але адразу пасля гэтага адбыўся форс-мажор: без ведама ініцыятараў кампаніі Шульган даў інтэрв'ю журналісту выдання «Навіны». Прычым журналіст праставіў таму пляшку гарэлкі, што мела адпаведныя наступствы.

У выніку «пад мухай» кандыдат нагаварыў прэсе абы што. Яго маналог быў наборам тэзісаў — ад абяцання прадаваць у выпадку перамогі на выбарах у крамах напой кшталту «боярышник» у двухлітровых пластыкоўках да прызнання ў любові да беларусаў. Усё гэта ў публікацыі было праілюстравана фотаздымкамі, на якіх Шульган вісіць на галінцы дрэва або смакуе надкусаны агурок.

Глядзіце таксама

Такі вобраз Шульгана слаба ўпісваўся ў першапачатковы канцэпт кампаніі: бяздомны дармаед, які вырашыў перакавацца і працаўладкуецца на пасаду прэзідэнта. Хутчэй у дадзеным ракурсе кандыдат выглядаў як алкафрык.

Гэтая выхадка каштавала ініцыятарам кампаніі падтрымкі левай фракцыі партыі «Зялёных», якія спадзяваліся прасунуць праз Шульгана сацыяльныя тэмы. 

Кампанію, як бачыцца аўтару артыкула, выратавала сама атмасфера і наратыў выбараў 2015-га.

Кампанія праходзіла на фоне калектыўнага шоку беларускага грамадства ад вайны ва Украіне. У апазіцыі, якая падтрымала Майдан 2014-га, ніякіх шанцаў на гэтых выбарах не было. Праціўнікі рэжыму дружна зліліся з выбараў, прыкрываючы свой крок спасылкамі на будучыя фальсіфікацыі.

Адзіным кшталту апазіцыйным кандыдатам пазіцыянавала сябе Таццяна Караткевіч (пратэже арганізацыі «Гавары Праўду» (ГП). Але для абсалютнай большасці апазіцыйнага электарату ГП бы мутным праектам. Такім чынам узнік запыт на пратэснага кандыдата, які мог тупа дыскрэдытаваць выбары.

photo_2025_07_28_18_47_56.jpg

І Шульган гэтую нішу суцэльна мог заняць. Яго рэйтынг на сайце «Навіны» стала вагаўся ў раёне 6-8 працэнтаў. Тым больш, што ў рух за яго кандыдатуру актыўна ўключалася багемная тусоўка. Ледзь не штодня свае паслугі прапаноўвалі дызайнеры, журналісты і іншы творчы піпл.

Нядзіўна, што аператыўна ўзнікла ідэя фарміравання будучага шульганаўскага саўміна. Пасты раздаваліся налева і направа. Усіх «міністраў» згадаць цяжка, але аднаго перца забыцца проста немагчыма. Гэта быў нейкі рэжысёр-фрык. Памятаецца, ён уварваўся ў офіс «Зялёных» (там знаходзіўся штаб Шульгана) з фантастычнай навіной: нібыта ён толькі што датэлефанаваўся Бараку Абаму і той ухваліў нашу кампанію. За такую навіну рэжысёр аўтаматам атрымаў у будучым кабінеце пасаду міністра абароны псіхічнага здароўя.

Трэба прызнацца, што сам Шульган не быў у курсе складу свайго будучага кабінета. Ён завісаў на «Цэнтральным» або ў карчме «Сямела» (раён плошчы Якуба Коласа), верагодна перажываючы зорную гадзіну ў сваім жыцці. Многія заўсёднікі гэтых устаноў жадалі не толькі сфатаграфавацца з без пяці хвілін прэзідэнтам, але і праставіцца яму. У выніку Шульган быў сыты і п'яны. Зрэшты, члены ягонага штабу таксама не мелі ў гэты час праблем па частцы дармовай выпіўкі.

У бясконцых застоллях «шульганаўцы» раптам заўважылі, што прыйшоў час здаваць подпісы на рэгістрацыю кандыдата. Але іх проста не было. Экстранна сабралі пасяджэнне выбарчага штаба на «Сямеле». Там узнікла ідэя падаць заяву пад абяцанне прынесці подпісы пазней.

Шанцаў на рэалізацыю гэтага было працэнтаў 5. Але на наступную раніцу яны ўпалі да нуля. Гаспадыня кватэры, дзе начавалі пасля пасяджэння кандыдат і начальнік яго штаба, раніцай па дабрыні душэўнай дала гасцям нейкую суму на пахмелку. Хапіла акурат на бутэльку гарэлкі. У выніку салодкая парачка заявілася ў цэнтральны выбаркам пад градусам.

У абед практычна ўсе СМІ перадавалі, як нейкія п'яныя хуліганы спрабавалі прарвацца ў цэнтральны выбаркам РБ. Іх адфільтравалі і адвезлі ў міліцэйскі пастарунак, дзе пратрымалі пару гадзін. Менавіта да таго часу, як спынілася рэгістрацыя кандыдатаў. Пасля для перастрахоўкі затрымалі яшчэ на пару дзён. У праекцыі на турэмныя тэрміны, якія даюць пасля 2020-га, добра, што гэтым усё і абышлося.

Глядзіце таксама

Вось такой была дзіўная кампанія Юрыя Шульгана, якая напэўна нейкім чынам трапіць у гісторыю беларускай контркультуры.

Застаецца дадаць, што яшчэ нейкі час наш экс-кандыдат-дармаед стабільна здымаў вяршкі са сваёй прэзідэнцкай эпапеі. Прыкладна ў 2017-м адзін знаёмы журналіст расказваў гісторыю, як праходзячы па скверы на вул. Леніна каля «Цэнтральнага», ён убачыў Юру на лавачцы. На яго каленях красавалася нейкая мамзель. Заўважыўшы яго здзіўлены погляд герла рэфлексавала тырадай: «Што глядзіш? Зацані каго я падчапіла — гэта ж будучы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь!»