Выведка Украіны: Расія разглядае вайну ў Еўропе як у перспектыве непазбежную

Расія па-ранейшаму разглядаецца як патэнцыйны агрэсар у Еўропе. Аднак ці зможа яна нарасціць свой вайсковы патэнцыял без хаўруснікаў? ЕС звярнула ўвагу на Кітай, спрабуючы паказаць яму на недапушчальнасць падтрымкі РФ. А час да «ўльтыматума Трампа» сыходзіць. Ідзе 1259-ты дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 151 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 5 жніўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 45 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Палтаўкі, Новаэканамічнага, Чырвонага Ліману, Сухецкага, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удалага, Новаўкраінкі і Зялёнага кута.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 28 разоў, спрабуючы прасунуцца ля Грэкаўкі, Мірнага, Студні, Зялёнай Даліны, Торскага і іншых.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Новапаўлаўскім кірунках украінскія абаронцы адбілі па 18 атак арміі РФ на кожным.

Па дзевяць атак на кожным было адбіта на Паўднёва-Слабажанскім, Северскім і Купянскім кірунках.

* * *

Раніцай 5 жніўня аналітычны праект DeepState паведаміў, што расійскія сілы занялі Папоў Яр у Данецкай вобласці. Аналітыкі адзначылі, што расійцы прасунуліся каля Тарэцка, Шчарбінаўкі, Васкрасенкі і Палтаўкі.

* * *

Украінскія войскі паспяхова контратакуюць у раёне Пакроўска, а армія РФ прасоўваецца на іншых участках фронту, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Расійскія войскі нядаўна прасунуліся на Купянскім кірунку. Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец заявіў, што расійскія войскі прасоўваліся ўздоўж трасы Р-79 Купянск-Двурэчнае на паўночнай ускраіне Купянска.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 3 жніўня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на паўднёвы захад ад Навасёлаўкі (на ўсход ад Сіверска), што паказвае на тое, што расійскія войскі захапілі населены пункт.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 4 жніўня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на ўсход ад Русіна Яра (на паўночны захад ад Тарэцка).

Геалакацыйныя кадры ад 4 жніўня сведчаць, што ўкраінскія войскі прасунуліся на паўночны ўсход ад Чырвонага Лімана (паўночны ўсход ад Пакроўска) і на паўднёвы ўсход ад Лысоўкі (паўднёвы ўсход ад Пакроўска). А расійскія войскі прасунуліся на паўднёвы захад ад Васкрасенкі (на ўсход ад Вялікаміхайлаўкі).

* * *

Страты расійскага войска ў вайне супраць Украіны ў ліпені 2025 года знізіліся да самага нізкага ўзроўню з красавіка 2024 года, паведамляе Мінабароны Вялікабрытаніі ў X.

Паводле звестак брытанскай выведкі, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе страты Расіі дасягнулі 1,05 мільёна (забітымі і параненымі). З пачатку 2025 года гэтыя страты склалі 260 тысяч чалавек.

Сярэднясутачныя страты расійскіх войскаў у ліпені склалі каля 1072 чалавек, па даных Генеральнага штаба Узброеных Сіл Украіны. Ад сакавіка 2025 года ўзровень страт паступова зніжаецца. Паказчык ліпеня стаў самым нізкім за апошнія 15 месяцаў.

* * *

528645881_1107279924918418_3865214931559896921_n.jpg

* * *

У ноч на 5 жніўня Расія атакавала Украіну 46-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў з кірункаў, а таксама балістычнай ракетай Іскандэр-М. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 29 варожых БПЛА.

Галоўным вектарам атакі стала Лазавая Харкаўскай вобласці. Расійцы трапілі ў чыгуначны вакзал. Загінулі 2 чалавекі, яшчэ 9 чалавек атрымалі раненні, сярод іх ёсць дзеці. 4 чалавекі застаюцца ў бальніцы, іх стан сярэдняй цяжкасці.

* * *

У хуткім часе з'явяцца новыя паведамленні аб падрыхтоўцы пакетаў ваеннай дапамогі Украіне ад іншых краін па механізме NATO Prioritized Ukraine Requirements List (PURL), заявіў амбасадар ЗША пры NATO Мэцью Уітакер, піша Reuters.

Сваю заяву Уітакер зрабіў пасля таго, як стала вядома, што ў рамках ініцыятывы PURL Нідэрланды падрыхтавалі пакет дапамогі Украіне, у які ўвайшлі камплектуючыя і ракеты да сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot.

«Нідэрланды — толькі першыя з многіх. У бліжэйшы час вы ўбачыце цэлую серыю аб'яў», — адзначыў пасол. Ён прагназуе, што «ўсё будзе адбывацца вельмі хутка, дакладна ў бліжэйшыя тыдні, а некаторыя нават раней».

«Мы дзейнічаем так хутка, як толькі можам», — дадаў Уітакер.

* * *

ЕС занепакоены растучай роляй Кітая ў падтрымцы расійскай вайны супраць Украіны. У Брусэлі рыхтуюць меры ўздзеяння, піша Politico.

Еўрасаюз можа ўвесці санкцыі супраць Кітая за ўдзел у абыходзе антырасійскіх санкцый. Падставай стала публікацыя Reuters у ліпені, дзе гаварылася, што кітайскія рухавікі для дронаў таемна пастаўляліся на Расію як «прамысловыя халадзільныя ўстаноўкі», каб абыйсці заходнія абмежаванні.

Як паведаміў адзін з дыпламатаў ЕС, Еўрасаюз ведаў аб перадачы рухавікоў Пекінам яшчэ да з'яўлення публікацый. ЕС ужо звярнуўся да Кітаю з пытаннямі па гэтых пастаўках, але Пекін альбо адмаўляе дачыненне, альбо ігнаруе запыты. У Брусэлі мяркуюць, што ў блока ёсць сур'ёзныя эканамічныя рычагі ціску на Кітай. Увядзенне санкцый можа стаць наступным крокам.

Нагадаем, упаўнаважаны прэзідэнта Украіны ў пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк казаў, што прыкладна 60% замежных дэталяў, выяўленых у расійскай зброі, пастаўляюцца з Кітая.

* * *

Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб абмеркаваў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам вайну Расіі супраць Украіны, паведаміў Стуб у Х.

Са слоў Стуба, яны з Трампам абмеркавалі пытанне спынення баявых дзеянняў, бо тэрмін, які прэзідэнт ЗША даў Расіі для спынення вайны, набліжаецца да заканчэння. «Фінляндыя падтрымлівае ўсе намаганні, накіраваныя на неадкладнае спыненне агню. Доўгатэрміновыя перамовы павінны прывесці да трывалага і справядлівага міру», — напісаў Стуб.

* * *

Расія разглядае маштабную вайну ў Еўропе як непазбежную ў сярэднетэрміновай перспектыве, піша РБК-Украіна са спасылкай на вайсковую выведку Украіны.

Паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны, у перыяд 2030-2035 гадоў Расія прагназуе ўзнікненне шматлікіх узброеных канфліктаў з яе ўдзелам — перш за ўсё на кірунках Польшчы, краін Балтыі, Скандынавіі і Арктыкі. Толькі на еўрапейскім кірунку расійскія вайскоўцы налічваюць да 10 патэнцыйных войнаў.

Таму Масква рэалізуе маштабную рэформу Узброеных Сіл: да 2029 года плануецца стварэнне двух новых ваенных акругаў — Ленінградскай і Маскоўскай са сфармаванымі вайсковымі карпусамі і дывізіямі.

Паралельна з рэформай працягваецца нарошчванне вытворчасці высокадакладнага ўзбраення і ўдарных беспілотнікаў. Абаронная прамысловасць РФ ужо трэці год працуе ў рэжыме «вайсковых рэек». Ваенныя выдаткі РФ афіцыйна складаюць каля 130-140 млрд долараў у год, але рэальныя выдаткі могуць быць значна больш. Пры гэтым у Расіі захоўваецца значны мабілізацыйны патэнцыял — да 5 млн чалавек, што, на думку ГУР, дазваляе планаваць аперацыі вялікага маштабу ў Еўропе.

Рыторыка Крамля таксама не пакідае сумненняў у намерах — яна ўсё часцей дэманструе адкрытую агрэсію ў дачыненні да краін NATO і ЕС, адзначылі ў ГУР.