Каранік, дроны і графен: як улада «вырашае будучыню Беларусі»

Калі няма ні мазгоў, ні перспектыў — наўрад ці нейкая Акадэмія Навук дапаможа. Прыкладна так у нас ідзе справа з навукай. Праўда, не сказаць, што ў АН РБ няма мазгоў. Але проста мазгі — гэта яшчэ не ўсё. Патрэбныя матэрыялы, патрэбныя грошы — а дзе ўсё гэта ўзяць?

_belarus_navuka_akademija_2023_fota_novy_czas__1__logo.jpg

Аляксандр Лукашэнка на тыдні чарговы раз правёў нараду з нагоды Акадэміі Навук. Лукашэнка павінен быў гэта зрабіць, калі змянілася кіраўніцтва НАН. Прэзідыум Акадэміі замест Уладзіміра Гусакова ўзначаліў Уладзімір Каранік. І вось зараз Лукашэнка «настройваў на перамогу» новага кіраўніка. Хоць які ён новы? Ён нам добра вядомы па эпідэміі каронавіруса, якую ён, будучы на той момант міністрам аховы здароўя, і не мог, ды, нібыта, і не спрабаваў стрымліваць. Гэта ён патураў выказванням Лукашэнкі пра тое, што «вірусы не лётаюць». Гэта пры ім быў крытычны дэфіцыт масак і вар'яцкія ўказанні лекарам не браць гуманітарную дапамогу, якую падавалі недзяржаўныя арганізацыі і бізнэсы.

І вось гэты чалавек, пабыўшы губернатарам Гродзенскай вобласці, у сакавіку 2025-га стаў прэм'ер міністрам. Але доўга на пасадзе не затрымаўся, і ўжо ў траўні сышоў у Акадэмію навук.

«З улікам змены кіраўніцтва Акадэміі навук трэба вызначыць план дзеянняў, каб нашы навукоўцы працавалі ў адным ключы з усёй краінай, эканомікай і грамадствам», — сказаў Лукашэнка.

З гэтым у нас, як вядома, праблемы. «Па асобных перспектыўных напрамках, такіх як беспілотнікі, электратранспарт, мы проста топчамся на месцы. Патрэбных кампетэнцый дагэтуль няма, напрацовак для поўнага цыклу вытворчасці таксама, падрыхтоўка кадраў у працэсе станаўлення», — паскардзіўся Лукашэнка, нягледзячы на тое, што свой электрамабіль яму абяцаюць ужо вельмі даўно.

Разам з тым Лукашэнка хоча прарыўных тэхналогій. «Штучны інтэлект, нейрасеткі, біятэхналогіі — гэта цяпер на слыху, і многае іншае. Вы больш пра гэта можаце сказаць. Без нафты, газу і іншых выкапняў мы можам развівацца і атрымліваць нядрэнныя грошы. Гэта пытанні не толькі эканомікі, але і нацыянальнай бяспекі. А калі выказацца яшчэ больш жорстка пытанне будучыні нашай краіны, нашага народа і наогул нашага выжывання» — дадаў ён.

Калі гэта сапраўды пытанне «нашага выжывання», то на жаль, Лукашэнка з гэтым не толькі спазніўся — ён сам зрабіў усё, каб мы не выжылі. Пачынаючы ад разгрому ІТ-сектара, у выніку чаго Беларусь пакінулі самыя перспектыўныя бізнэсы, і заканчваючы саўдзелам у вайне з Украінай, праз які мы апынуліся пад тэхналагічнымі санкцыямі — у меншай ступені, чым непасрэдны агрэсар Расія, але ўсё ж.

А што ў такой сітуацыі зможа зрабіць Акадэмія Навук — не маючы паўнавартаснага доступу ні да навуковых ведаў, ні да тэхналогій? Падобна на тое, што нічога. Таму што ні Куба, ні Паўночная Карэя, ні Венесуэла не атрымалі поспех у нейкіх «прарыўных тэхналогіях». І мы не даможамся поспеху. Прынамсі, пакуль наша кіраўніцтва думае так, як думае.

Глядзіце таксама

Дастаткова паглядзець на прыярытэты, якія Лукашэнка пазначыў для Акадэміі Навук. Гэта: практыкаарыентаванасць, укараненне распрацовак у эканоміку і сацыяльную сферу, а таксама імпартазамяшчэнне і экспарт навукова-тэхнічнай прадукцыі.

Практыкаарыентаванасць і ўкараненне распрацовак — дык трэба, каб гэтыя распрацоўкі хоць бы былі, гэта першае. А другое — на гэта патрэбныя велізарныя грошы. У прыватнасці, усе чулі, што НАН РБ распрацавала нейкую перспектыўную графенавую батарэю. А колькі трэба грошай, каб наладзіць яе вытворчасць, хто-небудзь лічыў?

Я думаю, лічылі. Без замежнага інвестара нічога не атрымаецца. А Беларусь пры гэтым не толькі пад санкцыямі, але яшчэ і з дэфолтам па еўрааблігацыях — і каб перціся з інвестыцыямі ў дэфолтную краіну, такога... не абдзеленага інтэлектам інвестара, мякка кажучы, не знайсці.

Экспарт? Ха-ха, тры разы, у нас і са звычайным каліем праблемы.

А вось «імпартазамяшчэнне» — гэта ў нас сто разоў было абгаворана. «Імпартазамяшчэнне» не ёсць інавацыі, не новая прадукцыя, гэта дрэнная копія таго, што ўжо ёсць. І распрацоўка такіх дрэнных копій — гэта не прарыў. Гэта, хутчэй, дэградацыя.

У нас усюды так. Напрыклад, на гэтым жа тыдні дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфавіч паскардзіўся, што суседзі Беларусі не імкнуцца аднавіць дыялог з Мінскам, нягледзячы на тое, што ўлады не раз заклікаў да аднаўлення сяброўскага і канструктыўнага дыялогу, напрыклад, па лініі органаў пагранічнай службы.

А якое можа быць супрацоўніцтва па лініі органаў памежнай службы, калі мы кожны тыдзень атрымліваем паведамленні, што нейкія мігранты з беларускага боку атакавалі памежнікаў нашых суседзяў з ужываннем падручных сродкаў? Можа, Вальфовіч думае, што «мігранцкі крызіс» — гэта лепшае, што Беларусь магла зрабіць для сяброўства з суседзямі?

Ці, можа быць, наш сакратар Рады Бяспекі забыўся, з чыёй тэрыторыі ў Чарнігаўскую вобласць нашага суседа Украіны зайшлі расійскія войскі? Хіба цікавы будзе Украіне «канструктыўны дыялог» з Беларуссю пасля таго, як адсюль расстрэльвалі ўкраінскіх памежнікаў?

«У адказ мы бачым зусім іншыя, непрыязныя крокі», — скардзіўся Вальфовіч.

А можа, не трэба было з тэрыторыі Беларусі ракеты і дроны па Украіне запускаць?

Дарэчы, нядрэнна б Вальфовічу ведаць, што дрон з двума кілаграмамі выбухоўкі заляцеў з Беларусі ў Літву. І сакратар Рады Бяспекі потым распавядае пра мірныя прапановы Беларусі? Лепш бы ён патлумачыў, адкуль узяўся гэты апарат, калі прыватнымі асобам валоданне дронамі ў РБ забаронена.