На Алясцы Трамп праверыць Пуціна на сур'ёзнасць яго намераў скончыць вайну ва Украіне
Сустрэча на Алясцы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна будзе толькі праверкай апошняга на сур'ёзнасць намераў скончыць вайну. У гэтай сур'ёзнасці сумняюцца ўсе, і таму эксперты не раяць чакаць ад гэтага саміту нейкіх прарываў. Ідуць 1265-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За ўчора ва Украіне зафіксавана 137 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 11 жніўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 42 штурмавых і наступальных дзеянні расіян ў раёнах Палтаўкі, Уладзіміраўкі, Кучарава Яру, Ніканораўкіт, Чырвонага Ліману, Міралюбаўкі, Сухецкага, Зверава, Котліна і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 33 атакі расіян паблізу Зялёнага Гаю, Вольнага Поля, Тэміраўкі, Філіялу, Маліеўкі, Мірнага, Аляксандраграду і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 19 разоў у раёнах Карпаўкі, Студні, Грэкаўкі, Торскага і іншых.
Па восем атак на кожным адбылося на Купянскім і Тарэцкім кірунках.
* * *
У ноч на 11 жніўня Расія атакавала Украіну 71 БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 59 БПЛА.
Два чалавекі пацярпелі ў выніку расійскіх удараў па Днепрапятроўскай вобласці ноччу 11 жніўня. У Нікапальскім раёне пашкоджаныя больш за 10 прыватных дамоў, яшчэ 2 — загарэліся, разбураныя 4 гаспадарчыя пабудовы і аўтамабіль.
Раніцай 11 жніўня невядомыя дроны атакавалі горад Арзамас Ніжагародскай вобласці РФ, адзін з прылётаў быў па Арзамаскім прыборабудаўнічым заводзе (АПЗ).
Ва Ухце (Рэспубліка Комі) прагрымела серыя гучных выбухаў, пасля чаго ў горадзе пачаліся праблемы з электразабеспячэннем і інтэрнэтам. Мясцовыя паблікі паведамляюць аб працы экстранных службаў на тэрыторыі нафтаперапрацоўчага завода. Гараджане адзначаюць, што ў напрамку Ухцінскага НПЗ працуюць экстранныя службы, пішуць пра прабоіну ў цыстэрне на Ухцінскім НПЗ.
* * *

* * *
Крэмль паспрабуе выкарыстаць саміт на Алясцы не для вядзення змястоўных мірных перамоваў, а каб раз'яднаць Злучаныя Штаты і Еўропу, лічаць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Эксперты звярнулі ўвагу на апошнія месэджы расійскіх лідараў, якія сведчаць пра спробы Масквы перасварыць Еўропу з ЗША.
Намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў у нядзелю, 10 жніўня, у сваім Telegram-канале адзначыў, што Еўропа нібыта спрабуе перашкодзіць ЗША дапамагчы спыніць вайну ва Украіне.
Лідар ЛДПР Леанід Слуцкі заявіў, што еўрапейскія краіны праводзяць антырасійскую палітыку і спрабуюць не дапусціць мірнага ўрэгулявання ва Украіне.
Расійскі палітолаг Сяргей Маркаў 10 жніўня паведаміў The Washington Post, што галоўная цікавасць Расіі на саміце ў Алясцы — выставіць Украіну і Еўропу перашкодай на шляху да міру. Паводле яго, Расія адмаўляецца рабіць якія-небудзь крокі назад, і адзіны кампраміс, які яна гатовая разгледзець — спыненне баявых дзеянняў па захопе Адэскай і Харкаўскай абласцей, а таксама Херсона і Запарожжа.
У ISW і надалей ацэньваюць, што Расія застаецца непахіснай у сваіх даўніх вайсковых мэтах: недапушчэнні ўступлення Украіны ў NATO, змене ўлады на карысць прарасійскага марыянеткавага ўрада і дэмілітарызацыі Украіны — усё гэта павінна было б забяспечыць поўную капітуляцыю краіны.
«Расія з вялікай верагоднасцю будзе парушаць і выкарыстоўваць ва ўласных мэтах любыя будучыя пагадненні пра спыненне агню, абвінавачваючы ў парушэннях менавіта Украіну, як яна неаднаразова рабіла вясной 2025 года», — перакананыя аналітыкі.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас саміту на Алясцы 15 жніўня зладзіць расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну «праверку» на сур'ёзнасць намераў спыніць вайну ва Украіне, заявіў генеральны сакратар NATO Марк Рутэ ў эфіры тэлеканала CBS News.
Рутэ выказаў упэўненасць у тым, што паўнавартасныя мірныя перамовы абавязкова будуць весціся пры ўдзеле Украіны і Еўропы. «І, зразумела, калі гаворка пойдзе пра мірныя перамовы, спыненне агню і пра тое, што будзе пасля гэтага — пра тэрыторыі, гарантыі бяспекі для Украіны — Украіна павінна ўдзельнічаць і будзе ўдзельнічаць», — сказаў ён.
Час сустрэчы Трампа і Пуціна на Алясцы будзе праверка: ці сапраўды Пуцін настроены на заключэнне міру з Украінай.
«У пятніцу (будзе) важна зразумець, наколькі сур'ёзны Пуцін. І адзіны, хто можа гэта зрабіць, - прэзідэнт Трамп. Таму вельмі важна, каб сустрэча адбылася. Гэта не будзе канчатковым рашэннем. Не будзе і фінальнага пагаднення», — заявіў Рутэ.
* * *
Намеснік кіраўніка адміністрацыі кіраўніка РФ Дзмітрый Козак, які з'яўляецца адным з блізкіх паплечнікаў Уладзіміра Пуціна, нядаўна прапаноўваў кіраўніку Крамля спыніць вайну ва Украіне і пачаць мірныя перамовы, паведамляе The New York Times са спасылкай на блізкія да Крамля крыніцы.
«Зусім нядаўна, па словах крамлёўскіх крыніц, Козак паведаміў калегам, што прадставіў Пуціну прапанову аб спыненні баявых дзеянняў і правядзенні мірных перамоваў. Яны дадалі, што Козак таксама заклікаў Пуціна правесці ўнутраныя рэформы, уключаючы перадачу магутных расійскіх сілавых структур пад нагляд урада і стварэнне незалежнай судовай сістэмы», — піша NYT.
Выданне, аднак, адзначае, што Козак расчараваў Пуціна, паколькі «выразна даў зразумець, што ўважае ўварванне ва Украіну за памылку», і на сёння многія ягоныя паўнамоцтвы перайшлі да Сяргея Кірыенкі, іншага намесніка крамлёўскай адміністрацыі.
«Наўрад ці настойлівасць Козака паўплывае на Пуціна, які ў асноўным акружаны людзьмі, што падтрымліваюць яго жорсткія патрабаванні ў дачыненні да Украіны. Але гэта адлюстроўвае расчараванне, якое ахоплівае частку маскоўскай эліты нежаданнем Пуціна ісці на кампрамісы ў вайне і ўсё больш некантралюемай уладай спецслужбаў», — піша выданне.
* * *
Пастаўка зброі Украіне працягнецца незалежна ад вынікаў будучых перамоваў паміж ЗША і Расіяй, заявіў генеральны сакратар NATO Марк Рутэ ў інтэрв'ю CBS News.
Паводле яго слоў, ужо атрыманыя першыя два пакеты дапамогі ад Нідэрландаў і скандынаўскіх краін, а ў бліжэйшыя дні і тыдні чакаюцца новыя аб'явы.
«Па сутнасці, прэзідэнт Трамп зноў адкрывае шлюзы ваеннай дапамогі Украіне. Аплачваецца еўрапейцамі і Канадай, што, на маю думку, з'яўляецца лагічным і справядлівым», — адзначыў Рутэ.
Ён падкрэсліў, што гэты працэс дапаўняе ўжо наяўную падтрымку з боку Еўропы, у прыватнасці інвестыцыі ва ўкраінскую абаронна-прамысловую базу. NATO каардынуе пастаўкі праз камандаванне ў Вісбадэне, каб забяспечыць Кіеву ўсе неабходныя рэсурсы для вядзення баявых дзеянняў і падрыхтоўкі да мірных перамоваў.
* * *
Паводле звестак Bloomberg, лідары еўрапейскіх краін імкнуцца правесці перамовы з Дональдам Трампам напярэдадні запланаванай сустрэчы прэзідэнта ЗША з расійскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным на Алясцы.
Размова адбудзецца пасля напружанага дыпламатычнага ўікэнду паміж прадстаўнікамі ЗША, Украіны і Еўропы, які ўключаў сустрэчы ў Вялікабрытаніі з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Дзі Вэнсам і міністрам замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвідам Ламі.
Кіраўнік дыпламатыі ЕС Кая Калас у панядзелак склікае сустрэчу міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза для абмеркавання далейшых крокаў напярэдадні сустрэчы Трампа і Пуціна, паведамляе Reuters.
«У ЗША ёсць магчымасць прымусіць Расію весці сур'ёзныя перамовы. Любое пагадненне паміж ЗША і Расіяй павінна ўключаць Украіну і ЕС, паколькі гэта пытанне бяспекі Украіны і ўсёй Еўропы», — заявіла яна.
Паводле яе слоў, «па меры таго, як мы працуем над дасягненнем ўстойлівага і справядлівага міру, міжнароднае права зразумелае: усе часова акупаваныя тэрыторыі належаць Украіне».
«Пагадненне не павінна стаць плацдармам для далейшай агрэсіі Расіі супраць Украіны, трансатлантычнага альянсу і Еўропы», — адзначыла Калас.