Знайсці паратунак у новай рэальнасці. Музыка Prastora выпусціў новы альбом

У беларускага музыкі Prastora — ён жа журналіст Улад Рубанаў — выйшаў другі альбом, гэтым разам лонгплэй. «Зямлянін у халодным космасе» — электронная споведзь беларускага эмігранта, які нырае ў бессвядомае, каб знайсці там сэнс «быць». 

Вокладка альбома Зямлянін у халодным космасе»

Вокладка альбома Зямлянін у халодным космасе»

Па прафесіі Улад — дызайнер-калажыст, і гэта моцна адлюстроўваецца ў яго музычнай творчасці. Вызначыць жанр і стыль такой музыкі няпроста, яна эклектычная і самабытная. У сваіх трэках Prastora спалучае рэплікі з рылсаў, гукавых паведамленняў і серыялаў з вершамі беларускіх класікаў, уласныя меладэкламацыі — з фрагментамі імправізацый іншых беларускіх артыстаў. Кожны з 14 трэкаў рэліза — лапік вялікага рознакаляровага габелена, сатканага з любові да музыкі і жыцця. 

Праз творчасць Улад рэфлексуе дыскамфортныя для многіх тэмы — рэпрэсіі ў Беларусі, вайну ва Украіне, падвойную эміграцыю, жыццё з трывожна-дэпрэсіўным разладам, страх смерці. Адна з кампазіцый на альбоме называецца «Дзэн-экстрэмізм» — яна будзе тэрапеўтычнай для беларусаў і беларуcак, якія, як і Prastora, асэнсоўваюць, як існаваць у новых антыўтапічных рэаліях. 

Prastora

Prastora

«Зямлянін» — прастора, у якой знойдуць паратунак тыя, каму ён патрэбны; гэта фрактал сэнсаў, якія будуць дасяжныя слухачам, адкрытым да нязвыклага досведу. Удумлівае праслухоўванне можа стаць прыгожай вандроўкай у самыя далёкія кропкі галактыкі (ці — як мінімум — уласнай душы).

Паслухаць «Зямляніна» можна на стрымінгавых пляцоўках па гэтай спасылцы. Дэбютны альбом Prastora —  «Так таму і быць» — вы знойдзеце тут.

photo_2025_08_12_10_36_29.jpg

Улад Рубанаў — журналіст, дызайнер, калажыст, рэжысёр і музыка. Працаваў з выданнямі «Новы Час», KYKY, «Еўрарадыё». У 2021-м быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, пачатак поўнамаштабнага ўварвання сустрэў у Кіеве, пасля пераехаў у Варшаву, дзе цяпер жыве з жонкай і коткай, пра якіх часта і з любоўю спявае ў сваіх трэках.