Ці абмяжуецца Пуцін Данбасам? Трамп кажа пра «абмен тэрыторыямі» ва Украіне
З часам сталі вядомыя некаторыя прапановы, якія зрабіў Пуцін у размове са спецпасланнікам ЗША Стывам Уіткафам. Аднак выглядае на то, што канкрэтна Расія нічога не прапаноўвала і не абяцала. Цяпер словы Пуціна канкрэтызуецца. А тым часам ідзе 1262-гі дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 163 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 9 жніўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 45 атак расіян ў раёнах Зверава, Уладзіміраўкі, Радзінскага, Палтаўкі, Байкоўкі, Міралюбаўкі, Пакроўску, Чырвонага Ліману, Лісоўкі, Котліна, Удалага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 26 атак у раёнах Філіялу, Зялёнага Поля, Талстога, Тэміраўкі, Маліеўкі, Наваполю, Васкрасенкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавал 24 разы, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Грэкаўкі, Карпаўкі, Зарэчнага, Студні, Торскага, Серабранкі, Ямпалоўкі і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім)кірунку за мінулыя суткі адбылося 12 боесутыкненняў.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 10 атак у раёнах Тарэцка, Шчарбінаўкі, Кацярынаўкі, Сцяпанаўкі, Русінага Яра і Пляшчэеўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 9 боесутыкненняў ў раёне Ваўчанска.
* * *
У ноч на 9 жніўня аналітычны праект DeepState паведаміў пра акупацыю расійскімі войскамі двух населеных пунктаў Данецкай вобласці, а таксама аб прасоўванні арміі РФ па шэрагу іншых кірункаў. «Вораг акупаваў Новахацкае і Талстое, а таксама прасунуўся паблізу Верхнекаменскага, Наваспаскага, Ніканараўкі, у Васкрасенцы, Зялёным Гаі і Тарэцку», — гаворыцца ў паведамленні DeepState.
* * *
У ноч на 9 жніўня расійскія войскі здзейснілі масіраваную атаку па Украіне, запусціўшы 47 ударных беспілотнікаў тыпу Shahed і дронаў іншых тыпаў, а таксама дзве крылатыя ракеты Іскандэр-К.
Супрацьпаветраная абарона знішчыла або задушыла адну крылатую ракету Іскандэр-К і 16 беспілотнікаў.
Раніцай 9 жніўня расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар па Дняпры. У выніку абстрэлу параненыя тры чалавекі, зафіксаваныя разбурэнні грамадзянскай інфраструктуры і пажары.
У ноч на 9 жніўня расійцы атакавалі беспілотнікамі Чугуеў Харкаўскай вобласці. У выніку ўдару два мірныя жыхары атрымалі раненні, пашкоджаны шматкватэрны дом.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў пра запланаваную на 15 жніўня 2025 года сустрэчу з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным у амерыканскім штаце Аляска.
«Доўгачаканая сустрэча паміж мной, як прэзідэнтам ЗША, і лідарам Расіі Уладзімірам Пуціным адбудзецца ў наступную пятніцу, 15 жніўня 2025 года, у вялікім штаце Аляска. Далейшыя падрабязнасці будуць паведамленыя пазней. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытання!» — напісаў Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social.
* * *
Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін заявіў спецпасланніку прэзідэнта ЗША Стыву Віткофу, што Расія спыніць баявыя дзеянні ва Украіне ў абмен на тэрытарыяльныя саступкі з боку Кіева і міжнароднае прызнанне акупаваных тэрыторый, піша The Wall Street Journal.
Паводле інфармацыі крыніц, Пуцін заявіў Уіткафу, што пагодзіцца на поўнае спыненне агню, калі Украіна выведзе войскі з усёй тэрыторыі Данецкай вобласці. У такім выпадку Расія будзе кантраляваць Данецкую і Луганскую вобласці, а таксама Крым, анэксаваны ў 2014 годзе, які Масква патрабуе прызнаць сваёй суверэннай тэрыторыяй.
Еўрапейскія і ўкраінскія чыноўнікі, якіх на гэтым тыдні праінфармавалі прэзідэнт Трамп і Уіткаф падчас серыі тэлефонных званкоў, выказалі сур'ёзныя агаворкі, лічачы, што Крэмль не бярэ на сябе ніякіх істотных абавязацельстваў, акрамя спынення баявых дзеянняў. Яны заявілі, што асцерагаюцца, што Пуцін проста выкарыстоўвае гэтую прапанову як тактычны ход, каб пазбегнуць новых жорсткіх санкцый і тарыфаў з боку ЗША, без рэальнага намеру завяршыць вайну.
Трамп прызнаў, што ініцыятыва Пуціна не з'яўляецца прарывам, але досыць прывабная, каб пачаць падрыхтоўку да двухбаковага саміту.
У прапанове Пуціна пытанне гарантый бяспекі для Украіны і яе імкнення да сяброўства ў NATO не разглядалася. У рамках прапановы Пуцін сказаў, што ягоны ўрад прыме закон, які абавяжа Расію не нападаць на Украіну ці Еўропу. У ЕС да гэтага паставіліся з глыбокім скепсісам.
* * *
Трамп заявіў, што магчымы мірны план прадугледжвае вяртанне Украіне часткі тэрыторый і ўзаемны абмен зямель з Расіяй. Пра гэта ён заявіў, размаўляючы з журналістамі ў Белым доме.
Трамп сказаў, што ЗША разглядаюць варыянт дамоўленасцяў, які ўключаў бы ўзаемныя тэрытарыяльныя саступкі. Паводле яго слоў, гэта складаны працэс, які павінен прынесці выгаду абодвум бакам. Гаворка ідзе пра тое, што Украіна магла б перадаць пад кантроль Расіі пэўныя тэрыторыі, а наўзамен Масква павінна была б вярнуць Кіеву частку раёнаў, якія цяпер знаходзяцца пад яе акупацыяй.
Трамп адзначыў, што падобны падыход, на ягоную думку, мог бы наблізіць заканчэнне баявых дзеянняў, але падкрэсліў, што канчатковыя рашэнні залежаць ад перамоваў паміж бакамі і палітычнай волі як Кіева, так і Масквы.
* * *
Украіна не пойдзе на тэрытарыяльныя саступкі Расіі пры абмеркаванні мірнага пагаднення, але гатовая да рэальных рашэнняў, якія забяспечаць справядлівы і працяглы мір, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі датычна будучай сустрэчы кіраўніка ЗША Дональда Трампа і кіраўніка Крамля Пуціна.
«Адказ на ўкраінскае тэрытарыяльнае пытанне ўжо ёсць у Канстытуцыі Украіны. Адступаць ад гэтага ніхто не будзе і не зможа. Дарыць сваю зямлю акупанту ўкраінцы не будуць», — заявіў ён.
Зяленскі адзначыў, што Украіна гатовая да рэальных рашэнняў: «Усе партнёры павінны разумець, што такое годны мір. Гэтую вайну трэба заканчваць, і Расія павінна яе скончыць. Расія яе пачала і зацягвае, не слухаючы ніякіх дэдлайнаў, і менавіта гэта праблема, а не нешта іншае».
* * *
Высокапастаўленыя чыноўнікі са Злучаных Штатаў, Украіны і некалькіх еўрапейскіх краін плануюць сустрэцца ў гэтыя выходныя ў Вялікабрытаніі, каб узгадніць пазіцыі перад запланаванай сустрэчай прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным, паведамляе Axios.
Украіна і частка хаўруснікаў у NATO занепакоеныя тым, што Трамп можа пагадзіцца на ўмовы Пуціна без уліку іх пазіцый. Украінскія чыноўнікі кажуць, што не да канца разумеюць дэталі расійскай прапановы і пазіцыю ЗША, бо ў адной з размоваў Уіткаф сказаў, што Пуцін адмовіцца ад прэтэнзій на часткова акупаваныя тэрыторыі Херсонскай і Запарожскай абласцей. Аднак на наступны дзень, падчас відэаканферэнцыі Уіткаф удакладніў, што Пуцін пагадзіўся толькі замарозіць бягучыя пазіцыі Расіі ў гэтых рэгіёнах.
Адзін з прадстаўнікоў Украіны паведаміў Axios, што нават калі Зяленскі пагодзіцца на патрабаванні Пуціна, ён будзе вымушаны абвясціць рэферэндум, бо паводле Канстытуцыі Украіны, ён не можа аддаваць тэрыторыі.