Дональд Трамп плануе ў першыя ж хвіліны сустрэчы зразумець, ці можна мець справу з Пуціным
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ў «першыя дзве хвіліны» сустрэчы з Пуціным дакладна будзе ведаць, «ці можна ўкласці пагадненне» пра мір ва Украіне. У той жа час эксперты ўжо цяпер кажуць, што Пуцін не жадае спыняць вайну. А расійскія войскі рыхтуюцца не да міру, а да новых наступальных аперацый. Ідуць 1266-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 168 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 12 жніўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 48 наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Палтаўкі, Папова Яру, Маяку, Дарожнага, Кучарава Яру, Уладзіміраўкі, Новаэканамічнага, Сухецкага, Радзінскага, Удалага, Лісоўкі, Зверава, Арэхава, Дачнае.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 24 атакі расіян паблізу Вольнага Поля, Маліеўкі, Зялёнага Гаю, Васкрасенкі, Мірнага і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы 20 разоў атакавалі паблізу Рэдкадубу, Карпаўкі, Студні, Мірнага, Серабранкі і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі адбылося 13 боесутыкненняў.
На Купянскім кірунку за мінулыя суткі адбылося дзевяць атак расіян паблізу Стэпавай Навасёлаўкі, Кандрашоўкі, Купянску, Загрызава, Багуслаўкі.
На Северскім і Тарэцкім кірунках зафіксавана па восем атак на кожным.
* * *
Аналітычны цэнтр DeepState паведамляе, што расійскія войскі ў апошнія дні актывізавалі прасоўванне ў кірунку Дабраполля, у прыватнасці спрабуюць замацавацца паблізу трасы Дабраполле-Краматорск.
Як паведаміў праект DeepState, расійцы з дапамогай пераўзыходнай колькасці пяхоты ўвайшлі ў Фурманаў Яр і Залаты калодзеж, дзе назапашваюць сілы для далейшага наступу. З Кучарава Яру расійцы прасунуліся ў вёску Вясёлае, дзе за апошнія суткі зафіксавалі блізу 20 вайскоўцаў РФ.
«Абстаноўка даволі хаатычная, бо вораг, знайшоўшы прабелы ў абароне, прасочваецца ўглыбіню, спрабуе хутка замацавацца, назапашвацца для далейшага прасоўвання, у той час як некаторыя асобы ў камандаванні альбо не разумеюць праблему, альбо падаюць сітуацыю як "кантраляваную", у якой "усіх забілі, усіх спынілі". Аднак з гэтым не згодныя самі вайскоўцы, якія трымаюць там абарону і спрабуюць зразумець, што адбываецца», — адзначаюць у DeepState.
DeepState папярэджвае, што ў выпадку замацавання расійскіх войскаў у захопленых вёсках і далейшага развіцця наступу, сітуацыя можа пагражаць больш хуткім падзеннем Дабраполля, чым Пакроўска.
Пазней у АСГВ «Днепр» паведамілі, што на гэтым кірунку расійцы спрабуюць пранікаць невялікімі групамі міма першай лініі ўкраінскіх пазіцый.
«Інфільтрацыя такіх груп, хоць і выклікае неабходнасць прыцягнення рэзерваў для іх знішчэння, але не з'яўляецца "ўзяццем пад кантроль тэрыторыі". Неразуменне гэтага ўжо не раз выклікала памылкі пры аналізе сітуацыі і пры публічных абмеркаваннях у раёне Пакроўска-Мірнаградскай агламерацыі», — адзначылі ў АСГВ «Днепр» і дадалі, што ўкраінскія войскі прыкладаюць максімальныя намаганні, каб нават тыя групы расійцаў, якія здолелі пракрасціся праз першую лінію абароны, былі знішчаныя ў самыя кароткія тэрміны.
* * *
У ноч на 12 жніўня Расія атакавала Украіну 48-мю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў, а таксама 4-ма балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/KN-23. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 36 варожых БПЛА тыпу Shahed і дронаў іншых тыпаў.
У выніку расійскага ракетнага ўдару па тэрыторыі аднаго з навучальных падраздзяленняў Сухапутных войскаў УСУ ноччу 12 жніўня адзін вайсковец загінуў і яшчэ 23 пацярпелі.
«Нягледзячы на прынятыя меры бяспекі, падчас перамяшчэння ў абсталяваныя сховішчы, група вайскоўцаў трапіла ў зону паразы касетных боепрыпасаў. Вядома пра аднаго загінулага і 11 параненых рознай ступені цяжкасці. Яшчэ 12 вайскоўцаў звярнуліся па медыцынскую дапамогу са скаргамі на акубаратраўму і востры стрэс», — паведамілі Сухапутныя войскі УСУ ў Telegram
Паводле звестак расійскіх паблікаў, дроны атакавалі завод АТ «Монакрышталь» у Стаўрапалі на поўдні РФ. Завод — адзін з асноўных вытворцаў сапфіра для оптаэлектроннай прамысловасці.
Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны паведаміла, што нанеслі ўдар беспілотнікамі па «Арэнбургскім геліевым заводзе». Гэта адзінае ў Расіі прадпрыемства, якое вырабляе крытычна важны кампанент для вытворчасці ракет, у касмічнай галіны і авіяпрамысловасці.
Паводле звестак выдання Bloomberg, расійскі нафтаперапрацоўчы завод у Саратаве, які належыць ПАТ «Раснафта», спыніў прыём нафты пасля атакі дронаў у нядзелю.
Нафтаперапрацоўчы завод у Саратаве мае праектную магутнасць каля 140 000 барэляў нафты ў суткі. Bloomberg адзначае, што яго працяглае спыненне можа паўплываць на ўнутраныя пастаўкі бензіну менавіта ў той час, калі попыт на паліва дэманструе сезонны рост.
* * *

* * *
Кіраўнікі 26 дзяржаў-членаў Еўрапейскага Саюза напярэдадні сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна на Алясцы зацвердзілі сумесную заяву ў падтрымку Украіны. Адзіным, хто адмовіўся падпісаць дакумент, стаў прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан.
У заяве лідары ЕС падкрэслілі, што «міжнародныя межы не павінны змяняцца сілай», «народ Украіны павінен мець свабоду самастойна вырашаць сваю будучыню», а «шлях да міру ва Украіне не можа вызначацца без Украіны». Таксама яны падкрэслілі, што «змястоўныя перамовы могуць адбыцца толькі пры ўмове спынення агню або змяншэння баявых дзеянняў».
«Еўрапейскі Саюз, у каардынацыі з ЗША і іншымі блізкімі па пазіцыі партнёрамі, працягне аказваць палітычную, фінансавую, эканамічную, гуманітарную, ваенную і дыпламатычную падтрымку Украіне», – гаворыцца ў дакуменце.
«ЕС падкрэслівае неад'емнае права Украіны выбіраць свой лёс і працягне падтрымліваць Украіну на яе шляху да сяброўства ў ЕС», — заявілі лідары Еўрасаюза.
* * *
Кіраўнік групы па пытаннях Расіі і геапрасторавай разведкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) Джордж Барас у каментары «Укрінформ» папярэдзіў, што не варта чакаць прарываў ад сустрэчы лідэраў ЗША і РФ на Алясцы. На ягоную думку, Уладзімір Пуцін дагэтуль не праявіў ніякага жадання ісці на кампрамісы дзеля ўсталявання міру ва Украіне, таму саміт, відавочна, не зменіць гэтую сітуацыю.
У той жа час эксперт падкрэсліў, што Злучаныя Штаты валодаюць велізарнай сілай і рычагамі ўплыву і могуць дамагчыся выніку, калі ўжывуць іх у поўнай меры. «Дагэтуль урад ЗША адмаўляўся выкарыстоўваць усе свае магчымасці, каб прымусіць Пуціна сесці за стол перамоваў», — адзначыў ён.
* * *
Міністр абароны ЗША Піт Хегсет заявіў у эфіры Fox News, што амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп стварыў умовы для магчымага мірнага пагаднення з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным, аднак «будуць саступкі», якімі «ніхто не будзе задаволены».
«Прэзідэнт Трамп ужо змяніў правілы гульні. Ён стварыў умовы для магчымага мірнага ўрэгулявання, якое было яго мэтай з самага пачатку, на вельмі складаным полі бою. Я не думаю, што Пуцін пагадзіўся б на сустрэчу, калі б не адчуў ціску...
На этапе перамоваў могуць быць — і, верагодна, будуць — абмены тэрыторыямі. Будуць саступкі. Ніхто не будзе задаволены. Але калі хтосьці і зможа гэта зрабіць, то гэта прэзідэнт Трамп», — заявіў Хегсет.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не будзе прысутнічаць на ягоных перамовах з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным, запланаваных на 15 жніўня на Алясцы. Калі Трампа спыталі, ці будзе Зяленскі на перамовах, ён адказаў: «Яго не было ў спісе ўдзельнікаў».
Пры гэтым ён выказаў упэўненасць, што ў «першыя дзве хвіліны» сустрэчы з Пуціным дакладна будзе ведаць, «ці можна ўкласці пагадненне», і дапусціў, што наступная сустрэча магчымая ўжо паміж Пуціным і Зяленскім, або яна будзе трохбаковай з ягоным удзелам.
Трамп таксама сказаў, што ўрэшце «пасадзіць іх дваіх (Пуціна і Зяленскага) у адным пакоі... і ўсё вырашыцца».
* * *
Украіна разам з Еўропай і ЗША не павінна дазволіць Расіі зноў падмануць свет, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Telegram.
Ён падзякаваў лідарам ЕС за прынятую заяву ў падтрымку Украіны і дыпламатыі, якая можа дапамагчы завяршыць вайну годным мірам. «Сапраўды, мы ўсе падтрымліваем рашучасць прэзідэнта Трампа і павінны разам сфармаваць такія пазіцыі, якія не дазволяць Расіі чарговым разам падмануць свет», — адзначыў ён.
Пры гэтым, са слоў Зяленскага, расійцы рыхтуюцца не да спынення вайны, а да новых наступальных аперацый.
«Бачым, што расійская армія не рыхтуецца да спынення вайны. Наадварот, яны займаюцца такімі перасоўваннямі, якія сведчаць аб падрыхтоўцы новых наступальных аперацый. У такіх умовах важна, каб адзінству свету нічога не пагражала», — заявіў Зяленскі.