Больш за 3670 беларусаў асудзілі за пратэсты. Хронікі рэпрэсій 11 жніўня

Пяць гадоў таму па ўсёй краіне беларусы стыхійна выйшлі на вуліцы супраць фальсіфікацыі выбараў. З таго часу ўлады пачалі актыўна пераследаваць беларусаў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту як паводле адміністрацыйных артыкулаў, так і паводле крымінальных. Агулам з 2020 года паводле арт. 342 КК і ч. 2 арт. 293 КК асудзілі больш за 3 670 чалавек, піша «Вясна».

1_1097_1.png

Сярод асуджаных за пратэсты: шматдзетныя бацькі, людзі пенсійнага ўзросту, з інваліднасцю, а таксама тыя, каго затрымалі непаўнагадовымі. Але лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак у праваабаронцаў.

У апошнія месяцы, па інфармацыі «Вясны», беларусам сталі актыўней прад'яўляць абвінавачванні паводле арт. 342 КК (арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Гэта звязана з тым, што хутка міне 5 гадоў з моманту акцый пратэсту, а значыць скончыцца тэрмін даўніны прыцягнення да адказнасці паводле гэтага артыкулы і людзей больш не змогуць судзіць.

Вядома, што нароўні з адносна мяккім пакараннем паводле арт. 342 КК у выглядзе «хатняй хіміі», за ўдзел у акцыях пратэсту да гэтага часу прызначаюць і пазбаўленне волі. Каб вылічыць і прыцягнуць да адказнасці як мага больш удзельнікаў пратэстаў, блізкія да сілавікоў тэлеграм-каналы пачалі публікаваць фота і відэа з пратэстаў у розных гарадах Беларусі з заклікам паведамляць даныя тых, каго можна распазнаць. Акрамя гэтага, у апошнія месяцы ўзмацніліся праверкі на мяжы з Беларуссю. У тых, хто вяртаецца ў краіну, пільна правяраюць тэлефоны, і, калі знаходзяць фота з пратэстаў, або каментары ці данаты, затрымліваюць наўпрост на мяжы і змяшчаюць пад варту.

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1733 дні, Дзяніс Івашын — 1613 дні. 

У гродзенскіх арганізацыях працягваюцца палітычныя звальненні

Чалавек, знаёмы з сітуацыяй у заводаўпраўленні на «Гродна-Азоце», кажа, што не так даўно звальнялі тых, каго адшукалі сярод удзельнікаў аднаго з пратэсных маршаў, і чалавека з каманды Віктара Бабарыкі, піша «Наша Ніва». Раней на заводзе актыўна высвятлялі, у каго з супрацоўнікаў ёсць карта паляка. Цяпер гэтым менш займаюцца. За наяўнасць карты паляка з працы не звальняюць, але новы кантракт не падпішуць.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце таксама працягваюць звальняць — дакладней, не працягваць кантракты — недастаткова лаяльным выкладчыкам.

Са слоў чалавека, знаёмага з сітуацыяй, гэтую практыку не спыняюць нават нягледзячы на недахоп выкладчыкаў. Крыніцы вядома адразу пра некалькі калег, якія не выйдуць на працу з 1 верасня з-за таго, што ім не працягнулі кантракт з-за палітычных прычын.

Выяўляць нелаяльных супрацоўнікаў працягваюць і ў «Гроднааблгазе». Хоць за столькі гадоў ужо амаль не засталося людзей, на якіх можна адшукаць кампрамат.

Роўна 5 гадоў таму ў Брэсце падчас пратэстаў смяротна паранілі Генадзя Шутава

Вечарам 11 жніўня 2020 у Брэсце працягваліся пратэсты пасля выбараў.

Па афіцыйнай версіі, непадалёк ад будынку адміністрацыі Маскоўскага раёну Генадзь разам з сябрам Аляксандрам Кардзюковым з арматурай напалі на міліцыянтаў. Таму сілавікам нібы прыйшлося прымяніць зброю. Але на запісе з камер ніякага нападу з арматурай няма. 

6 лютага 2021 года ў Брэсце пачаўся суд. На лаве падсудных быў толькі Аляксандр Кардзюкоў, яго перавезлі ў Брэст з СІЗА №1 Мінска напярэдадні працэсу. Памерлы Генадзь Шутаў на працэсе праходзіў як абвінавачаны.

Вайскоўцы часткі № 89417 (Сілы спецыяльных аперацый) у Мар’інай Горцы капітан Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсеній Галіцын на судзе прысутнічалі ў якасці пацярпелых.

Паводле версіі следства, Кардзюкоў і Шутаў «мэтанакіравана падышлі да Гаўрылава і Галіцына», пасля чаго Кардзюкоў «нанёс удар Гаўрылаву металічнай трубой». Капітан Гаўрылаў, абараняючыся, спачатку стрэліў у паветра, а потым вырашыў стрэліць у Генадзя Шутава, «у вобласць левага перадплечча». Аднак ад таго, што не змог сканцэнтравацца пасля ўдару па галаве, пацэліў Шутаву ў патыліцу. Стрэл быў смяротны. Генадзь Шутаў памёр у шпіталі 19 жніўня.

25 лютага 2021 года Брэсцкі абласны суд прызнаў Аляксандра Кардзюкова вінаватым у супраціўленні асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, а таксама ў спробе забойства. Суддзя Святлана Крамянеўская прысудзіла мужчыну 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.  Пакарання для сілавікоў, датычных да яго смерці, дагэтуль няма.