Кен Сібата: ад Багдановіча да Статутаў ВКЛ і... Місімы
Японскі беларусіст, а таксама юрыст Кен Сібата перадусім вядомы, як перакладнік Максіма Багдановіча на японскую мову і як адзін зь вельмі рэдкіх перакладнікаў беларускіх твораў наўпрост зь беларускае мовы, а не праз расейскую ці іншыя мовы-пасярэдніцы. На пачатку жніўня Кен Сібата наведаў Вільню. 7 жніўня ён выступіў у «Кропцы», а 9 жніўня па запрашэньні Беларускага таварыства культуры ў Летуве — у Польскім доме.

Свой выступ Сібата пачаў стрымана і проста: з чытаньня вершаў Багдановіча па-японску, што літаральна загіпнатызавала ўсіх прысутных касьмічным люляньнем. Пасьля паціху завязалася цікавая размова. Усіх цікавіла чаму ж Максім Багдановіч? Перакладнік прызнаўся, што адказаць на гэтае пытаньне складана, да ўсяго ня трэба забываць пра суб’ектыўны чыньнік простых чалавечых прэфэрэнцыяў і густаў. Кена проста зачаравалі як вершы, так проза, артыкулы М. Багдановіча. З набытага ў менскім Музэі Багдановіча збору твораў клясыка К. Сібата прачытаў усе тэксты: яго шармавалі вершы, але потым уразілі і публіцыстычныя артыкулы паэта. Цікава, што менавіта праз Багдановіча ён даведаўся пра тое, што доўгі час мовай ВКЛ была старабеларуская мова, а Статуты ВКЛ былі напісаныя на гэтай мове. Дзіўным чынам, пачаўшы, як філёляг, Кен Сібата, дзякуючы Максіму Багдановічу, зацікавіўся правам, гісторыяй права і пачаў чытаць і вывучаць Статуты ВКЛ. У выніку Кен авалодаў старабеларускай мовай і пасьля бакаляўрыяту і магістратуры, на якіях фінальныя працы прысьвяціў творчасьці М. Багдановіча, паступіў у дактарантуру публічнага права юрыдычнага факультэту Ўнівэрсытэту Васэда (Токіё), дзе дасьледуе гісторыю права ВКЛ і Беларусі. Сам Кен заўважыў, што цяпер ён няблага разьбіраецца ў старабеларускай мове, а вось стараяпонская мова застаецца для яго малазразумелая, як і для абсалютнай большасьці японцаў.

Але ня толькі Максім Багдановіч цікавіць беларусіста, блізкая яму таксама паэзія Цёткі, Янкі Купалы і Якуба Коласа. З сучасных паэтак-аў Кен нікога не назваў выключна праз пашану да клясыкаў. Бо, вядома, актыўна чытае ён і сучасную беларускую літаратуру. Вельмі шкадаваў Кен, што дасюль зусім мала беларускіх тэкстаў перакладалася на японскую, а калі і перакладалася, то з расейскай мовы. Кен належыць да піянэраў японскага перакладу і новай японска-беларускай перакладніцкай традыцыі, якая абыходзіцца бяз мовы-пасярэдніцы. Варта адзначыць, што пакуль Кен перакладае выключна зь беларускае на японскую, але марыць пра пераклад зь японскай на беларускую. І ён бы пачаў зь перакладу на беларускую твораў Ю. Місімы! Перакладнік прызнае, што гэта вельмі складаная задума, бо японская мова Місімы ня з простых.
Вядома, гутарка закранула і 2020 год, які павялічыў інтарэс японскага грамадзтва да Беларусі і нашага рэгіёну наагул. Праўда, як зазначыў Кен, вайна ва Ўкраіне пералучыла зацікаўленасьць японцаў зь беларускай тэмы на ўкраінскую. І хоць у Японіі амаль немагчыма знайсьці беларускамоўных асобаў і тым больш беларускіх цэнтраў, навуковы інтарэс Беларусьсю застаецца значным у японскіх унівэрсытэтах. У Японіі калі-нікалі выходзяць выданьні на беларускую тэматыку, праўда, пераважна ў афіцыйным асьвятленіі з перабольшанай дыпляматычнасьцю, у выніку зьвесткі пра Беларусь да японскага чытацтва даходзяць зусім без крытычнага падыходу. Менавіта гэты факт падштурхнуў Кена напісаць эсэ «Беларусь: гісторыя талерантнасьці і цярпеньня», у якім падаў крытычны матэрыял пра нашую краіну, у тым ліку згадаў падзеі 2020 году.

Кніга выйшла ў 2025 годзе і стала крытычнай і альтэрнатыўнай ведай пра нашу краіну ў сучаснай Японіі. Да ўсяго, як юрыст, Кен закрануў пытаньне зьняволеньня японскіх грамадзянаў у Беларусі: гэтая тэма яшчэ больш прыкула японскае грамадзтва да беларускай тэмы.

З 2013 году, калі Кен правёў год у Менску, доўжыцца раман маладога японца зь беларускай мовай, якую ён лічыць надзвычай мэлядычнай, а таму падобнай да японскай. Зрэшты, не аднойчы Кен падкрэсьліваў падабенства беларусаў і японцаў: рахманасьць, стрыманасьць, далікатнасьць (часам залішняя) і перавага сацыяльнага над гвалтоўным, што асабліва праявілася ў 2020 годзе.
Многія цікавіліся, як Кену ўдалося так добра авалодаць беларускай мовай, калі шмат саміх беларусаў-ак дасюль так і не перайшло на родную мову. Зноў жа проста і мудра адказаў японскі беларусіст, спаслаўшыся на Ф. Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» З вуснаў японца гэта гучала адначасова як перасьцярога, просьба, заклінаньне і загад. Потым Кен дадаў, што безь беларускай мовы ён ня мог бы зразумець беларускай культуры, мэнтальнасьці нашых людзей, так бы мовіць беларускага коду, таму прыехаўшы ў 2013 годзе ў Менск, у яго нават і не паўстала пытаньня — не вывучаць беларускай мовы. А яшчэ Кен Сібата ўдала пакпіў зь беларусаў. На пытаньне «Ці ня блытаеце вы беларускія словы з расейскімі?» (бо Кен вывучаў таксама расейскую мову), ён шчыра адказаў: «Бывае, блытаю, але ня так часта, як гэта робяць беларусы...»

Кен Сібата і аўтар артыкулу Уладзіслаў Гарбацкі
Напрыканцы, не абыйшлося і бяз гумару. Пытаньне «Якія дранікі смачней: з мукой ці без?» падзяліла прысутных на два лягеры. Японскі беларусіст падтрымаў тых, хто гатуюць дранікі без мукі. Дарэчы, для сваіх сяброў і родных у Японіі ён часта гатуе дранікі.
Апрача выступу Кена Сібаты ў імпрэзе прынялі ўдзел хор «ПраДзіва», музыкі Паліна Курановіч і Вячка Красулін. Дзякуючы Вячку Красуліну, Кен Сібата навучыўся танчыць польку.