Паводле палітычных справаў у Беларусі ў лютым асудзілі амаль 160 чалавек. Хронікі рэпрэсій 17 сакавіка
У лютым праваабаронцы фіксавалі захаванне ўстойлівай тэндэнцыі пераследу грамадзян паводле палітычных матываў у крымінальным парадку. Прынамсі 156 чалавек былі асуджаныя за месяц. З гэтай колькасці 114 складаюць мужчыны, 42 — жанчыны. Яшчэ пяцёра грамадзян былі рэпрэсаваныя ў межах спецыяльнай вытворчасці. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 17 сакавіка.

- Рэгіянальная структура пераследу ў лютым выглядала наступным чынам:
Мінск – 74 чалавекі;
Мінская вобласць – 26 чалавек;
Гродзенская вобласць – 13 чалавек;
Брэсцкая вобласць – 20 чалавек;
Віцебская вобласць – 12 чалавек;
Магілёўская вобласць – 6 чалавек;
Гомельская вобласць – 5 чалавек.
- У лютым адбыўся ўсплёск па колькасці сем'яў або групаў сваякоў, што трапляюць у жорны рэпрэсій;
- Цягам лютага зафіксаваны ўсплёск справаў, паводле якіх ахвяры рэпрэсій праходзілі ў другі і наступны разы.
Тое, што ўзровень рэпрэсій не зніжаецца, сведчаць і іншыя лічбы. Напрыклад, толькі за адзін месяц у Гомельскай вобласці распачата 50 крымінальных і больш за 120 адміністрацыйных палітычных спраў
Паводле міліцэйскіх звестак, у студзені 2025 года ў Гомельскай вобласці «зафіксавана 50 злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці», па якіх устаноўлены 34 падазроныя. Гэта значыць, што некаторым фігурантам ставяць у віну не адзін, а шэраг палітычна матываваных артыкулаў КК.
Часцей за ўсё гэта «абраза Лукашэнкі» ці прадстаўнікоў улады, «распальванне варожасці», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», піша @flagshtok.
Таксама паводле інфармацыі МУС за студзень было складзена 122 пратаколы за «экстрэмісцкія падпіскі».
Японца Наканісі Масатосі асудзілі да 7 гадоў калоніі за фота чыгункі
У Мінскім гарадскім судзе агучылі прысуд палітзняволенаму Наканісі Масатосі — сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (21 тысяча рублёў). Палітвязню прызначылі максімальны тэрмін зняволення.
Яго абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасці» (арт. 358-1 КК) з 2018-га па 2024-ы гады. Працэс у закрытым рэжыме з 14 студзеня вяла суддзя Анжэла Касцюкевіч.
Наканісі — грамадзянін Японіі. Яго затрымалі яшчэ ў ліпені 2024 года, але падрабязнасці яго пераследу распавялі ў сюжэце БТ толькі ў верасні. Сцвярджалася, што мужчына «ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару».
У Мінску пачалі судзіць эстонца і вядомага баскетбольнага суддзю
Мінскі гарадскі суд 17 сакавіка пачаў разглядаць крымінальную справу супраць эстонца Алана Роя і баскетбольнага суддзі Аляксандра Сырыцы, якога затрымалі летась па вяртанні ў Беларусь. Палітвязняў больш за год утрымліваюць пад вартай. Іх справу будзе разглядаць суддзя Анжэла Касцюкевіч.
У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім); ч. 1 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі); ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі); ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы); ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).
Вядома, што 16 студзеня 2024 года КДБ прыняў рашэнне аб прызнанні «экстрэмісцкім фармаваннем» фонду «Fund of Belarus Friend LTD». У рашэнні ведамства былі пазначаныя людзі, якія нібыта маюць дачыненне да фонду: Алег Стэфановіч і Аляксандр Сырыца, а таксама Алан Роя.
Майстрыцу манікюра сёння судзілі за ўдзел у пратэстах
Карыне Фасевіч 29 гадоў. Яна мінчанка, працуе майстрыцай па манікюры. У Карыны ёсць непаўналетні сын, пісала (https://nashaniva.com/363526) «Наша Ніва».
Дзяўчыну пачынаюць судзіць 17 сакавіка ў Фрунзенскім раённым судзе Мінска. Яе абвінавачваюць па «народным» арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
У «экстрэмісцкі» спіс дадалі суполку ў «Аднакласніках» «БОРИСОВЧАНЕ»
Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 12 сакавіка.
У гэтай суполцы больш за 5600 удзельнікаў і яна аб'ядноўвае «асобаў, якія жылі і жывуць у Барысаве».
1600 дзён у няволі анарха-партызаны
Анархістаў Дзмітрыя Дубоўскага, Ігара Аліневіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Рэзановіча затрымалі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Іх абвінавацілі па некалькіх артыкулах за захоўванне зброі, падпал аўтамабіляў, будынку ДАІ і Дзяржкамітэта судовых экспертыз.
Першапачаткова суд прызначыў анархістам ад 18 да 20 гадоў калоніі, але пазней Дзмітрыю Дубаўскаму дадалі тэрмін па справе 2010 года, а Дзмітрый Разановіч і Сяргей Раманаў былі асуджаныя па арт.411 КК на дадатковыя тэрміны.
Адрасы для лістоў:
Аліневіч Ігар Уладзіміравіч
Турма № 8, вул. Савецкая, 22а
г. Жодзіна, 222163
Дубоўскі Дзмітрый Мікалаевіч
Турма № 4, вул. Крупскай 99А,
г. Магілёў, 212011
Раманаў Сяргей Аляксандравіч
ПК-11, вул. Ракасоўскага, 118
г. Ваўкавыск,
Гродзенская вобласць, 231900
Разановіч Дзмітрый Рыгоравіч
ПК № 14, вул. Міра, 1а,
с. н. п. Навасады,
Мінская вобласць, 222125