«Урад Беларусі дайшоў да вельмі грубых парушэнняў правоў чалавека». Хронікі рэпрэсій 20 сакавіка
Цэнтр правоў чалавека» пры ААН прэзентаваў даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, піша Свабода. Дакумент падрыхтавалі некалькі незалежных экспертаў, якія ацэньвалі ўсе акалічнасці становішча з правамі чалавека ў Беларусі. Прапануем вам асноўную інфармацыю пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі на 20 сакавіка.

Даклад Групы незалежных экспертаў аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ўжо апублікавалі на сайце Лічбавай бібліятэкі ААН.
На адмысловай прэс-канферэнцыі з гэтай нагоды ў Жэневе выступілі прадстаўнікі Беларускай групы незалежных экспертаў Карына Маскаленка, Сьюзан Базыллі і Маніка Станіслава Платэк, піша Свабода.
Кіраўніца Беларускай групы незалежных экспертаў Карына Маскаленка адзначыла, што група экспертаў прыйшла да высновы: урад Беларусі дайшоў да вельмі грубых парушэнняў правоў чалавека. Гэта, сярод іншага, катаванні зняволеных, у прыватнасці з выкарыстаннем электрашокераў; вербальныя і фізічныя здзекі з ЛГБТ-персонаў.
Таксама Карына Маскаленка адзначыла, што тысячы беларусаў пакінулі краіну праз пераслед.
Улады Беларусі, як выявілі эксперты ААН, шырока выкарыстоўваюць сістэму відэасачэння, каб пераследаваць нязгодных.
Ад імя групы экспертаў Карына Маскаленка заклікала да расследавання злачынстваў і прыцягнення да адказнасці вінаватых.
Раней у межах 58-й сесіі Рады правоў чалавека ААН прайшоў інтэрактыўны дыялог, у межах якога група незалежных экспертаў прэзентавала даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і расказала пра сваю дзейнасць.
Як адзначыла Карына Маскаленка, улады Беларусі не супрацоўнічалі з групай: не адказвалі на запыты аб доступе ў краіну і пра інфармацыю аб месцах няволі. Эксперткі склалі мапу ўсіх месцаў няволі ў Беларусі, у якіх парушаюцца правы чалавека. Яны таксама рыхтуюць індывідуальныя біяграфіі асобаў, найбольш вінаватых у парушэннях правоў чалавека.
Праваабаронцы прызналі былымі палітвязнямі яшчэ 91 чалавека
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала былымі палітвязнямі яшчэ 91 чалавека, вынікае з сумеснай заявы на сайце цэнтра “Вясна”.
Адпаведным статусам надзеленыя Эліна Лапухіна, Дзмітрый Цімафіевіч, Аляксандр Алейнікаў, Антаніна Церабей, Крысціна Маліноўская, Дзмітрый Жарнасек, Лізавета Жарнасек, Аляксей Маладык, Васіль Лось, Віталь Мурашка, Міхаіл Ляшуковіч, Аляксандра Саковіч, Аляксей Камароўскі, Аляксандр Залеўскі, Аляксей Захараў, Ілля Сілкоў, Міхаіл Бажкевіч, Павел Ярмілаў, Дзмітрый Емяльянаў, Артур Мустыгін, Алена Драбудзька, Віталь Алтухоў, Іван Нарко, Роберт Радкевіч, Наталля Сівіцкая, Яна Герасімовіч, Павел Якубовіч, Іван Пархомчык, Анастасія Лазарава, Аляксандр Уласевіч, Сяргей Маслаў, Міхаіл Савіч, Яна Цэгла, Таццяна Бузуй, Андрэй Рагалевіч, Ганна-Луіза Бялькевіч, Мікіта Каваленка, Віктар Карагода, Людміла Цыбульская, Юлія Шапель, Сяргей Цярэшчанка, Дзяніс Хатылёў, Дзмітрый Зыбін, Дзмітрый Пратасевіч, Дзмітрый Салавенчык, Канстанцін Мерманішвілі, Канстанцін Алёхін, Мікіта Богуш, Віктар Слабадзянюк, Наталля Суханіцкая, Аляксандр Мартынюк, Руслан Бадамшын, Максім Буканаў, Дзяніс Ермаковіч, Аляксандр Войніч, Міхаіл Каралёў, Пётр Бахар, Лізавета Мядзведская, Аляксандра Мядзведская, Леанід Астапенка, Вольга Піліпенка, Аксана Воінава, Сяргей Калеснікаў, Максім Дзівак, Павел Цікач, Марына Навумовіч, Юрый Красніцкі, Андрэй Бандаровіч, Аляксей Біжко, Кацярына Батура, Святлана Дубовік, Арсеній Турукін, Максім Гансіеўскі, Раман Кузьмянкоў, Антон Карпаў, Дзмітрый Зубараў, Дзмітрый Анацка, Валянцін Заўялаў, Бондараў Віталь, Дзяніс Кацур, Аліна Авідзенка, Аксана Ткачук, Мікалай Савіцкі, Марыя Мельнік, Валянцін Іваноўскі (пасмяротна), Антон Жукоўскі, Мікалай Шугаеў, Дзяніс Штэрцэр, Ілля Бычкоўскі, Дзяніс Ганчар, Андрэй Шабуня.
У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — аналітычны цэнтр "Цэнтр новых ідэй"
Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 10 сакавіка.
Паводле ведамства, дачыненне да праекту маюць Рыгор Астапеня, Леся Руднік, Антон Раднянкоў, Генадзь Коршунаў, Дар'я Рублеўская, Павел Мацукевіч, Стас Гарэлік, Анастасія Жаўрыд.
Супраць 15 журналістаў беларускай службы «Радыё Свабода» ў 2024 годзе завочна распачата крымінальная вытворчасць
У 2024 годзе завочна ўзбуджаныя крымінальныя справы ў дачыненні да «паўтара дзясятка журналістаў беларускай службы «Радыё Свабода», паведаміў у сюжэце на ютуб-канале рэдакцыі журналіст Дзмітрый Гурневіч, піша «Позірк».
Паведамляецца таксама пра ператрусы і допыты, з якімі сутыкнуліся сваякі супрацоўнікаў.
Падрабязнасці не прыводзяцца.
14 студзеня стала вядома, што палітычны аглядальнік «РС» Юры Дракахруст унесены ў базу вышуку МУС Расіі «па артыкуле КК», нумар не названы.
Шэраг супрацоўнікаў быў падвергнуты палітычным рэпрэсіям. Праз крымінальныя тэрміны прайшлі журналісты Алег Груздзіловіч і Андрэй Кузнечык. На сёння ў няволі і ў статусе палітвязняў застаюцца звязаныя з «РС» Ігар Карней і Ігар Лосік.
Паводле даных Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 20 сакавіка ў Беларусі ў няволі знаходзяцца 40 журналістаў.
Арыштаванага стэндап-коміка Арцемія Астаніна збівалі дручкамі і катавалі токам беларускія сілавікі
Пра гэта ён паведаміў свайму адвакату. Як паведаміў абаронца Арцемія, падчас канваіравання з Беларусі ў Расію коміка завезлі ў лес, дзе сталі збіваць тры чалавекі.
Падчас медагляду ў маскоўскім шпіталі Арцемію дыягнаставалі пералом пазванка, сінякі і праблемы з дыхальнымі шляхамі і лёгкімі.
Пра гэта сёння паведаміў тг-канал "Осторожно, новости", заўважыла «Наша НІва».
Віцебскаму лекару, асуджанаму да 4 гадоў калоніі, пакінулі прысуд без зменаў
У Віцебскім абласным судзе 23 снежня быў вынесены прысуд 38-гадоваму лекару Аляксандру Рандарэнку — чатыры гады калоніі. Яго абвінавацілі ў «рэабілітацыі нацызму» (ч. 1 арт. 130-1 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Працэс у закрытым рэжыме вёў суддзя Яўген Буруноў. Таксама суд прыняў рашэнне канфіскаваць яго тэлефон.
Аляксандра затрымалі ў красавіку 2024 года разам з сябрам — падчас анлайн-стрыма з правакатарам яны сказалі, што «святкуюць» тэракт у «Крокус Сіці Холе». На апублікаваным «пакаяльным» відэа бачна, як яго моцна збілі. Пасля затрымання яго мінімум пяць разоў судзілі па адміністрацыйных справах.
Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Таццяны Васілевіч пакінула прысуд Аляксандру без зменаў, а скаргу — без задавальнення, паведамляе Генеральная пракуратура.
«Экстрэмісцкімі» былі прызнаныя ўсе сацсеткі партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»
Адпаведнае рашэнне было прынятае яшчэ 20 снежня 2024 года судом Міёрскага раёну Віцебскай вобласці. Але інфармацыя аб гэтым з'явілася ў «Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» толькі цяпер.
Спіс папоўнілі Facebook-старонка "olga.karatch.belarus", суполкі ў "Аднакласніках" "Свабодныя людзі", "Объявления Пинска - Pinsk.Biz", "Объединенный штаб Тихановской, Бабарико и Цепкало", "Брест. Вчера и Сегодня", "Есть такие Чудесные Люди", "Г.Пинск 85рп 1985-1989г.г.", старонкі ў "Х", "Youtube", "Укантакце", "Telegram", "Facebook" палітычнай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", Telegram-канал і ўсе візуальныя матэрыялы суполкі "Tactical group ATHENA | АФІНА", суполку ва "Укантакце" "Общество защиты мира и Справедливости", чат, лагатып і ўсе візуальныя матэрыялы Telegram-канала "Витебск, я гуляю!", суполка ў Тэлеграме "Стромкае піке", а таксама яе лагатып і ўсе візуальныя матэрыялы, старонкі ў Instagram "xbazyl", "mindend._", старонка ў "Аднакласніках" "Tamara De Gennaro (Машарская)", Youtube-канал "Беларусь live", сайт, "Facebook", "Instagram", "Youtube", "X" суполкі "Belarus Together - БЕЛАРУСЬ РАЗАМ", Тэлеграм-каналы "Правий Берег Київ | Киев", "Типичная Беларусь Chat", старонка ў "Аднакласніках" "Страна Для Жизни".
Журналістка Гомельскага выдання «Штодзень» Ксенія Чындарава вымушана пакінула Беларусь
У студзені яе затрымлівалі на мяжы з Польшчай.
Выданне «Штодзень» прызналі «экстрэмісцкім» у 2023 годзе. Але, не гледзячы на гэта, Ксенія ўсцяж заставалася жыць у Беларусі і ўпотай працавала. У 2024 годзе журналістку выклікалі ў міліцыю ў аддзяленне па кібербяспецы. Там у яе папрасілі праверыць яе тэлефон, які нібыта адпраўляў фішынгавыя спасылкі.
У студзені Ксенію затрымалі падчас вяртання дадому на беларуска-польскай мяжы. Сілавікі праверылі тэлефон, знайшлі лайкі пад «экстрэмісцкімі» пастамі і арыштавалі. У выніку суду Ксенію аштрафавалі.
У журналісткі склалася ўражанне, што яе затрымалі выпадкова. Тым не менш яна ўсё роўна вырашыла з'язджаць з краіны і пачала да гэтага рыхтавацца. Праз некалькі тыдняў яе запрасілі ў КДБ, дзе пагражалі крымінальным тэрмінам, звальненнем і рэпрэсіямі супраць родных. Пасля гэтай размовы Ксенія Чындарава вырашыла зʼехаць з Беларусі.