Працяг пераследу былой галоўнай рэдактаркі «Новага Часу» і новыя прозвішчы ў «спісе тэрарыстаў». Хронікі рэпрэсій 18 сакавіка

Былая рэдактарка «Новага Часу» атрымала позву ў суд Валожынскага раёна — 19 сакавіка яе выклікаюць «у якасці асуджанай» па прадстаўленні мясцовага РАУС «аб замене прызначанага пакарання больш строгім». З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на 18 сакавіка.

1_1097_1.png

Нагадаем, Аксане Колб у 2022 годзе прызначылі 2,5 гады «хіміі», пасля прысуду яна аказалася часова вольнай і пакінула Беларусь. Напрыканцы 2024 года на Аксану Колб завялі яшчэ адну крымінальную справу. Журналістка кажа, што не ведае падрабязнасцяў пра новы крымінальны пераслед на радзіме:

«Мяне шукалі ў снежні 2024-га — пыталіся па адрасе маёй рэгістрацыі, ці не з’явілася я раптам. Справа заведзеная Следчым камітэтам у Брэсце нібыта «за дыскрэдытацыю» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Дакладнай інфармацыі наконт матываў адкрыцця гэтай справы, артыкулаў, сутнасці абвінавачанняў у мяне няма. Хоць тым, хто мяне шукаў, далі мой польскі кантакт — хацелі б, то звязаліся б», — адзначыла Аксана ў каментары @bajmedia.

У «спіс тэрарыстаў» дадалі 12 чалавек. Сярод іх — кіраўнік ліквідаванай Беларускай партыі «Зялёныя»

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы дванаццаці чалавек.

Сярод іх Ясімчык Людміла, Зачапіла Аляксей, Вабішчэвіч Павел, Зіненка Андрэй, Марозава Алена, Кучук Дзмітрый, Самародскі Алег, Мінчык Павел, Сідарэнка Дзмітрый, Старасценка Максім, Рандарэнка Аляксандр, Буневіч Мікалай.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1259 чалавек, з іх больш за 550 — беларусы.

Стала вядома пра смерць жыхара Гродна, якога асудзілі да «хатняй хіміі» за «абразу Лукашэнкі»

Аляксей Аўсюкевіч быў асуджаны Ленінскім раённым судом Гродна па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу — «абраза Лукашэнкі». У чым заключалася абраза, незразумела. Гродзенец атрымаў «хатнюю хімію, піша «Наша Ніва». Вядома, што 28 кастрычніка 2022 года мужчыну ўключылі ў «спіс экстрэмістаў».

Аўсюкевіч памёр 11 кастрычніка 2024 года. Невядома, ці ён яшчэ знаходзіўся на «хатняй хіміі», ці на той момант яна ўжо скончылася.

Пазначаная прычына смерці — R99, «іншыя неўдакладненыя прычыны смерці». Гэта значыць, што доктар адразу быў не ўпэўнены ў тым, чаму памёр чалавек, або падазраваў крымінальную прычыну смерці.

Затрыманы расійскі стэндап-комік Арцемій Астанін — праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што гэта адбылося ў Беларусі

Следчы камітэт Расіі паведамляе пра затрыманне Астаніна «пры спробе перасекчы мяжу Расійскай Федэрацыі». У дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа за «негатыўныя і абразлівыя каментары на адрас удзельніка спецыяльнай ваеннай аперацыі», якія стэндап-комік выказаў падчас канцэрту. Арцемій Астанін жартаваў пра адзін з расійскіх рэгіёнаў, дзе маці загінулых акупантаў Украіны атрымалі ў падарунак мясарубкі, піша @nashaniva. Беларускія сілавікі прычапілі на затрыманага расійскага стэндапера мясарубку.

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчына быў затрыманы ў Мінску і перададзены Расіі. Інфармацыі пра гэта ў прэс-рэлізе расійскага СК няма.

«Экстрэмісцкім» прызналі буйны Telegram-чат «Таксисты Бреста»

Адпаведнае рашэнне было прынятае 12 сакавіка судом Ленінскага раёну Брэста. У Telegram-чаце «Таксисты Бреста» больш за 1500 чалавек.

Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі сайт, сацсеткі і электронная пошта праекту «Гэта Моладзь», Instagram-старонка «olga.karatch», суполка ва «Укантакце» «ПСІХО || Беларусь», TikTok і Youtube-старонкі «s13ru», старонка ў «Х» «Maria Kalesnikava», Telegram-каналы і чаты «Беларусь в шоке! Chat», «Пабраціма», «Беларусы Куява-Памор’я», «Беларусы Торуня і Быдгашчы/Быдгощ», а таксама стары збор на сайце «zrzutka.pІ» для батальёна «Волат».