Журналіста Радыё Свабода Юрыя Дракахруста абвясцілі ў вышук у Расіі. Хронікі рэпрэсій 14 сакавіка
«Інтэграцыя працуе, як слушна сёньня заўважаў Лукашэнка», — напісаў пра гэта сёння сам журналіст у фэйсбуку. Нагадаем, учора стала вядома, што ў расійскай вышуковай базе з'явіліся імёны галоўнага рэдактара «Reform» Фёдара Паўлючэнкі і намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 14 сакавіка.

Упершыню за два гады для Уладзіміра Гундара прынялі прадуктовую перадачу
Палітзняволены Уладзімір Гундар атрымаў прадуктовую перадачу ўпершыню за амаль два гады, паведаміла дасведчаная крыніца са спасылкай на сваякоў зняволенага, піша Свабода.
«Будзе яму крыху садавіны і гародніны каб падмацавацца. Але пісаў, што даўно прызвычаіўся да турэмнай ежы», — паведаміла крыніца.
Ужо 1,5 года Уладзіміра Гундара трымаюць на турэмным рэжыме ў Магілёве. Палітвязня пазбавілі спатканняў і прадуктовых перадач, а за якую правіннасць, невядома. Кантактаванне з Уладзімірам Гундарам адбываецца праз літаванне і тэлефонныя званкі. Апошні ліст ад палітвязня прыходзіў у сакавіку.
«На здароўе ён не скардзіцца, але настрой даволі сумны, бо ня верыць у хуткія змены. Спрабуе жыць тут і цяпер, то бок — дзень пражыў і дзякуй Богу», — паведаміла крыніца пра Уладзіміра Гундара.
Вядома, што ў зняволенні Уладзімір Гундар працягвае пісаць вершы і шмат чытае. Таксама яму дазволеныя прагулкі, падчас якіх «ён напаўняецца станоўчымі эмоцыямі». Палітзняволены Уладзімір Гундар не мае адной нагі вышэй калена, на прагулкі ён выходзіць на мыліцах.
Былы палітвязень Аляксей Галоўкін, які ў снежні 2023 года экстранна з'ехаў з Беларусі, згадваў, што «з Уладзіміра ўвесь час здзекаваўся так званы актыў — зняволеныя, што працуюць на адміністрацыю».
«Гэта ўсё адбывалася на маіх вачах: на яго крычалі, абражалі, пагражалі збіць, папракалі, што павольна ходзіць».
«Валодзя вельмі стойкі чалавек, — казаў Аляксей. — Ён увесь час казаў нам, што ўсё будзе добра, трымаецца ён вельмі годна і духам не падае».
Уладзімір Тадэвушавіч Гундар — актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасць другой групы (мужчына не мае нагі). Яго затрымалі 30 снежня 2020 года па «справе Аўтуховіча» — нібыта за падрыхтоўку тэракту. 17 кастрычніка 2022 года Гродзенскі абласны суд (суддзя Максім Філатаў) агучыў прысуд фігурантам справы. Уладзіміра Гундару прызначылі 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).
Пазней Гундара дадаткова асудзілі нібыта за абразу пракуроркі Людмілы Герасіменка яшчэ надва з паловай гады пазбаўлення волі. Такім чынам, агульны тэрмін склаў 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У кастрычніку 2023 года стала вядома, што Уладзіміра адправілі з бабруйскай калоніі №2 у магілёўскую турму №4.
Абарвалася жыццё былога палітзняволенага Валянціна Іваноўскага.
Ініцыятыва dissidentby паведамляе, што пасля вызвалення памёр былы палітвязень Валянцін Іваноўскі.
Валянцін Іваноўскі — жыхар Ліды, затрыманы ў ліпені 2022 года па арт. 368 ч. 1 («Абраза прэзідэнта»). Па выніках судовага працэсу яго прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне Валянцін адбываў у Наваполацку (ПК-1).
У траўні 2024 года Валянцін Іваноўскі выйшаў на волю, але праз некалькі месяцаў яго не стала — мужчына памёр у жніўні. Прычына смерці невядомая. Яму было 48 гадоў.
У Мінску сёння разглядалі апеляцыйную скаргу стаматолага Алены Елькінай. Яе асудзілі да пазбаўлення волі
У Мінскім гарадскім судзе напачатку лютага асудзілі 33-гадовую Алену Елькіну. Яе абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і «закліку да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК). Справу разглядала суддзя Алена Ананіч. Палітзняволеную асудзілі да калоніі, але дакладны тэрмін зняволення пакуль невядомы.
Сёння Вярхоўны суд разглядаў апеляцыйную скаргу Елькінай. Рашэнне прымала судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Хлышчанкова. Вынік невядомы.
Нагадаем, 4 ліпеня 2024 года КДБ прызнаў тэлеграм-канал «ШапитоДичь» «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле ведамства, дачыненне да яго мае Алена. Ініцыялы жанчыны цалкам супадаюць з стаматолагам з Віцебску — апошнія допісы ў яе сацыяльных сетках датаваныя траўнем 2024-га году.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 28 прозвішчаў — цяпер у ім 5051 чалавек
14 сакавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі віцебскага лекара Аляксандра Рандарэнку, а таксама індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Слізевіча.
Паведамляецца, што ў мінулым годзе гэты самы Мікалай Сергіевіч судзіў хлопца паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянавае пікетаванне).