Цэнзура ў Беларусі – галоўны элемент утрымання ўлады і татальнай барацьбы з "экстрэмізмам"

Сёння, 12 сакавіка, міжнародная супольнасць адзначае Дзень супраць цэнзуры ў інтэрнэце. Гэты дзень быў абвешчаны з мэтай падтрымкі адзінага інтэрнэту без абмежаванняў і фіксацыі дзеянняў, якімі ўрады ва ўсім свеце стрымліваюць і падвяргаюць цэнзуры свабоду слова ў інтэрнэце, піша Вясна.

_belarus_zima_2023_horad_ljudzi_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Сусветны дзень барацьбы з кібер-цэнзурай упершыню быў адзначаны ў 2008 годзе. Ад таго часу міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” (Reporters without Borders) публікуе ў гэты дзень спіс “Ворагаў інтэрнэту”, у які трапляюць краіны, дзе забараняюць і блакуюць нацыянальныя і міжнародныя інтэрнэт-рэсурсы, фільтруюць кантэнт, а за свабоду выказванняў пераследуюць журналістаў. У спіс краін - ворагаў інтэрнэту з 2012 па сённяшні дзень уваходзіць і Беларусь.

Мінінфарм з 2020 года ўнёс у спіс "экстрэмісцкіх" матэрыялаў 6 565 акаўнтаў

Пачынаючы з 2020 года і ўвесь апошні час інтэрнэт-старонкі і пляцоўкі ў сацыяльных сетках улады масава прызнаюць “экстрэмісцкімі” фармаваннямі альбо матэрыяламі, а з канца 2023 года беларускія ўлады пачалі забіраць у незалежных медыяў лакальныя інтэрнэт-дамены, што прыводзіць да страты аўдыторыі.

Па даных Беларускай асацыяцыі журналістаў, з 2020 года Мінінфарм унёс у рэспубліканскі спіс “экстрэмісцкіх” матэрыялаў 6 565 уліковых запісаў, прычым дзве тысячы ўнесеныя ў чорны спіс ужо ў 2024 годзе. Доступ да гэтых рэсурсаў блакуецца на тэрыторыі Беларусі, а за іх распаўсюджванне прадугледжаная адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.

Міністр інфармацыі Беларусі Марат Маркаў заявіў нядаўна, што толькі за 2024 год былі заблакаваныя больш як 3150 інтэрнэт-рэсурсаў “дэструктыўнай накіраванасці”. А за дзесяць гадоў у Беларусі было заблакіравана каля 15 тысяч такіх рэсурсаў. Прычым міністр называе гэта “інфармацыйнай барацьбой” і падкрэслівае, што ўвага да Беларусі з боку “апанентаў” улады не змянілася. Ён жа пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, выказваючы прэтэнзіі карпарацыі Google, заявіў, што ў РБ павінен з'явіцца яшчэ адзін орган для ўзмацнення цэнзуры – Белкамнагляд, па аналогіі з расійскім ведамствам.

Незалежныя медыя ўнутры Беларусі практычна спынілі сваё існаванне, а рэдакцыі цяпер працуюць з-за мяжы. Большасць сайтаў і старонак у сацыяльных сетках прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі.

Беларусь працягвае масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных СМІ

“Рэпарцёры без межаў”, якія аналізуюць сітуацыю з цэнзурнымі абмежаваннямі і пераследам прадстаўнікоў медыясектара, адзначаюць, што “Беларусь, якая да ўварвання Расеі ва Украіну была самай небяспечнай краінай Еўропы для журналістаў, працягвае масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных СМІ”. Яны вызначылі галоўныя тэндэнцыі, якія мелі месца ў 2024 годзе:

Каб прымусіць замаўчаць незалежных журналістаў, улады звярнуліся да фінансаванага дзяржавай тэрарызму, уключаючы цэнзуру, гвалт, масавыя арышты і скаардынаваныя рэйды па дамах і офісах СМІ, а таксама роспуск Асацыяцыі беларускіх журналістаў (БАЖ).

Беларускія ўлады змянілі законы, каб надаць юрыдычную афарбоўку нападкам на свабоду прэсы. Сістэма правасуддзя, якая знаходзіцца пад поўным кантролем урада, пачала прыраўноўваць незалежную журналістыку да "экстрэмізму", які караецца турэмным зняволеннем тэрмінам да сямі гадоў.

Пераважная большасць беларускіх незалежных СМІ ў цяперашні час альбо працуюць за межамі краіны, альбо былі вымушаныя спыніць сваю дзейнасць. Зараз час яны фінансуюцца ў асноўным за кошт знешніх субсідый, якія таксама застаюцца пад пытаннем.

Беларусь з'яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце месцаў пазбаўлення волі журналістаў. На дадзены момант у няволі застаюцца 40 прадстаўнікоў беларускіх медыя.

Па дадзеных БАЖ, каля 400 прадстаўнікоў СМІ былі вымушаныя пакінуць краіну, а большасць з тых, хто застаўся, працуюць нелегальна. Яны падвяргаюцца арыштам, ператрусам, часам нападам і жорсткаму абыходжанню ў турме.

Больш за 20 інфармацыйных сайтаў былі заблакаваныя паводле загаду Мінінфарма

Платформа Рады Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў прадставіла штогадовую справаздачу аб свабодзе прэсы ў Еўропе “2024: супрацьстаянне палітычнаму ціску, дэзінфармацыі і разбурэнне незалежнасці медыяў”.

Як паведамляе БАЖ, “Беларусь у справаздачы згадваецца ў раздзеле, прысвечаным захопу сродкаў масавай інфармацыі з боку ўрадаў, які складаецца з пяці элементаў: уласна палітычнага захопу дзяржаўных СМІ, кантролю рэгулятараў СМІ, набыцця прыватных медыяў палітычнымі саюзнікамі ўрадаў, маргіналізацыі незалежных медыяў і дыскрымінацыйнага выкарыстання дзяржаўных сродкаў для фінансавання праўладных медыяў”.

У Беларусі больш за 20 навінавых сайтаў былі заблакаваныя паводле загаду Міністэрства інфармацыі і ідэнтыфікаваныя як “экстрэмісцкія”, гаворыцца ў дакладзе. Пасля надання статусу “экстрэмісцкай арганізацыі” быў выдалены дамен сайта Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Медыя і медыяарганізацыі, прызнаныя ўладай "экстрэмісцкімі фармаваннямі/арганізацыямі": "Белсат", БелаПАН," Еўрарадыё", TUT.BY, Kyky.org," Наша Ніва"," Радыё Свабода"," Хартыя'97", "Флагшток", Hrodna. life, Volkovysk.by, "Маланка медыя", "Бабруйск Online", "Брестская газета", Беларуская асацыяцыя журналістаў, “МОСТ", "Зеркало", "Раніца", Беларускі даследчы цэнтр, «Tribuna.com Беларусь", Ex-press.livе, 6tv Bielarus, " Магілёў. Media", "Навіны Магілёўскага рэгіёну", "Беларускае Радыё Рацыя”, "Штодзень", Znadniemna.pl," DW Беларусь", праект "Чаго брэшаш?", "Гэта Мінск, дзетка", "UDF-Навіны Беларусі", Media IQ, Orsha.eu, s13.ru, “Порзірк”, "Медыязона. Беларусь” і некаторыя іншыя.