Былы палітвязень: Начальнік калоніі даў указанне, каб мяне прэсавалі па поўнай
Былому палітзняволенаму жыхару Мінска, бацьку шасцярых дзяцей Аляксандру Зялюткіну пасля болей чым трох гадоў зняволення пачалі пагражаць новымі крымінальнымі справамі, суд на два гады прызначыў прэвентыўны нагляд. Мужчына не стаў выпрабоўваць свой лёс далей і выехаў з Беларусі ў бяспечнае месца. Ён распавёў праваабаронцам пра падзеі 2020 года, удзельнікам якіх быў, пра свой пераслед і ўмовы ўтрымання ў калоніях у Магілёве і Шклове, дзе адбываў пакаранне.

"Ад выбухаў светлашумавых гранат людзі падалі на асфальт"
Аляксандр мае прафесію муляра, з'яўляецца бацькам шасцярых дзяцей: чацвярых хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. Быў затрыманы 7 снежня 2021 года ў межах крымінальнай справы аб удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) за ўдзел у пратэстах 10 жніўня 2020 года каля ўніверсама "Рыга". Ён і дагэтуль падрабязна памятае той жнівеньскі вечар.
— Пад вечар 10 жніўня я вяртаўся з працы і каля гандлёвага цэнтра “Рыга” ўбачыў, што там сабралася шмат людзей, заўважыў на дарозе раскіданыя барыкады. Па ўсяму было відаць, што тут ужо адбываліся сутычкі з сілавікамі. Але мужчыны ізноў пачалі аднаўляць барыкаду, каб не даць праехаць вайсковай тэхніцы і таму я вырашыў там застацца, Непадалёку прыпаркаваў свой аўтамабіль.
Мы сачылі па тэлеграм-каналах за перамяшчэннем тэхнікі па Мінску, ведалі, што сілавікі выехалі з раёна Пушкінскага праспекту ў цэнтр, каб разганяць людзей, якія сабраліся каля БНТУ.
Я цвяроза ацэньваў сітуацыю, паколькі ўдзельнічаў у розных мітынгах, пачынаючы яшчэ з 2006 года, таму ўяўляў, што можа тут здарыцца, што падзеі могуць быць больш сур’ёзнымі, чым, напрыклад, у 2010 годзе. Мы ўжо ведалі пра жорсткі разгон каля Стэлы, які адбываўся днём раней, 9 жніўня.
Ужо недзе бліжэй да ночы, калі сабралася шмат людзей, з боку Бангалора недзе ў 22 гадзіны вечара пачаўся штурм. У наш бок паляцелі светлашумавыя гранаты, прычым імі стралялі здаля, метраў з 50-ці. Я пакінуў праезную частку і падняўся на балкончык гандлёвага цэнтра, думаў, што збоку будзе больш бяспечна. Але тут пачалася стральба па натоўпе гумовымі кулямі.
Раптам дзяўчына, якая стаяла побач, схапілася за жывот, я запытаўся, што здарылася. Яна паказала мне пранікальнае раненне. Карацей, яе паранілі. І не толькі яе адну.
Ад гранат, калі яны выбухалі побач, людзі падалі на асфальт. Разгон быў вельмі жорсткі. Затым пачалі тэхнікай зносіць барыкады, людзі разбягаліся па дварах, а сілавікі ганяліся за імі.
Мне неяк удавалася пазбягаць затрымання, але мой аўтамабіль моцна пацярпеў. Мы потым усе вярталіся да “Рыгі” аднаўляць барыкаду. Так працягвалася яшчэ некалькі гадзін, — прыгадвае тыя падзеі Аляксандр.
Аляксандру ў тую ноч пашанцавала. Яго затрымалі значна пазней, на адной з чарговых акцый пратэсту. Усіх тады адвезлі ў РУУС Савецкага раёна, дзе людзі стаялі ў дворыку каля сцяны суткамі, а азвярэлыя амапаўцы раз-пораз білі іх дубінкамі. Потым на Зялюткіна склалі адміністрацыйны пратакол па 23.34 КаАП, праз дзень адбыўся суд, але мужчыну адпусцілі, паколькі высветлілася, што ў яго на ўтрыманні шасцёра непаўнагадовых дзяцей.
"З-за “маскі-шоу”, якое ўчынілі губазікаўцы, моцна напалохаліся дзеці"
— Паступова грамадзянская актыўнасць людзей пачала затухаць, усё патроху стала забывацца. У 2021 годзе мы з сям’ёй падарожнічалі, шмат дзе пабывалі, карацей вялі актыўнае жыццё. Але чамусьці ў канцы лістапада я стаў непакоіцца, з’явілася незразумелае прадчуванне бяды і трывога. Тады я зняў іншую кватэру, змяніў тэлефон, стараўся не з’яўляцца на ранейшым месцы працы. Але калі я прыехаў 7 снежня дадому і ўключыў на некалькі хвілін стары тэлефон, каб знайсці нумар дзіцячага лекара, то мяне вельмі хутка вылічылі: літаральна праз дзве-тры гадзіны прыехалі губазікаўцы са зброяй. Адразу без папярэджання выбілі дзверы ў кватэру, мяне паклалі тварам у падлогу, сталі ўсё ў пакоі ламаць-крышыць, шукаць тэлефоны, іншую тэхніку. Ад такога “маскі-шоу” вельмі моцна напалохаліся дзеці. Пасля пагрому мяне забралі, — распавядае мужчына.
Да суда паўгады Аляксандр знаходзіўся ў СІЗА №1, супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 293 КК за ўдзел у масавых беспарадках. На ”Валадарцы” Аляксандр утрымліваўся ў вялікай камеры №60, разлічанай на 24 чалавекі. Але там заўсёды было нашмат болей сядзельцаў. Многія курылі і ў тым тумане было вельмі цяжка дыхаць, усё прасмярдзела тытунём.
— На Валадарцы я абвясціў галадоўку, паколькі мне не дазвалялі сустрэцца з адвакатам. Я ўвесь час намагаўся даказаць, што 293 артыкул не можа быць прыменены супраць мяне, я проста хацеў, каб мае дзеянні былі перакваліфікаваныя на арт. 342, паколькі я не займаўся пагромамі, нічога не знішчаў і не ламаў. Але ўсё гэта было безвынікова. Было тры адвакаты і яны не маглі пераканаць нікога, адну нават потым затрымалі таксама. З-за галадоўкі мяне адразу змясцілі ў карцар. Але калі пра галадоўку стала вядома на волі праваабаронцам, мяне вярнулі ў камеру і дазволілі сустрэцца з адвакаткай, — кажа Аляксандр.
Суд над Зялюткіным адбыўся 16 чэрвеня 2022 года. Яго прызналі вінаватым і асудзілі да 3 гадоў і 6 месяцаў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго перавялі ў турму № 4 у Магілёве, дзе ён чакаў разгляду апеляцыі.
Аляксандр Зялюткін да зняволення працаваў печніком і быў часткай Беларускага пячнога цэнтра. У лістападзе 2021 годзе ён удзельнічаў у фестывалі "OKTOBER Печ", а ў верасні 2021 прадстаўляў стэнд "Сучаснае печабудаўніцтва" на будаўнічай выставе.
Вялікія праблемы ў Аляксандра Зялюткіна пачаліся пасля этапавання ў папраўчую калонію №15 у Магілёве.
— Мяне адразу прывялі да начальніка калоніі, там яшчэ знаходзілася некалькі супрацоўнікаў. Яны сталі крычаць, што кідаў камянямі ў супрацоўнікаў міліцыі, што ў СІЗА абвяшчаў галадоўку. Потым, калі начальнік выйшаў, мяне сталі моцна збіваць, прымянялі электрашокер і затым адразу кінулі ў ШІЗА. І неўзабаве яшчэ раз у ізалятар. Гэта начальнік калоніі Лазарэнка даў такое ўказанне, каб мяне прэсавалі па поўнай. А ў снежні 2022 года выклікалі к аператыўніку і таксама пабілі.
Мне ўдалося пра гэта распавесці бацькам пры тэлефанаванні, я назваў прозвішчы супрацоўнікаў, папрасіў каб перадалі інфармацыю пра гэта праваабаронцам. Але праз два месяцы, відаць яны праслухалі тую размову. І вось першага сакавіка ўрываюцца ў наш атрад чалавек пяць супрацоўнікаў і пачынаюць збіваць мяне. Потым ізноў да начальніка калоніі, які стаў крычаць, што ўзбудзяць новую справу па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі. Усю вясну я прасядзеў у ШІЗА, і адзін месяц у памяшканні камернага тыпу. Выйшаў адтуль толькі ў чэрвені, — распавядае ён.
Увогуле, за ўвесь час свайго зняволення Аляксандр у штрафных ізалятарах і ПКТ правёў 170 сутак. Прычым змяшчалі яго, як правіла, у адзіночку, дзе ўвесь час было вельмі холадна.
— Псіхалагічна самым цяжкім было, што я не магу бачыць сваіх дзяцей, што адсутнічае інфармацыя з волі. Лісты даходзілі вельмі рэдка, можа працэнтаў 20-30 ад адпраўленых мне. Таксама і мае лісты часта не даходзілі. Спатканні мне забаранялі, толькі мог зрэдку патэлефанаваць. А яшчэ пастаянна пазбаўлялі перадач ад сваякоў, — дзеліцца перажытым Аляксандр.
"Нам прасцей спісаць чалавека, чым службовую сабаку"
— 20 снежня 2022 года мяне ізноў па надуманай прычыне кінулі ў штрафняк, а праз чатыры дні нечакана перавялі ў Шклоў, у калонію №17, каб ужо там узбудзіць справу па 411 артыкуле. У гэтай калоніі значна больш жорсткі рэжым і ўмовы ў ШІЗА, дзе ўвесь час адкрытая фортка ў вакенцы. Тэмпература ўвесь час была каля нуля. У такіх умовах нават не паспіш і сутак праз 10 пачынаеш слабець, пачынаюць сцірацца межы рэальнасці. Даходзіла нават да галюцынацый. Неяк, мне падалося, што ў суседняй камеры забілі чалавека і я ў гэта так моцна паверыў, што калі чалавека ўбачыў жывога ў атрадзе, то адчуў сапраўдны шок. Думаў, што паехаў дах.
Мы спадзяваліся, што нешта здарыцца, што неяк дамовяцца і нас стануць адпускаць на волю, аднак нічога не адбывалася. І толькі ўжо пазней, у 2024 годзе мы з навінаў даведаліся, што палітычных пачалі выпускаць па памілаванні. Я таксама напісаў прашэнне, але камісія двойчы адмаўляла. Відаць, глядзелі характарыстыку і вырашылі што я не стаў на шлях выпраўлення, — распавядае былы палітвязень.
Вялікія клопаты Аляксандру прыносіла сітуацыя з харчаваннем. На волі ён прытрымліваўся правілаў сыраедства, быў вегетарыянцам, але ў калоніі гэта ніхто не ўлічваў, і вось ад недахопу вітаміннай ежы, фруктаў, арэхаў, яму было надзвычай цяжка. Пачаліся сур’ёзныя праблемы з зубамі.
"Чакай, мы хутка прыедзем за табой"
— Адзін час у мяне ўзніклі праблемы з-за пастаяннага стрэсу, гэта калі ў Шклове пачалі палохаць новай крыміналкай. Раптоўна схапіла сэрца. Было вельмі дрэнна, не мог нават падняцца. Дапамогі пры гэтым медыцынскай не аказвалі, казалі толькі, што “Нам прасцей чалавека спісаць, чым службовую сабаку”. Толькі пасля вызвалення, калі я з’ехаў у Беларусі, і прайшоў медыцынскае абследаванне, то УГД паказала, што я перанёс інфаркт на нагах.
Я чакаў 411 артыкула, але за месяц да майго вызвалення, у калонію прыехаў следчы і паведаміў, што супраць мяне ўзбудзілі крыміналку па ч. 3 арт. 130 КК за тое, што раскрыў даныя супрацоўнікаў калоніі і па ч. 3 арт. 361 за данаты, якія яны недзе знайшлі пад час адсідкі. І адразу адбыўся суд, на якім мне прызначылі два гады прэвентыўнага нагляду. Узялі падпіску аб нявыездзе і сказалі: “Чакай, мы хутка прыедзем за табой”.
Зразумела, я не стаў чакаць новых прыгод і пасля сустрэчы з бацькамі і сям’ёй, тэрмінова выехаў з Беларусі, нават не станавіўся на ўлік. Зараз вось адаптуюся да новых умоў, знайшоў нейкую працу, стараюся забыцца на ўвесь той кашмар, якія ніяк пакуль не забываецца.
Аляксандр Зялюткін выйшаў на волю 16 студзеня 2025 года, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання, які мог працягнуцца яшчэ на многія гады.