«Хлебам затыкаў адтуліны, праз якія залазілі мышы». Былы палітвязень распавёў пра катаванні ў калоніі

Аляксандра (імя змененае ў мэтах бяспекі) затрымалі за каментар і асудзілі да некалькіх гадоў зняволення. Свой тэрмін ён адбываў у дзвюх калоніях і выйшаў на волю пасля заканчэння тэрміну. Былы палітвязень распавёў «Вясне» пра ўмовы ўтрымання ў калоніі № 1, пра галюцынацыі ад холаду ў штрафным ізалятары, пра тое, як зняволеным з «белымі біркамі» прысвойваюць «экстрэмісцкі» прафулік, а таксама пра цяжкасці адаптацыі на волі.

Ілюстрацыйная выява: «Stable Diffusion»

Ілюстрацыйная выява: «Stable Diffusion»

«Палітвязні пастаянна пад кантролем»

Аляксандр трапіў у турму за каментар — і, як і сотні іншых, атрымаў некалькі гадоў зняволення. Тэрмін ён адбываў у дзвюх розных калоніях, але з вялікім ціскам — толькі праз тое, што ён палітвязень, які яму давялося перажыць у папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку.

«Палітвязні ў наваполацкай калоніі пастаянна пад кантролем — разняволіцца там не можаш ніколі. Калі астатнія вязні могуць знаходзіцца ў атрадзе і займацца сваімі справамі ў вольны час, то дзясяты прафулік абавязкова адправяць на нейкія працы, напрыклад, насіць будаўнічае смецце (буд) у мяшках, незалежна ад надвор'я, або снег са стадыёна. У наваполацкай калоніі ёсць стары будынак, так званая "Аляска", які рамантуюць, каб увесці ў эксплуатацыю. Тэлефануюць у атрад, кажуць, што патрэбная дапамога, але дадаюць, што ідзе толькі дзясяты прафулік. Законам прадугледжана, што зняволеныя павінны адпрацаваць некаторую колькасць гадзін на карысць калоніі. Але ў дачыненні да палітвязняў яно добраахвотна-прымусовае — калі ты адмовішся, то трапіш пад прыцэл, у выніку чаго табе выпішуць нейкае парушэнне або адправяць у штрафны ізалятар (ШІЗА). Гэта ўсіх абурае. Таму што шэсць дзён ты ходзіш на працу на прамзону, вечарамі вяртаешся ў атрад, дзе хочацца перакусіць або ліст напісаць які, але на гэта табе часу не даюць. Ці, напрыклад, увесь атрад застаецца, а дзясяты прафулік адпраўляюць слухаць лекцыі з прапагандай. Гэта дадатковыя лекцыі, а на тыя, што для ўсяго атрада, мы таксама ходзім. Усё гэта робіцца, каб заняць ваш час. У месяц такіх лекцый каля 30-37 могуць праводзіць. Бываюць дні, калі іх па некалькі штук.

"Жоўтабірачнікі" заўсёды пад прыцэлам. Кажуць, што звычайныя зняволеныя сядзяць год за год, а палітвязні — год за два ці нават тры, таму што рэжым вельмі адрозніваецца».

«Нічога сказаць не можаш, бо з табой зробяць усё, што хочуць»

Са словаў мужчыны, у беларускіх калоніях палітвязні сутыкаюцца з ціскам і прадузятым стаўленнем толькі таму, што стаяць на дзясятым «экстрэмісцкім» прафілактычным уліку.

«Калі ў адной калоніі, дзе мяне ўтрымлівалі, праверка дзясятага прафуліку была адзін раз — аб 11-й, то ў наваполацкай калоніі — тры разы: аб 11, 16 і 21. Тут у цябе пастаянна разбіты час. Толькі прыйшоў з промкі — ужо трэба ў сталовую, пасля гэтага лекцыя, а потым на праверку трэба ісці, затым зноў могуць лекцыю паставіць. Ёсць супрацоўнікі, якія спецыяльна зацягваюць праверкі, спазняюцца, а ты ўвесь гэты час стаіш пад дажджом і чакаеш».

Былы палітвязень адзначае, рэжым і ўмовы ўтрымання ў калоніі № 1 нашмат больш жорсткія, чым у іншай калоніі, у якой ён быў:

«Парадкі ў калоніі шмат у чым залежаць ад начальніка калоніі, таму што менавіта ён дазваляе рабіць тыя або іншыя рэчы, якія прыходзяць з ДВП (Дэпартамент выканання пакаранняў — заўв.). Вось я параўноўваю дзве калоніі, у якіх мяне ўтрымлівалі, і разумею гэта. Для мяне відавочна, як начальнікі калоній дазваляюць ажыццяўляць ціск і ў якой ступені. У Крымінальна-выканаўчым кодэксе ў многіх нормах пазначана "на вырашэнне адміністрацыі", што развязвае ім рукі. А знаходзячыся там, ты нічога сказаць не можаш, таму што з табой зробяць усё, што хочуць».

Глядзіце таксама

У якасці ціску на палітвязняў выкарыстоўваюць тое, што належыць паводле закону ўсім зняволеным: перадачы, тэлефанаванні родным, спатканні, спартовыя заняткі, медычная дапамога:

«Адзін з відавочных прыкладаў прадузятага стаўлення да палітвязняў — тэлефанаванні родным. Калі звычайныя зняволеныя ходзяць тэлефанаваць тры-чатыры разы на месяц па 7-12 хвілін, таксама ў іх ёсць відэазванкі, то палітвязням дазволена тэлефанаваць адзін раз на месяц на пяць хвілін. Пры гэтым, нас слухаюць кантралёры і аперупаўнаважаныя, таму, калі ў іх няма часу, то тэлефанаванняў у цябе наогул можа не быць. Што тычыцца перадач, калі табой зацікавіліся, то табе пастаянна будуць выпісваць парушэнні, каб пазбаўляць перадач і спатканняў. У наваполацкай калоніі, калі ты "сядзіш ціха" — не кантактуеш ні з кім на палітычныя тэмы, то могуць табе даць спатканне, але не заўсёды».

Таксама, са словаў мужчыны, у наваполацкай калоніі ёсць такая практыка: калі ў зняволенага невялікі тэрмін, то яму выдаюць форму, што была ва ўжыванні. Акрамя гэтага, замяніць форму з дзясятым прафулікам практычна немагчыма.

«Расплюшчваеш вочы, а ў камеры 20-30 мышэй»

Апынуцца ў ШІЗА ў наваполацкай калоніі — значыць выжываць. Аляксандр пабываў у ізалятарах абедзвюх калоній, дзе яго ўтрымлівалі, і кажа, што ў калоніі № 1 — умовы былі горшыя за ўсё.

«У адной калоніі нават спачатку выдавалі целагрэйкі, але і потым гэта забаранілі. Самае страшнае трапіць у ШІЗА ў міжсезонне, калі адключаюць ацяпленне і ты сядзіш у падвале з такім надвор'ем, што і на вуліцы — холад і волкасць. Ежу, якую прыносяць, не адчуваеш, бо арганізм яе перапрацоўвае ў энергію, каб сагрэцца. У першай калоніі плюсам можна было назваць драўляныя падлогі ў ШІЗА — ты не сядзіш хоць, як на лядоўні, было нейкае цяпло. Было вельмі шмат мышэй. Памятаю, спіш на падлозе — расплюшчваеш вочы, а ў камеры 20-30 мышэй, некаторыя па мне бегаюць. Хлебам затыкаў адтуліны, праз якія яны залазяць, — яны пакуль яго грызуць, не так хутка дабіраюцца ў камеру.

Таксама не хапала кіслароду. Калі мяне выпусцілі з ШІЗА, то ад свежага паветра я проста на парозе паваліўся. Знаходзячыся ў ШІЗА, я шмат страціў вагі ды проста стаў зялёнага колеру. ШІЗА — гэта не проста ізаляцыя, як яно мелася на ўвазе, гэта фізічная шкода твайму здароўю. І ўсе выдатна гэта разумеюць. Цябе змяшчаюць у ШІЗА не праз тое, што ты ўяўляеш пагрозу ў калоніі ды цябе трэба ізаляваць, а таму што трэба прынесці фізічную шкоду твайму здароўю».

«Расцягнулі каля сцяны і проста пачалі збіваць дубінамі»

Але, адзначае былы палітвязень, у параўнанні з наваполацкай калоніяй яшчэ памяркоўна.

«Там пабудавалі новы ШІЗА — цалкам у плітцы. Паводле заканадаўства, калі ізалятар у плітцы, то гэта лічыцца карцэрам. І, як казалі іншыя зняволеныя, новы ШІЗА не ўхвалілі ў ДВП, таму што паводле закона асуджаных нельга змяшчаць у такія ўмовы. Бо ўсё ў плітцы, там пастаянны холад. Акрамя гэтага, там заўсёды адкрытыя вокны, а над дзвярыма ёсць невялікая фрамуга, якая таксама адкрыта, — так атрымліваецца скразняк. Супрацоўнікі не даюць зачыняць вокны, таму там пастаянны холад.

Мяне адправілі ў ШІЗА ў студзені, калі на вуліцы было мінус 27. Перад гэтым у мяне забралі ўсё адзенне — выдалі тэпцікі ды сваю лёгенькую форму. Калі я зайшоў у ШІЗА, то адразу зрабіў крок назад і сказаў, што там немагчыма знаходзіцца. Камера цалкам не ацяплялася. Я прасіў перавесці мяне ў іншую камеру, бо ў мяне і так назіраліся праблемы са здароўем, а тут я проста змерзну. Я прасіў дзень ці два мяне перавесці, таму што там немагчыма было знаходзіцца — ты практычна жывеш на вуліцы ў такі мароз. Потым з абыходам прыйшлі начальнік калоніі Руслан Хікметавіч Машадзіеў, намеснік начальніка па ІРіКО (ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні — заўв.) Вячаслаў Сяргеевіч Журко і начальнік папраўчага працэсу. Яны пытаюцца, ці ёсць у зняволеных пытанні, але яны заўсёды робяць так, каб у зняволеных ніколі не было ніякіх пытанняў. Я папрасіў у іх зачыніць акно, бо ў мяне праблемы са здароўем. Але матам мне адказалі, што з ШІЗА я выйду не толькі са сваімі хваробамі, але і з сухотамі, гемароем ды іншымі хваробамі. Тут я зразумеў, што размаўляць з імі не мае сэнсу. Сыходзячы, начальнік калоніі сказаў кантралёрам "растлумачыць" нам усё, каб больш пытанняў не задавалі. Я не зразумеў, у чым справа, але дзверы не зачынілі ў камеру. Нас чалавек пяць ці шэсць з мацюкамі і абразамі выгналі ў прагулачны дворык, расцягнулі каля сцяны і проста пачалі збіваць дручкамі па нагах, па спіне. Нас расцягвалі, мы падалі, таму што ногі не трымаюць, яны зноў падымаюць з крыкамі, ці ёсць у нас яшчэ пытанні і мы можа быць ужо сагрэліся? Там яшчэ ў дворыку сцяна няроўная, я калі падаў, пашкодзіў аб яе галаву, былі вялікія абдзерыны на галаве.

Глядзіце таксама

У ШІЗА было настолькі холадна, што, калі я заплюшчваў вочы, мне здавалася, што ў мяне сэрца б'ецца вельмі павольна, і я думаў, што гэта канец. Таксама ад холаду ў мяне былі галюцынацыі ў выглядзе агню ў камеры, каля якога можна сагрэцца».

Былы палітвязень распавядае, што збіццё ў штрафным ізалятары наваполацкай калоніі — распаўсюджаная з'ява:

«Знаходзячыся ў ШІЗА невялікую колькасць часу, я чуў, як збівалі іншых. У суседнім ШІЗА хлопец таксама падчас абыходу казаў, што холадна, ён прасіў зачыніць акно, таму што баяўся, што не вытрымае і памрэ. Але яго проста ў камеры пачыналі збіваць. Пры гэтым хлопец гучна крычаў і маліў, каб яго не білі. Гэта значыць, за звычайнае пытанне або просьбу там могуць збіць. У асноўным, гэта робіцца на прагулачных дворыках, каб ніхто не бачыў і нікуды гэта не сышло. Таму можна дакладна сцвярджаць, што фізічная сіла ў гэтай калоніі ўжываецца».

«За зносіны з "жоўтабірачнікам" пагражалі пастаноўкай на дзясяты прафулік»

Аляксандр кажа, што статус «дзясятага прафуліку» можа атрымаць не толькі палітвязень — але і той, хто, напрыклад, намалюе ў СІЗА Лукашэнку з новай прычоскай, ці проста пагутарыць з «жоўтабірачным». Тады ў яго больш не будзе спатканняў, магчымасці зарабляць, працаваць на роўных з іншымі.

«Я не скажу, што такіх людзей шмат, але такая катэгорыя ёсць. Напрыклад, за зносіны з "жоўтабірачнікам" асуджаным з белай біркай пагражалі пастаноўкай на дзясяты прафулік. Ім казалі, якія ў вас могуць быць агульныя інтарэсы, пра што вы размаўляеце. І ў такіх асуджаных выбар: або перастаць мець зносіны, або атрымаць "экстрэмісцкі" прафулік. А адбываць пакаранне на дзясятым прафуліку і без — дзве розныя рэчы. Таксама памятаю зусім маладога хлопца, якога асудзілі паводле "наркатычнага" артыкула да дзесяці гадоў. Яшчэ ў СІЗА ў газеце ён намаляваў Лукашэнку нейкую прычоску. За гэта яму павесілі дзясяты прафулік. Гэта значыць, ён не мае ніякай справы да палітыкі, але ў яго ні спатканняў, ні перадач, ні на прамзоне нічога не зарабіць. Яшчэ памятаю хлопца, асуджанага паводле арт. 328 Крымінальнага кодэкса, падаецца, Сяргей Ціханоўскі пра яго таксама распавядаў, якому за падтрымку палітвязняў і зносіны з імі павесілі дзясяты прафулік, адправілі ў ПКТ і звезлі на "крытую" ў выніку».

Глядзіце таксама

«Спрабавалі звярнуцца ў медчастку, але гэта было бессэнсоўна»

Медычная дапамога ў калоніі — фармальнасць. Начальніцай медчасткі ў наваполацкай калоніі з'яўляецца Фурс. Са словаў былога палітвязня, яна не падпісвае медычныя бандэролі, а ў самой медчастцы часта адсутнічаюць неабходныя апараты і складана трапіць на прыём да лекараў:

«Напрыклад, з 40 чалавек у чарзе на калідоры лекар мог прыняць толькі два-тры чалавекі. Памятаю, у наваполацкай калоніі была нейкая эпідэмія — шмат у каго тэмпература была 39-40 градусаў, людзі на праверках падалі. Зняволеныя спрабавалі звярнуцца ў медчастку па дапамогу, але гэта было бессэнсоўна. Тады ўжо самі шукалі нейкія таблеткі, каб хоць неяк збіць гэтую тэмпературу. Бальнічны там атрымаць амаль нерэальна, таму нават з такой тэмпературай зняволеныя мусілі хадзіць на прамзону.

У мяне маюцца некаторыя захворванні, я пісаў заяву на медбандэроль, але мне начальніца медчасткі яе не падпісвала. Тады я звярнуўся да загадчыка гаспадаркі атрада і патлумачыў, што без гэтых прэпаратаў я не змагу. Той нібыта папрасіў, але начальніцы медчасткі не спадабалася гэта. Тая падпісала маю заяву, але родныя два або тры разы дасылалі ў калонію медбандэроль, а яе мне так і не аддалі. Яе проста не прымалі і адпраўлялі назад. Памятаю, як яшчэ адзін палітычны хадзіў да Фурс падпісаць медбандэроль — яна штораз не падпісвала. І калі ён у чарговы раз да яе прыйшоў, сказала, што націсне трывожную кнопку і скажа супрацоўнікам, што ён да яе дамагаецца, калі ён яшчэ раз да яе з'явіцца.

Да стаматолага людзі ходзяць, а яго проста няма. У зняволеных зубы гніюць, твары распухаюць, а ім ніхто не аказвае медычную дапамогу. У нейкі момант даслалі маладога лекара, а ён зубы ірваць не ўмее — даў гару таблетак і адправіў».

«На промцы атрымліваюць шмат траўмаў»

Са словаў Аляксандра, палітвязняў дапускаюць да працы ў наваполацкай калоніі, але заробак складае каля аднаго рубля ў месяц. Калі зняволеныя з «белай біркай» ходзяць на прамзону тры дні на тыдзень, то палітвязень — шэсць.

«Што тычыцца ўмоў працы, то ніхто гэта не кантралюе, і ніхто не выконвае. На промцы атрымліваюць шмат траўмаў: ламаюць сабе ногі, рукі, пальцы. Гэта ўсё адбываецца, але імкнуцца, каб гэта ўсё засталося ўнутры калоніі. Павінны быць праверкі, але, зрэшты, усім абыякава. Калі такое адбылося, то аперупаўнаважаны выклікае зняволенага да сябе і кажа, каб той сказаў, што ўсё адбылося з уласнай віны. Пры гэтым даюць зразумець, што калі так не зробіць, то паедзе ў ШІЗА, ПКТ або пазбавіцца перадач і сустрэч з роднымі.

Памятаю гісторыю, як напрыканцы працоўнай змены ў піларамным цаху павесіўся зняволены. На праверцы каля 17 гадзін не далічыліся аднаго — пайшлі шукаць, а ён вісіць. Вядома, гэта ўсіх жахнула. Яго знялі і пакінулі там ляжаць да раніцы наступнага дня, пакуль не прыехалі органы ды эксперты. Раніцай выявілі, што ў яго пацукі паелі вочы, вушы, нос і г.д. Было, мякка кажучы, непрыемнае відовішча. Гэтая сітуацыя паказвае нядбайнасць і стаўленне адміністрацыі калоніі, дзе жыццё больш таннае за сабачае».

«У цябе вельмі шмат забралі»

На волі, з словаў былога палітвязня, стала не лягчэй, а часам — нават складаней. Эйфарыя ад выхаду з калоніі хутка змяняецца разуменнем: псіхіка, здароўе, нават базавая ўстойлівасць да стрэсу — усё засталося там.

«Знаходзячыся ў калоніі, я паставіў задачу захаваць сябе, таму што дома чакае сям'я. Я стараўся прайсці гэты шлях з найменшымі стратамі. Было вельмі цяжка псіхалагічна, калі прыязджаеш у такія ўмовы пасля свабоды і не разумееш, як наогул тут можна пражыць. Але потым да чагосьці абвыкнеш, з чымсьці змірышся. Я разумеў, што трэба жыць, рана або позна, гэта калісьці скончыцца. Да канца тэрміну я думаў, што ўсё перажыта і нібыта псіхалагічна я застаўся такім, якім быў. Але, напэўна, так адбывалася, бо сядзіш там, як у вакууме: кожны дзень адно і тое ж, няма ніякіх трыгераў. Адразу, вядома, на волі цябе накрывае эйфарыя. Але потым ты разумееш, што ў цябе вельмі шмат забралі. У цябе забралі здароўе, псіхалагічна на нейкія моманты ты рэагуеш па-іншаму, з'явіліся нейкія страхі, нейкія цяжкія думкі, я стаў не такі стрэсаўстойлівы, як раней. Усё тваё жыццё спустошанае. На сённяшні дзень я знаходжуся ў эміграцыі, і жыццё трэба пачынаць з поўнага нуля ў чужой краіне, што не так ужо і лёгка. Агулам, заключэнне вельмі моцна мяняе людзей. Нешта ўжо немагчыма забыць. Часам накатваюць нейкія ўспаміны, ад якіх цяжка. На свабодзе стала складаней...»

«Трэба расказваць пра ўсё, каб разумелі, што там адбываецца насамрэч»

Аляксандр перакананы, што публічнасць можа абараніць тых, хто яшчэ за кратамі. Нават калі калоніі рыхтуюць праверкі, нават калі ўсё вычышчана напаказ — страх перад агалоскай у адміністрацыі застаецца.

«Трэба даваць агалоску, што людзей катуюць і збіваюць. Як не круці, яны на гэта рэагуюць і разумеюць, што гэта выходзіць за зону, а ім лішняя праверка з ДВП не трэба. Яны сядзяць на сваіх працоўных месцах, на якіх яны адседзяцца і пойдуць дадому, а не хтосьці да іх прыедзе з праверкамі. Але зразумела, што пра прыезд гэтай праверкі ведаюць за два-тры дні і пра выяўленне нейкіх парушэнняў не можа быць і гаворкі цяпер. Але ўсё адно трэба распавядаць пра ўсё, каб усе разумелі, што там адбываецца насамрэч.

Калі выходзілі палітвязні і распавядалі ў СМІ пра ўмовы ўтрымання, то адразу пачыналіся праверкі. Яны вельмі баяцца, што якая-небудзь інфармацыя выйдзе за зону».