ААН прызнала зняволенне Марфы Рабковай адвольным і заклікала вызваліць яе. Хронікі рэпрэсій 19 сакавіка

Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях разглядзела зварот юрыстаў «Вясны» і прызнала зняволенне беларускай праваабаронцы Марфы Рабковай адвольным і палітычна матываваным. Міжнародныя эксперты ААН прыйшлі да высновы, што яе пераслед парушае міжнародныя нормы і адбываецца выключна праз яе праваабарончую дзейнасць. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі на 19 сакавіка.

1_1097_1.png

Паводле справаздачы Працоўнай групы ААН па адвольных затрыманнях, судовы працэс над Марфай Рабковай парушыў міжнародныя стандарты: яе трымалі ў зняволенні без належнага судовага разгляду справы, працэс супраць яе быў закрытым, а абвінавачванні — палітычна матываваныя. Міжнародныя эксперты заклікаюць тэрмінова вызваліць праваабаронцу.

Глядзіце таксама

Колькасць відэакамер, якія сочаць за беларусамі, за 6 гадоў стала больш у 600 разоў

За беларусамі сёння сочаць, па даных МУС, каля 60 тысяч разумных камер відэаназірання. Гэта ў 600 разоў больш, чым шэсць гадоў таму, піша devby.io.

У 2017 годзе ў Беларусі з'явілася Рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі (РСМОБ).

У 2018 годзе конкурс па выбары тэхнічнага аператара РСМОБ выйграла кампанія «24×7 Паноптэс» — даччыная структура кампаніі Synesis.

РСМОБ працавала на базе воблачнай платформы разумнага відэаназірання Kipod — флагманскага прадукту Synesis. Kipod дазваляе распазнаваць твары людзей, якія трапілі на камеры відэаназірання.

На канец 2019 года да Kipod было падключана менш за 100 «разумных» камер. На канец 2020 года іх колькасць вырасла да 700, з якіх 515 былі размешчаны ў метро.

Synesis і Kipod абвінавачвалі ў сачэнні за пратэстоўцамі пасля выбараў 2020 года і зліве дадзеных сілавікам. Кампанія ўсяляк гэта адмаўляла. Пазней Synesis трапіла пад санкцыі ЕС і ЗША.

У лютым 2022 года змяніўся аператар РСМОБ — замест Synesis ім стаў «Белтэлекам».

Вясной 2023 года толькі ў Мінску было ўстаноўлена 6 тысяч камер.

Праз год па ўсёй Беларусі было ўжо 35 тысяч камер, падлучаных да РСМОБ.

А за перыяд з пачатку вясны 2024 года колькасць разумных камер, якія сочаць за беларусамі, вырасла яшчэ ў 1,7 разы — да 60 тысяч. Як заяўляюць у МУС, «камеры могуць адсочваць чалавека, распазнаваць асобы, чытаць нумарныя знакі».

Як распавядаў у 2019-м сузаснавальнік Synesis Аляксандр Шатроў, у планах на той момант было падключыць 360 тысяч камер за пяць гадоў.

Стала вядома пра затрыманне і хуткі суд над папулярызатарам навукі з Гомеля

Як стала вядома @flagshtok з некалькіх крыніц, жыхар Гомеля Дзмітрый Новікаў у пачатку лістапада мінулага года быў затрыманы разам з грамадзянскай жонкай Вікторыяй Разуванавай. Затрыманне адбылося ў Мінску, дзе Дзмітрый і Вікторыя жылі ў апошні час.

Прычынай затрымання сталі фотаздымкі з мітынгаў 2020 года, знойдзеныя ў тэлефоне пасля затрымання. Суд над Дзмітрыем павінен пачацца ў канцы сакавіка паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Інфармацыі пра лёс Вікторыі ўдакладняецца.

Дзмітрый Новікаў вядомы ў Гомелі па мянушцы «Агневіт» як аўтар-выканаўца, папулярызатар навукі, краязнаўца, блогер. У апошні час яго дзейнасць была звязана з папулярызацыяй археалогіі і палеанталогіі.

У канцы 2024 года яго праекты — Telegram-канал «Байки дядюшки Огневита», сайт PaleoNews, YouTube-канал з даведнікам па Беларусі — перасталі абнаўляцца.

Беларускія сілавікі зламалі рэбры і хрыбетнік стэндап-коміку Арцемію Астаніну падчас затрымання на мяжы

Пра гэта паведаміў адвакат мужчыны ў судзе на абранні меры стрымання. На фоне траўм у яго пачаліся праблемы з лёгкімі, піша расійскі тэлеграм-канал Mash.

Нагадаем, пра затрыманне Астаніна стала вядома ўчора — у Расіі ў дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа за «негатыўныя і абразлівыя каментары на адрас удзельніка спецыяльнай ваеннай аперацыі», якія стэндап-комік выказаў падчас канцэрту.

Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прызнаў «экстрэмісцкай» групу ў ВК пад назвай ПСІХО || Беларусь. 

Група мае больш за 4, 5 тысяч падпісчыкаў, але апошняя публікацыя ў ёй датавана маем 2022 году. 

У групе пісалі пра падзеі ў Беларусі і вайну ва Украіне.

Праваабаронцы «Вясны» папрасілі Вярхоўнага камісара ААН наведаць Мінск, але ў абмен на вызваленне Алеся Бяляцкага

Фолькера Цюрка просяць прыняць прапанову міністра замежных спраў РБ Максіма Рыжанкова здзейсніць візіт у Мінск.

Праваабаронцы заклікалі Фолькера Цюрка наведаць Беларусь як мага хутчэй. Аднак, лічаць у «Вясне», спачатку неабходна пераканацца ў сур'ёзнасці намераў беларускага боку, і ў якасці ўмовы для візіту Вярхоўнага камісара яны заклікалі выставіць вызваленне лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алеся Бяляцкага.

Зварот быў перададзены Вярхоўнаму камісару праз Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нільса Муйжніекса. Той, як адзначаюць праваабаронцы, ужо перадаў ліст Вярхоўнаму камісару.