На вышкалы «Захад-2025» прыбылі вайскоўцы з Алтайскага края?
У Беларусь прыбыў першы чыгуначны эшалон з расейскімі вайскоўцамі для ўдзелу ў сумесных вышкалах «Захад-2025». Гэта адбылося 6 жніўня. На тэлеканале РТР-Беларусь зьявіўся відэасюжэт аб гэтай падзеі, які быў таксама разьмешчаны на ютуб-старонцы тэлеканала.

На відэа за сьпінамі дзяўчын з караваем бачныя вагоны з пазнакай «РЖД» (Расейская чыгунка). На адным зь іх маецца назва кампаніі «Алтайвагон» і нумар факса «38532 47 433». Такі нумар сапраўды належыць АТ «Алтайвагон», кампаніі, якая знаходзіцца ў горадзе Наваалтайск Алтайскага края Расеі і вырабляе чыгуначныя вагоны. Наваалтайск — гэта горад-спадарожнік Барнаўла.
Паводле расейскіх нарматыўных дакумантаў, на вагонах абавязкова ўказваць назву іх уладальніка. То бок, бачныя на відэа вагоны належаць самой кампаніі «Алтайвагон».
Гэта можа значыць, што ўдзельнікаў вышкалаў з расейскага боку варта шукаць менавіта ў Алтайскім краі. І ў такім выпадку галоўным «кандыдатам» ёсьць 35-я ракетная дывізія ў складзе Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня Мінабароны Расеі (вайсковая частка 52929). Дыслякуецца яна ў так званым закрытым адміністратыўна-тэрытарыяльным утварэньні «Сібірскі-1» (рас. «ЗАТО "Сибирский-1"»).
Прычыны лічыць, што ў Беларусь былі накіраваныя менавіта падраздзяленьні 35-е ракетнае дывізіі, наступныя. Двойчы на пачатку месяца — 4 жніўня і 6 жніўня — Алтайскае аддзяленьне Дзяржаўтаінспекцыі Расеі публікавала паведамленьні аб зачыненьні для праезду адпаведна 5 і 7 жніўня ў час 0:00 — 3-00 аўтадарогі Р-256 на ўчастку паміж «Сібірскім-1» і вёскай Палкоўнікава. Згаданы ўчастак дарогі непасрэдна прылягае да Наваалтайска, а праз яго да Барнаўла і Заходне-Сібірскае чыгункі. Перакрыцьцё аўтатрасы менавіта ноччу найбольш зручнае для перавозкі вайсковае тэхнікі.
Раней 35-я ракетная дывізія ўжо прыймала ўдзел у міжнародных вышкалах — напрыклад, «Усход-2018» разам зь Кітаем. Тады таксама зачынялі ўчастак аўтадарогі каля «Сібірскага-1» і Наваалтайска.
Як перадае Радыё «Свабода» са спасылкай на Міністэрства абароны Беларусі, супольныя з Расеяй стратэгічныя вучэньні «Захад-2025» пройдуць з 12 да 16 верасьня. Афіцыйна тэма вучэньняў — «прымяненьне груповак войска (сіл) у інтарэсах гарантаваньня ваеннай бясьпекі саюзнай дзяржавы». Галоўная мэта — праверцы магчымасьцяў Беларусі і Расейская Фэдэрацыі гарантаваць бясьпеку і адбіваць магчымую агрэсію.
Начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі Валеры Равенка ўдакладніў, што на вучэньнях адпрацуюць адбіцьцё ўдараў сродкамі паветранага нападу праціўніка, вядзеньне абарончага бою пры авіяцыйнай падтрымцы і барацьбу з незаконнымі ўзброенымі фарміраваньнямі і дывэрсійна-выведнымі групамі праціўніка.
Намесьнік камандуючага Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Павел Шабека заявіў, што ў часе вучэньняў плянуюць адпрацаваць «новыя формы і спосабы выкарыстаньня падразьдзелаў вайсковых частак на аснове аналізу апошніх сучасных ваенных канфліктаў».
Аб колькасьці вайскоўцаў, якія будуць удзельнічаць у вучэньнях, пакуль не паведамляюць. Раней плянавалася, што ў манэўрах будуць удзельнічаць больш за 13 тысяч вайскоўцаў, аднак у чэрвені міністар абароны РБ Віктар Хрэнін паведаміў аб рашэньні зьнізіць колькасьць удзельнікаў беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025», а самыя вучэньні перанесьці ўглыб беларускай тэрыторыі.
Але пазьней начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка заявіў, што папярэдняе рашэньне перасунуць раёны правядзеньня вучэньняў «Захад-2025» могуць перагледзець.