У Беларусі «памілавалі» яшчэ 42 палітвязня. Хронікі рэпрэсій 7 траўня

Напярэдадні святкавання 9 траўня Аляксандр Лукашэнка «памілаваў» 42 палітвязняў за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці», паведамілі ў яго прэс-службе сёмага траўня. Сярод памілаваных 18 жанчын і 24 мужчыны. З іх 13 маюць хранічныя захворванні, адзін з'яўляецца асобай з інваліднасцю. У 24 асуджаных ёсць непаўналетнія дзеці, двое –  шматдзетныя. Дзесяць асоб старэйшыя за 50 гадоў, адна дасягнула пенсійнага ўзросту.

1_1097_1.png

З Беларусі эвакуіравалі былую палітзняволеную Дануту Перадня 

Пра гэта паведамляе @stryzhak.

20-гадовую студэнтку-выдатніцу затрымалі 27 лютага 2022-га году за антываенную пазіцыю, а пазней асудзілі да 6,5 гадоў калоніі. Дзяўчыну дадалі ў спіс «экстрэмістаў» і спіс «тэрарыстаў». 12 снежня 2024 году Данута выйшла на волю па памілаванні. 

Цяпер Данута знаходзіцца ў бяспецы, аднак мае патрэбу ў падтрымцы.

Падтрымаць яе фінансава можна на BYSOL.

Юрась Зянковіч пра Васіля Верамейчыка: «Ужывалі фізічны гвалт, каб прымусіць яго сказаць на БТ тое, што хочуць пачуць»

Былы палітзняволены распавёў «Нашай Ніве», што перад вызваленнем правёў 4 месяцы ў СІЗА КДБ у адной камеры з экс-каліноўцам Верамейчыкам. Па яго словах, Васіль не зламаўся і трымаецца мужна.

«Тое, што ён гаварыў у «інтэрв’ю» — гэта вымушана. Каб прымусіць яго сказаць тое, што хочуць пачуць бэтэшнікі, да яго ўжывалі фізічны гвалт. Паколькі супраціўляцца асабліва сэнсу не было, ён пад гвалтам сказаў тое, што сказаў.

Не верце таму, што паказвае прапаганда: гэтыя ўсе інтэрв’ю робяцца пад пагрозай гвалту. І самае галоўнае. Вязням — не толькі палітычным, але і іншым хто сядзіць без віны (напрыклад, бізнэсоўцы, у якіх патрабуюць грошы ў абмен на вызваленне) вельмі важная грамадская салідарнасць. Нават калі не даходзяць лісты, мы ўсё адно адчуваем падтрымку людзей. Галоўная задача грамадства — гэта дабіцца вызвалення несправядліва асуджаных».

Па БТ паказалі інтэрв'ю з чарговым палітзняволеным палякам — Ежы Жывалеўскім

Па дзяржаўным тэлеканале «Першы інфармацыйны» паказалі інтэрв’ю з палітзняволеным грамадзянінам Польшчы Ежы Жывалеўскім, якога ў 2023 годзе асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі за «агентурную дзейнасць». Перад гэтым па беларускім тэлебачанні паказалі інтэрв’ю з Томашам Бярозам, якога асудзілі на 14 гадоў па падобных абвінавачаннях. Тады ж анансавалі прапагандысцкія сюжэты з іншымі палякамі, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах па палітычных абвінавачаннях.

Гэта ўжо другое прапагандысцкае відэа з Ежы з калоніі за год. На пачатку года палітвязень быў з белай біркай (гэта значыць, што Ежы не стаіць на прафуліку як «схільны да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў»), а гэтым разам — навогул без біркі.

У кадры Ежы выглядае стомленым і схуднелым. Паводле абвінавачання, Ежы Жывалеўскі нібыта перадаваў польскай разведцы звесткі пра беларускіх вайскоўцаў і памежнікаў.

Два гады таму стала вядома пра смерць палітзняволенага Мікалая Клімовіча 

7 траўня 2023 году стала вядома, што за два дні да гэтага ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі да года калоніі за рэакцыю ў «Аднакласніках» на карыкатуру на Лукашэнку. Справу палітвязня разглядаў суддзя Андрэй Бычыла, дзяржабвінавачванне падтрымліваў Ілля Гузарэвіч.

Мужчына меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Нягледзячы на гэта, пінскі суда прызначыў яму зняволенне. Перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба прымаць вялікую колькасць моцных лекаў.

У зняволенні Мікалай Клімовіч вытрымаў крыху больш за два месяцы.

Cалідарнасць супраць рэпрэсій! 21 траўня — Дзень палітвязняў

Праваабарончы цэнтр «Вясна» вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі на знак памяці з загінулым у калоніі Вітольдам Ашуркам. Гэта ўжо чацвёртая гадавіна смерці палітвязня. З таго часу за кратамі памерлі яшчэ шасцёра чалавек. Усе яны — ахвяры рэжыму, для якога салідарнасць стала злом.

У Беларусі каля 1200 чалавек несправядліва ўтрымліваюцца ў няволі па палітычных матывах. Іх імёны цяпер не так часта не гучаць у навінах, сацсетках, на міжнародных трыбунах, як раней, але яны — ёсць. Таму сёлета тэма Дня палітвязняў Беларусі — салідарнасць, каб паказаць, што людзі за кратамі не забытыя.

Падтрымліваць палітвязняў сёння — значыць захоўваць чалавечнасць у нечалавечых умовах. Кожны ліст, кожная згадка, кожны жэст падтрымкі — гэта крок да свабоды. Гэта доказ таго, што салідарнасць жыве.