Беларусь — тэрарыстычная дзяржава? Што давяло вызваленне Зянковіча
Бадай самай гучнай падзеяй тыдня было вызваленне з беларускай турмы амерыканскага грамадзяніна, беларуса па паходжанні Юрася Зянковіча. Нагадаем, што Зянковіч — фігурант справы пра замах на Лукашэнку, за якую яшчэ сядзяць пушкініст Аляксандр Фядута і дзве іншыя асобы.

Юрась Зянковіч за кратамі пад час судовага працэсу
Зразумела, гэта не першае і, спадзяемся, не апошняе вызваленне грамадзян ЗША, якія падвергнуліся ў Беларусі палітычнаму пераследу. Але тая рыторыка і тыя людзі, якіх выкарыстоўвалі ЗША для вызвалення Зянковіча, шмат пра што кажуць.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё ў сваім блогу ў сетцы X напісаў: «Дзякуючы кіраўніцтву Дональда Трампа Беларусь вызваліла яшчэ аднаго незаконна затрыманага грамадзяніна ЗША. Ні адзін прэзідэнт не рабіў так шмат і так хутка, каб забяспечыць бяспеку амерыканцаў за мяжой».
Па факце гэта азначае, што ЗША пацвярджаюць сваё стаўленне да арышту Зянковіча і яго абвінавачванні як «незаконныя». Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпу ЗША таксама заявіў, што вызваленне Зянковіча не было вынікам абмену зняволенымі — у лютым 2025 года ён быў прызнаны «неправамерна затрыманым».
Калі Зянковіч «неправамерна затрыманы», гэта азначае, што гэтак жа «неправамерна затрыманыя» і ягоныя «падзельнікі» — Аляксандр Фядута, Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч. Але яны застаюцца ў зняволенні, і, падаецца, ніхто іх адпускаць не збіраецца. Такім чынам, улады Беларусі дэ-факта пацвярджаюць тое, што было відавочна ўсім, але афіцыйныя асобы гэта ўпарта адмаўлялі — тое, што ў Беларусі існуе палітычны пераслед і палітычныя зняволеныя.
Жонка Зянковіча Алена Дзянісавец падзякавала амерыканскім чыноўнікам і структурам, якія спрычыніліся да вызвалення ейнага мужа, і гэтая падзяка таксама вельмі цікавая. Алена Дзянісавец, сярод іншых, дзякуе адмысловаму пасланцу Белеру і супрацоўнікам Спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ў справах закладнікаў».
Адам Белер — сапраўды прызначаны Дональдам Трампам спецыяльны дарадца-пасланнік па рэагаванні на сітуацыі з закладнікамі. Ён, напрыклад, праводзіў перамовы па вызваленні ізраільскіх закладнікаў у Сектары Газа.
І яго ўдзел можа азначаць (ці пацвярджаць), што ЗША лічаць Беларусь краінай-тэрарыстам дзе бяруць закладнікаў. А ўладу ў Беларусі ўважаюць за нешта кшталту ХАМАС.
Што гэта азначае для Беларусі? Для Беларусі гэта азначае, найперш, больш пільную ўвагу з боку Штатаў з папярэджаннямі свайго бізнесу пра тое, што з Сінявокай весці справы вельмі рызыкоўна. Карацей — гэта яшчэ адзін каменьчык у бок нашага «складанага іміджу». Для выпраўлення гэтага іміджу калісьці за шалёныя грошы наймалі лорда Бэла, але ні тады, ні цяпер ніякі Бэл наш імідж ужо не ўратуе.
Глядзіце таксама

Яшчэ адна гучная навіна тыдня тычыцца Беларусі ўскосна, але тычыцца. Украіна і ЗША падпісалі-такі пагадненне аб нетрах і сумеснай здабычы рэдказямельных элементаў. Гэта азначае, што Украіна ўвайшла ў зону эканамічных інтарэсаў ЗША, і цяпер Уладзіміру Пуціну будзе вельмі складана прэтэндаваць на тыя вобласці Украіны, якія ён абвясціў расійскімі, але дагэтуль, праз тры гады вайны, іх не кантралюе цалкам.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пракаментаваў заключэнне пагаднення аб нетрах з Украінай. Паводле яго слоў, Амерыка заключыла пагадненне, «дзе нашы грошы ў бяспецы, дзе мы можам пачаць свідраваць і рабіць тое, што мы павінны рабіць», і адзначыў, што прысутнасць ЗША на месцах здабычы «ўтрымае шмат дрэнных гульцоў падалей ад краіны».
Для распрацоўкі радовішчаў тых самых рэдказямельных мінералаў створаны ўкраінска-амерыканскі фонд, ў якім ЗША і Украіна маюць 50 на 50 і галасоў для прыняцця рашэнняў, і грошай. Прычым, гэты фонд будзе напаўняцца са здабытых мінералаў, і ў наступным пойдзе на ўзнаўленне Украіны пасля вайны. А сёй-той з вусамі, сіплым голасам і сінімі пальцамі шмат разоў казаў, што хоча адбудаваць Украіну. Зразумела, адбудаваць не за проста так.
Якія ў яго ёсць шанцы на падобную адбудоўлю? Падаецца, ніякіх, таму што ў каментарах Скот Бенет, міністр фінансаў ЗША, які падпісваў гэтае пагадненне, падкрэсліў: «Каб было зразумела, ніводнай дзяржаве або асобе, якая фінансавала або пастаўляла рэсурсы на расійскую ваенную машыну, не будзе дазволена атрымаць выгаду ад аднаўлення Украіны».
Так што, мы са сваім іміджам моцна ў пралёце міма магчымых мільярдных кантрактаў. Канешне, усё можа змяніцца, укалі ўлада ў Беларусі зменіцца, але пакуль што — так.
А тут яшчэ справаздача міжнародных праваабаронцаў з Amnesty International падаспела. У ёй ідзе размова пра тое, што ў Беларусі нічога не змянілася. І гэта не добра, гэта кепска, таму што ўлады Беларусі працягнулі жорсткія рэпрэсіі супраць любых формаў грамадскай крытыкі, узмацнілі ціск на незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасць.
Судовая сістэма працягвала выкарыстоўвацца для падаўлення іншадумства. Завочныя працэсы сталі звычайнай практыкай. Катаванні і жорсткае абыходжанне заставаліся шырока распаўсюджанымі пры поўнай беспакаранасці вінаватых. А спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі адзначыў, што ўзаемадзеянне краіны з сістэмай ААН па правах чалавека «дасягнула самай нізкай адзнакі ў гісторыі».
Таму не дзіва, што людзі і не людзі працягваюць пакідаць Беларусь. У ноч з аўторка на сераду з Беларусі ў Літву ўцёк мядзведзь. Ён перайшоў уброд раку Балога, выйшаў на тэрыторыю Літвы і некалькі дзясяткаў метраў ішоў уздоўж плота, але не спрабаваў праз яго пералезці. Жывёла дайшла да месца, дзе плота з калючым дротам не было, і мядзведзь бесперашкодна прайшоў углыб Літвы, паведаміла Служба аховы дзяржмяжы Літвы.
Напэўна, гэта быў знак, які варта правільна патлумачыць.