Новыя крымінальныя справы супраць актывістаў. Хроніка рэпрэсій 29 красавіка
У дачыненні да праваабаронцы Леаніда Судаленкі распачалі новыя крымінальныя справы за «іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна». Пра гэта праваабаронца напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.

«9 красавіка заведзена справа за стварэнне і публікацыю 28.05.2024 відэа «Вясна прыйдзе» на YouTube-канале «Viasna96».
Яшчэ дзве справы ўзбудзілі 20 і 24 лютага — за ўдзел у перадачы «Палітбомонд» на YouTube-канале «6TV Bielarus», які рашэннем старшыні КДБ ад 29.11.2023 г. прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».
Маё хадайніцтва аб допыце праз відэасувязь было адхілена. Беларускае заканадаўства, маўляў, не прадугледжвае магчымасці такога фармату допыту для падазраваных. Мне прапанавана з’явіцца ў Следчы камітэт да 5 мая.
Усе пастановы падпісаны капітанам юстыцыі Сямёнцавым І.В. і ўзгоднены начальнікам Гомельскага РАСК палкоўнікам юстыцыі Вараб’ёвым Д.Е. Копія таксама накіравана пракурору Гомельскага раёна Аляксандру Шынкарову.
Па тым жа эпізодзе з «Палітбомондам» крымінальная справа ўзбуджаная і супраць 74-гадовага в.а. старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Уладзіміра Шанцава».
Алесь Лагвінец
Пасля шэрагу інтэрв'ю незалежным СМІ Следчы камітэт распачаў новую крымінальную справу супраць выкладчыка і праграмнага дырэктара Вольнага Беларускага Універсітэту Алеся Лагвінца, які знаходзіцца за межамі Беларусі.1 ліпеня 2024 года яго ўжо завочна асудзілі да 10 гадоў зняволення па так званай справе «20 экспертаў», а таксама дадалі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».
У суботу, 26 красавіка, трое асобаў, якія прадставіліся супрацоўнікамі КДБ, апыталі цесця і цешчу Алеся Лагвінца. Таксама ў іх прысутнасці апячаталі дом Алеся Лагвінца на падставе рашэння следчага А. А. Шрубіка ад 31 сакавіка 2025. Новую крымінальную справу распачалі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, па якім ужо судзілі Алеся Лагвінца летась: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 і 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).
Супрацоўнікі КДБ выказалі зацікаўленасць у наўпроставым кантакце з Алесем Лагвінцом, але той каментуе:
«Жадання і патрэбы ў камунікаванні з прадстаўнікамі незаконных уладаў ці спецслужбаў Беларусі ў мяне няма».
Паліна Шарэнда-Панасюк
Муж Паліны Андрэй Шарэнда паведаміў у Facebook: «Учора стала вядома, што супраць маёй жонкі Паліны Шарэнды-Панасюк лукашысты завялі новыя крымінальныя справы па арт. 422 (ухіленне ад прэвентыўнага нагляду) і 361 (заклікі да санкцый). Таксама адбыліся допыты родных Паліны».
Нагадаем, Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана 3 студзеня 2021 года і да 1 лютага 2025 года знаходзілася за кратамі. За час зняволення ў Паліны пагоршыўся стан здароўя, з'явіўся хранічны панкрэатыт. На волі жанчыну чакала двое сыноў — Славамір і Стах.
Пасля вызвалення Паліны з'ехала з Беларусі.