Беларусь, якая чакае. Нерасстраляныя радкі

Сённяшні выпуск фотапраекта «Беларусь, якая чакае» — незвычайны. Мы паспрабуем візуалізаваць тое, што натхняла паэтаў, чые жыцці былі заўчасна абарваныя бесчалавечнай сістэмай. А дапамогуць нам радкі іхніх вершаў.

_belarus_nerasstraljanyja_2_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

Штогод у гэтыя дні мы згадваем адну з самых жахлівых і трагічных дат у гісторыі Беларусі — ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937-га, калі ў сутарэннях «амерыканкі» (турма НКУС-КДБ у Мінску) былі расстраляныя дзясяткі дзеячаў беларускай культуры. «Ноч расстраляных паэтаў», «чорная ноч беларускай культуры» — так кажуць пра гэтае вар’яцкае злачынства. Але ж яшчэ сотні паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў цягам мноства гадоў да таго і пасля былі закатаваныя ў лагерах і турмах, пакуль  іх суайчыннікі, аслепленыя крывавым колерам бальшавізму, зацята будавалі муры сваёй турмы. 

Культуру забіць немагчыма, як бы пафасна гэта ні гучала. Нават з тых часоў да нас дайшлі творы, якіх, на думку тагачаснай улады, не павінна было быць. Як не павінна было існаваць і беларускай самабытнай культуры ўвогуле. Іх шчыльна выкрэслівалі і старанна знішчалі, але час ставіць усё на свае месцы. Так было і так будзе, нягледзячы на намаганні любых уладаў. 

_belarus_nerasstraljanyja__3_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

Сёння мы прапануем вам разам прачытаць радкі, якія былі створаны ахвярамі бальшавіцкага тэрору, паспрабаваць разам візуалізаваць натхненне, якое валодала паэтамі ў той час. Іх і нас яднала і яднае вялікая любоў да сваёй зямлі ды прага лепшай будучыні. Паглядзім навокал іх вачыма — і, магчыма, натхнімся на штосьці вельмі важнае.

_belarus_nerasstraljanyja_1_2023_fota_novy_czas_logo.jpg


Цішка Гартны (04.11.1887 — 11.04.1937)

Сапраўднае імя — Зміцер Жылуновіч. Беларускі пісьменнік, паэт і перакладчык, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Акадэмік АН БССР (1928), удзельнік Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года, ініцыятар стварэння літаратурнай арганізацыі «Полымя».

Выключаны з ВКП(б) 16.1.1931 з фармулёўкай «за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі». Арыштаваны 15.11.1936 года, 07.04.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр (паводле афіцыйнай версіі, ад гангрэны лёгкіх; паводле іншых звестак — скончыў жыццё самагубствам). Цалкам рэабілітаваны ў 1987 годзе.

Глядзіце таксама

Роднай краіне

Я люблю гэты вобраз краіны,

Дзе відаць на абшары кругом

Курганы, і пустыя раўніны,

І балоты, зарослыя мхом.


Я люблю гэты вобраз краіны,

Дзе Дзвіна й чысты Нёман плывуць,

Між лясоў,

                паміж гор,

                                праз лагчыны

Свае воды ў мора нясуць.


Дзе раскінулісь шэрыя вёскі,

А ў іх родныя песні чутны, —

Песні —

               долі людской адгалоскі,

Песні —

              жальбы загнанай душы.


Я люблю гэты вобраз бясконца,

Тыя вёскі, балоты, гаі,

Бо радзіўся я ў гэтай старонцы

І памру мо у гэтай зямлі.


Алесь Дудар (24.12.1904 — 29/30.10.1937)

Сапраўднае імя — Аляксандр Дайлідовіч. Беларускі паэт, крытык, перакладчык, адзін з заснавальнікаў менскай, віцебскай і полацкай філій літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Са снежня 1927 года — удзельнік літаратурнага аб'яднання «Полымя». Сябар Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года. 

20.03.1929 арыштаваны за верш «Пасеклі наш край папалам...», высланы на 3 гады ў Смаленск. 22.07.1930 арыштаваны ў Смаленску па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пасля высылкі вярнуўся ў Менск. Трэці раз быў арыштаваны 31.10.1936 у Менску. 28.10.1937 прысуджаны да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці як «член антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Расстраляны ў сутарэннях менскай унутранай турмы НКУС («амерыканкі») у ноч з 29.10 на 30.10.1937. Пасмяротна рэабілітаваны 21.09.1957.


Глядзіце таксама

***

За маім акном — абрывы,

а на дне іх — пыльны брук.

Ў дротах мечацца пужліва

сонца — вогненны павук.


Ліжа жоўтыя каменні

ценяў шарая кайма —

звонка ляскае аб землю

іскрай звонкаю трамвай...


Ах, я знаю!.. Звонкім гулам

ўспеняць раніцу гудкі,

загудзіць завод, як вулей,

запыхцяць рухавікі...


Гэй, далёкія палеткі!..

Над ракой сутулы клён!..

Наш пасеў жалезных кветак

забуяніў над зямлёй...


Можа, заўтра паравозы

загудзяць паміж лясоў,

можа, звякне вербалоззе

намі зробленай касой...


За маім акном  абрывы,

пад балконам скача цень...

Тут вясною гаварлівай

сіні клён не расцвіце.


Не запеніць тут адценняў

жаўтатканая трава...

Звонка ляскае аб землю

векам будучым трамвай.


Тодар Кляшторны (11.03.1903 — 29/30.10.1937)

Тодар Кляшторны — беларускі паэт, перакладчык. Быў сябрам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк», «Узвышша», БелАПП, уваходзіў у нефармальнае згуртаванне ТАВІЗ («Таварыства аматараў выпіць і закусіць»).

Арыштаваны 03.11.1936 у Менску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 29.10.1937 як «член антысавецкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны ў «чорную ноч беларускай культуры». Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 08.06.1957.

Глядзіце таксама

***

Аб чым шумяць над возерам бярозы?

Аб чым гамоняць хвалі між трысця?

Ці гэта ноч і месяц пад гіпнозам?

Ці я пад хмелем мудрасці жыцця?


Як разгадаць?!

А ўрэшце і не варта

Канцоў прычын няведамых шукаць.

О, не філосаф я... і не на зорнай варце,

Каб таямніцы свету вартаваць.


Мне не дала прырода тонкіх грацый,

І я не зяць уласніка, не кум.

Мне не належаць скарбы і багацце,

Хоць я і сам багацця не вазьму.


Дзе за капейку галаву хілілі,

Там я ішоў пагардаю зарэць.

Маё багацце — песня любай ліры,

Мне наканована ў песні дагарэць.


Я кожнай хвойкі гоман адчуваю,

Я чую крокі нават туманоў,

Таму і злосць і крыўду прабачаю

У лёгкім тлуме творчых аганькоў.


Таму і ноч і месяц пад гіпнозам,

А я пад хмелем музыкі жыцця —

Мне шэпчуць вершы белыя бярозы,

Мне шэпчуць казкі хвалі між трысця.


Юрка Лявонны (16 (29).07.1908 — 29/30.10.1937) 

Сапраўднае імя — Леанід Юркевіч. Беларускі паэт, перакладчык, сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года. Некаторыя вершы Юркі Лявоннага пакладзены на музыку кампазітарамі Мікалаем Чуркіным, Несцерам Сакалоўскім, Ісакам Любанам.

Арыштаваны 30.10.1936 у Менску. 28.10.1937 прысуджаны спецтройкай НКУС як «член шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны ў «чорную ноч беларускай культуры». Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25 красавіка 1957 года.

Глядзіце таксама

Асенняй ранню

Не дзень, не два і не гады

Ляцелі ў доўгі шэраг...

Мацнее сонечны ўздым,

Бліжэй чаканы бераг.


І боль застыгшая душы

Здаецца так далёкай

І ў думках ціха так шуршыць

Някошанай асокай.


Не рвіся ж, вецер, на палёх, —

Дажджом не крыйся, просінь;

Жыццём засеяна раллё

Ў калінавую восень!


Не крыйся шклянасцю вады,

Не мыйся, вечар, сажай, —

Туман смуглява-малады

Мне заўтра ўсё раскажа!


Хто, сцежкі страціўшы ў гаю,

Мінуламу галосіць?..

Кудзелю песняў пра вясну

Сукаць бяруся ўвосень!..


Уладзімір Жылка (27.05.1900 — 01.04.1933)

Уладзімір Жылка  — беларускі паэт, перакладчык, крытык. Быў сябрам літаб'яднання «Маладняк», а пазней — «Узвышша». У 1927-1928 гадах працаваў загадчыкам аддзела літаратуры газеты «Звязда».

19.07.1930 арыштаваны пад Менскам па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Не прызнаў сябе вінаватым. 10.04.1931 прысуджаны да 5 гадоў высылкі, якую адбываў ва Уржуме Кіраўскай вобласці. Памёр ад сухотаў. Пахаваны на мясцовых могілках. Рэабілітаваны 19.09.1960 Судовай калегіяй Вярхоўнага Суда БССР.

Раніцою


Бывайце! Ізноў мне ўсміхаюцца далі,

І сонца ў крыві і пястуе валоссе.

Забыўся я дома нудоту і жалі,

І ў свеце — мне сніцца — ліхое звялося.

Чароўнасцю веюць хмурынак румянцы,

І з цішаю звонкасць цалуюцца ў губы.

О ветрыку свежы, скажы там каханцы,

Які гэты свет — і салодкі і любы!

Іду я па росным зялёным каберцы,

І песня ад шчасця ў знямозе нямее,

І сэрца, як сонца, і сонца, як сэрца,

Сусветнае сэрца гарыць, палымнее!



Сяргей Фамін (29.04(12.05).1906 — 04.12.1941)

Сяргей Фамін  — беларускі паэт, сябра літаб'яднання «Маладняк». Пасля расколу «Маладняка» ўваходзіў у «Пралетарска-сялянскую беларускую літаратурную суполку» («Пробліск»).

Арыштаваны 04.01.1935 па даносе аднаго са студэнтаў. У маі 1935 года прысуджаны да расстрэлу, замененага 10 гадамі пазбаўлення волі. Накіраваны ва Ухтпячлаг НКВД у Комі АССР. Паўторна арыштаваны ў лагеры 29.09.1941. За «стварэнне контррэвалюцыйнай арганізацыі» 02.10.1941 прысуджаны да выключнай меры пакарання. Расстраляны 04.12.1941. Рэабілітаваны ў 1958 годзе.

***

Пагубляла рубіны рабіна

і ад страты ў прастор загула...

Ў танкаструнь залатой павучыны

агарнулася жніўная гладзь.

Па ярах, па сівых пералесках

так выразны бярозы і пні.

Пад нагою ламаюцца трэскі...

Восень.

Ціха.

Празрыстыя дні.

На забытай званіцы — варона.

Вечарэе.

А ў далях — туман.

Непрыкметна ў нашу старонку

едзе ціха на іртах зіма.

Пахне гостра яшчэ канаплянік,

пахне полем і вільгаццю ліп.

Звечарэла.

У шызым тумане

шолах шэрых зайцоў на палі.

Ноч.

Самотна чуць чутна асіна

прашаптала, мяжу замяла...

Пагубляла рубіны рабіна

і ад страты ў прастор загула.



Уладзімір Хадыка (03.01.1905 — 12.05.1940)

Уладзімір Хадыка — беларускі паэт, перакладчык. Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк», член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.

26.11.1936 арыштаваны, 05.10.1937 прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Іванаўскім і Марыінскім лагерах. Загінуў на будоўлі чыгункі каля Улан-Удэ. Рэабілітаваны Прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 29.12.1954.

***

Абрысы старадаўняй пушчы,

Святую смагу баек там

Нутром на попел ператрушчу,

Змяшаю з друзам папалам.


Ўскапаю дзедаўскі дрывотнік,

Па каліву перабяру...

І што не змог народ нямотны —

Я да канца дагавару.


Праз грані дум прайду ў негаць

Прыгонных продкаў, курных хат...

За ўласным ценем мне не бегаць,

Не зводзіць вершамі дзяўчат.


Залёты, што былі дагэтуль,

Пазбаўлены свайго кутка...

Прыдумаць дру́жыну паэту

Цяжэй, як вобраз для радка.


Не схілены на ласку, сорам

Замрэ ў ладах натхнёных струн —

Тады ніякім загаворам

Не збыць паэзіі каўтун.


Дык лепш змагацца з невядомым,

Ісці благому насустрэч.

Я сон знайду, я буду дома,

Як спыняць рух вужакі рэк.


Зляту на сухазем'е лістам —

Ўладар начэй і дзён ўладар.

Вятры па горле галасістым

Прагоняць вір крыві і хмар.


Тады сваіх здабыткаў кайстру —

Што не дабраў, што стойваў сам, —

Я перадам другому майстру,

Другому сэрцу перадам.


Валерый Маракоў (14 (27). 03.1909 — 29.10.1937)

Валерый Маракоў — беларускі паэт, перакладчык. Сябра літаб'яднання «Маладняк», з 1934 года член Саюза пісьменнікаў БССР. З 1934-га па 1935 год працаваў у «ЛіМе».

21.03.1935 арыштаваны як «член контрреволюционной нацдемовской организации», 07.07.1935 справа Маракова была спынена, паэт быў выпушчаны з турмы НКУС. Паўторна арыштаваны 06.11.1936. Выязной Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 28.10.1937 прысуджаны да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны ў «чорную ноч беларускай культуры». Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23.04.1957. 

Глядзіце таксама

Адышоўшым

На вашых магілах мы справім вяселле

І душы зальём старадаўнім віном.

Успомнім,

Як дні нашы ў нетры ляцелі,

Каб больш не вярнуцца ніколі ізноў.


Мы ў майскія ночы паплачам над вамі,

Раскажам вам вашы

Пачуцці

І сны,

Як сэрца квітнее зарой і агнямі,

Як граюць жаданні на струнах вясны.


А ў доўгія ночы зімовых ігрышчаў,

Пад дальнія скрыпкі начных палазоў

Раскажам,

Як вецер бязлітасна свішча,

Цярушачы ў полі змярцвелы свой боль...


Там хвойка упала з надломаным крыкам.

Там свежай крывёй пралілася зара.

На захад узняў хтось марозныя пікі

І кліча у бойку узбураны край.


Мы вучымся жыць.

Мы ствараем законы.

Мы марым аб дальняй нязнанай красе.

У бойку ідзём,

Паміраем з праклёнам,

І смерць нам вянкі на магілы нясе.


А можа быць, такжа

Праз слоту нядолі

Мы пойдзем,

Памром

І не вернемся зноў.

Хтось будзе на нашых магілах вясной

Спяваць з захапленнем пра шчасце

І волю!