«Тут кожны крыж — адвечнае змаганне, тут кожны куст — адвечная любоў...» Лёсы расстраляных паэтаў: Тодар Кляшторны
У кожнага з іх быў свой шлях, свой спосаб гаварыць і маўчаць. Расстраляныя беларускія паэты былі адметнымі не толькі вершамі — кожны з іх быў асобай, якую вельмі часта складана было выразаць з радкоў. І ў Тодара Кляшторнага гэта атрымлівалася, мабыць, найменей з усіх.
Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года была адной з самых страшных начэй для Беларусі. У гэтую ноч бальшавіцкія каты пазбавілі нашу краіну голасу — голасу сумлення — расстраляўшы 26 беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, перакладчыкаў. 26 жыццяў. Дзясяткі кніг. Сотні вершаў. Адна беларуская культура, якая і па сёння перажывае гэтую вялікую страту.
Але бяда ў тым, што такая ноч у гісторыі Беларусі была не адна — і ў кожную з іх, у кожны са страшных дзён краіна губляла сваіх найлепшых людзей, свае душы і сэрцы.
Да гадавіны «Ночы расстраляных паэтаў» «Новы Час» расказвае пра некаторых з тых, чые вершы ўжо больш за 80 гадоў шапочуць хвоі ў беларускіх лясах.
Тодар Кляшторны
Спрабую ўглядзецца ў іх — чорна-белых, парэпаных часам — і з вышыні сённяшняга дня, з адлегласці ў некалькі жыццяў зразумець кожнага, з іх праўдай, іх горыччу, іх няздзейсненымі марамі. Ці стала для іх звычайным асяроддзе хлусні, крывадушша, даносаў? Ці звыклі яны да таго, што знікаюць людзі? Як насамрэч перажывалася імі спроба закрыць людзям раты?
У кожнага быў свой шлях, свой спосаб гаварыць і маўчаць. Расстраляныя беларускія паэты былі адметнымі не толькі вершамі — кожны з іх быў асобай, якую вельмі часта складана было выразаць з радкоў.
І ў Тодара Кляшторнага гэта атрымлівалася, мабыць, найменей з усіх.
На яго долю выпала шмат: вайна, на якой ён цудам уцёк ад расстрэлу, здрада каханай, цкаванне калег і, урэшце, палітычны пераслед, які пазбавіў паэта жыцця. Нездарма нават дзіцячыя вершы, якія Кляшторны пісаў у спадзеве перавесці дух ад пільнага вока крытыкаў, былі поўнымі трагізму: з такой гісторыяй за плячыма наўрад ці будзеш «ура-патрыётам».
Тодар Тодаравіч Кляшторны нарадзіўся 11 сакавіка 1903 г. у вёсцы Парэчча Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Звестак пра дзяцінства паэта, на жаль, няма. Вядома, што служыў у Чырвонай Арміі, вучыўся на рабфаку, скончыў філалагічны факультэт БДУ, працаваў у рэдакцыях мінскіх газет і часопісаў, на Беларускім радыё. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша», «БелАПП».
Малады паэт адхапіў у плечы ўжо за першы свой верш. Паводле ўспамінаў дачкі паэта Тадзіяны Кляшторнай, у ім былі такія радкі:
« Не хадзіце да Мікіты
Ні пшаніцу жаць, ні жыта,
Бо ён злосны і скупы.
Вы ж жанчыны, не рабы».
Адрасат гэтых радкоў, «пачуўшы песню, /.../ пераняў Тодара і моцна пабіў».
За гады творчасці Тодар Кляшторны паспеў выдаць пяць зборнікаў паэзіі: «Кляновыя завеі» (1927), «Светацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Палі загаманілі» (1930), «Праз шторм — на штурм» (1934). Апошні — вынік пастаяннага цкавання паэта, рэверанс у бок ашалелых вартаўнікоў непахіснай савецкай ідэалогіі.
Акрамя вершаў і дзіцячай кніжкі «Пра зайца, ваўка і мядзведзя» (1935) былі яшчэ паэмы: «Калі асядае муць» (1927), «У дарозе» (1927; зб. «Светацені»), «Беларусь» (1928), «Палі загаманілі» (1930), «Сляды дарог» (1932), «Наш кірунак дарог — на Маскву» (1933) і «Радзіма» (1934). Найлепшая з іх — «Калі асядае муць» — прынесла аўтару званне паэта для «падонкаў сучаснага грамадства»:
«Т. Кляшторны ўдарыўся ў нейкі своеасаблівы, я б сказаў, эстэтычны алкагалізм. Але не ў адным алкаголі справа. Паэма... — упадніцкі, песімістычны, шкодны твор, а сам яе аўтар дайшоў, як кажуць, “до точкі”», — пісаў адзін крытык. «Гэтая п’яная, падгітарная лірыка з’яўляецца выражэннем настрояў падонкаў сучаснага грамадства», — дадаваў другі.
Хутчэй за ўсё, праўда настолькі калола вочы паважаным чытачам, што немагчымасць яе выносіць яны спаганялі ўласна на раздражняльніку — аўтары паэмы, не саромеючыся пры гэтым біць ніжэй за пояс.
Пра тое, што Кляшторны любіў выпіць, ведалі ўсе. Адзін час па Мінску нават гуляла байка пра тое, як п’яны паэт пры пераездзе згубіў уласную дачку.
Ніякіх споведзяў ён, вядома, не даваў, але калі ў іншых паэтаў з верша ў верш вандравала вясна, то ў Кляшторнага ўсё завеянае і заледзянелае, і ўсе яго «кілішкі», «чаркі», «алкаголі» — спосаб выжываць, спраўляцца з болем, калі твая каханая выходзіць замуж за іншага або сябры пішуць даносы адно на аднаго.
Прадчуванне трагедыі бачыцца амаль у кожным вершы паэта — няважна, пісаў ён пра каханне ці пра «ворагаў народа» (а было і такое). Тодар Кляшторны быў першым, хто наважыўся адкрыта назваць рэчы сваімі імёнамі:
...Ходзім мы пад месяцам высокім,
А яшчэ пад Д.П.У.
(З паэмы «Калі асядае муць»)
Апісвалі яго яе заўсёды збянтэжанага і разгубленага, у парэпаным адзенні, на якое ён ніколі не зважаў, але затое быў уважлівым да сваіх суразмоўцаў і тым больш — да вершаў. Вось як згадвае Кляшторнага Павел Пруднікаў:
«Тодар Кляшторны быў ціхі, спакойны й выключна ветлівы чалавек. Ён заўсёды і ўсюды стараўся быць непрыкметным. Многа ведаў, слухаў іншых, але сам гаварыў мала. З выгляду ён быў прыгожы, высакародны, крыху сутулаваты, як быццам гнуўся знарок, саромеючыся свайго росту, сінявокі, з добрай чупрынай непаслухмяных валасоў каштанавага колеру. Апрануты звычайна не па модзе. Як на вопратку, так і на абутак асаблівай увагі не звяртаў. Усе яго думкі і клопаты былі сканцэнтраваны на адным — паэзіі, якой ён самааддана служыў з дзіцячых гадоў свайго жыцця... Вершы свае Тодар Кляшторны чытаў ціха, больш унутраным голасам, характэрным толькі для паэтаў. Ні жэстаў, ні мімікі не прымяняў. І, нягледзячы на ўсё гэта, слухачы яго вельмі добра прымалі. Асабліва тады, калі ён чытаў вершы на тэму кахання...».
А Максім Лужанін пісаў, што зласліўцы кпілі нават з позірку Кляшторнага, які нагадваў ім Хрыста:
«Жартавалі, што ягоны, некалькі адлучаны ад рэчаіснасці, дакладней — выцураны выраз вачэй выклікае ва ўяўленні постаць раскрыжаванага Ёзуска — такія крыжы стаўлялі некалі ў вясковых каплічках і касьцёльчыках».
У вершах Кляшторнага ўсе гэтыя кпіны і папрокі ад адчування вінаватасці лірычнага героя ўзрасталі наўпрост да прысуду самому сабе — прынамсі, менавіта такое ствараецца ўражанне. Быццам не бачыў паэт свайго месца сярод людзей, быццам нават маўклівым назіральнікам ён там быў лішнім.
3 лістапада 1936 г. Тодара Кляшторнага арыштавалі ў яго доме па вул. Фабрычнай 10/4 як «члена антысавецкай арганізацыі». Амаль год ён правёў у турме ў нечалавечых умовах.
1 жніўня 1937 г. ва ўнутраным дворыку знакамітай «амерыканкі» адбыўся сярэднявечны суд над кнігамі: чэкісты Сакалоў, Абрамчык і Гарбацэвіч спалілі дзясяткі тысяч рукапісаў беларускіх аўтараў, сярод якіх былі і творы нашага сённяшняга героя.
У ноч з 29-га на 30-е кастрычніка 1937 г. па рашэнні пазасудовага органа НКУС паэт быў расстраляны і пахаваны, паводле адных звестак, у Курапатах, паводле другіх — у парку Чалюскінцаў.
Рэабілітаваны 8 чэрвеня 1957 г.
Рэпрэсіі зазнала і сям’я паэта. 28 лістапада 1937 г. была арыштаваная жонка Кляшторнага Яніна Германовіч, маці траіх дзяцей. Разам з наймалодшай дачкой Маяй яе этапавалі ў «Акмалінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы». Вызваленая і рэабілітаваная яна была толькі ў 1957 г. Дачка 5 гадоў правяла ў канцлагеры, 6 — у дзіцячым спецпрыёмніку НКУС, 7 — разам з маці ў Сібіры.
У 2017 г. гурт «TonqiXod» у межах праекта «(Не)расстраляная паэзія» запісаў песню «Імчы, цягнік» на верш Тодара Кляшторнага.
На ледзяной гітары
А. Віннікавай
З вішнёвых хмар на ледзяной гітары
Заплакала зара па сонечнай вясне,
І быццам з вёснамі развеяныя мары
На успамін застылі на вакне.
Куды пайшло, куды ўсё паляцела,
Чаму загінула, не кінуўшы слядоў,
Чаму застыла ўсё – заледзянела
Ў туманнай шэрані заснежаных палёў?
Так у жыцці — развеяныя вёсны
Туману крыюцца ў завеях залатых,
І замярзаюць сонечныя вёслы
На паўпуці ў каралях ледзяных…
Ты гаварыла,
Ты мне гаварыла:
— Наш просты шлях не звяжуць туманы —
Што ты душу і сэрца падарыла
Ў шыпучы кубак сонечнай вясны.
Чаму ж так неба вычарніла хмары,
Чаму згарэла сонечная сінь,
Чаму, любімая, на ледзяной гітары
Ты адпяваеш сонечныя дні?
Чаму замёрзлі сонечныя вёслы
На паўпуці ў каралях ледзяных,
Чаму ружовыя разветрыліся вёсны
І нашы сцежкі вяжуць туманы?...
З вішнёвых хмар на ледзяной гітары
Заплакала зара па сонечнай вясне,
І быццам з вёснамі развеяныя мары
На успамін застылі на вакне.
* * *
Завечарылася бярозавая просінь,
У далях вечар дым пераліваў.
А Млечны Шлях
На сіняватых плёсах
Заранкамі дарогу вышываў.
Мне марыцца:
Нібыта той дарогай
З адвечнасці вярнуліся гады...
Я не паэт,
А хлопчык басаногі, —
За рубяжамі свет і гарады.
Нібы з туманаў выплыла паданне
Пра гэта возера,
Як сведку дзіва-дзей;
Я ўспамінаю першае каханне
I першы хмель разбураных надзей.
З тае пары я шмат перамяніўся
(Цвітуць да часу ў жыце васількі).
О вечар, вечар,
Што завечарыўся?
Куды сплылі ружовыя вянкі?!
Зазімак
Мёрзлы месяц з-за гор васількамі
Перасыпаў азёрную сінь.
Стыне ўсё...
Ледзянымі сярпамі
Выйшла восень рабіну касіць.
Тоўпы зор снегавым пералівам
Разматалі ў палях павады.
Быццам коні з намыленай грывай,
У пацёмках застылі сады.
Хтосьці там, у шырокім прыволлі,
Дзе узмежкі гараць серабром,
Заспяваў пра шырокае поле,
Засвістаў ледзяным салаўём.
Эх, як рвецца душа у прасторы!
Штосьці хочацца вечна кахаць
I дзіцячае радасці зоры
Ў ледзяных перазвонах збіраць.
Мёрзлы месяц з-за гор васількамі
Перасыпаў азёрную сінь.
Стыне ўсё...
Ледзянымі сярпамі
Выйшла восень рабіну касіць.
* * *
Не глядзі з дакорам, дарагая,
Не глядзі,
Не будзі загубленага маю,
Не будзі...
Не адна ты сэрца хвалявала,
Не адна,
Пі юнацтва палкія бакалы,
Пі да дна...
Як астудзяць першыя марозы
Кроў, —
Не дагонім бэзавыя крозы
Зноў...
Выпівай жа палкія бакалы, —
Пі да дна,
Не адна ты сэрца хвалявала, —
Не адна.
Восень
I
Слаўны вечар... Пагода ліпнёвая,
А у садзе красуецца верасень...
Колькі яблыкаў восень ружовая,
Залацістая восень развесіла.
II
Блудзяць хмаркі, — вандроўнікі дальнія,
Месяц косіць абмежкі ліловыя,
Загарэлі затоны крыштальныя,
Засмуцілася сінь вераснёвая.
ІІІ
Плачуць гусі, — асеннія здраднікі,
Плачуць гусі, як сэрца дзяўчыны...
Заглядзеліся ў даль канаплянікі
Над бялявым вянком павучыння.
IV
Эх вы, сцежкі, — дарожанькі вузкія,
Эх ты, просінь, тыняная просінь...
Хоць прыгожа вясна беларуская, —
Прыгажэй беларуская восень.
V
Як прыгожы сады вераснёвыя...
Закахаўся я ў казачны верасень...
Колькі яблыкаў восень ружовая,
Беларуская восень развесіла.
Калі асядае муць
(фрагмент)
Дальнія-блізкія, блізкія-дальнія
Бомы бягуць, заміраюць, бягуць...
Шубы, манто, галіфэ саматкальныя
Ўдоўж па Савецкай снуюць.
А ля касцёла жахліва і дзіка.
Палі пад чашай атручаных кроз
Мёртвыя цені жывой Афрадыты
I мармуровы Хрыстос.
— Хто вы?!
— Абломкі далёкага дальняга,
Госці абжытых вякоў,
Мы — алкаголь,
Мы — жальба пахавальная,
Мы — гэта смерць і любоў.
— Доўга над цемрай сусвету пануючы,
Шмат нарабіў я крывавых падзей.
Я — гэта бог,
Я — Хрыстос неіснуючы,
Створаны ў муках людзей.
Я — гэта мара пакорных плебеяў, —
Куплены потым каронай цароў,
Каб захаваць пад святым маўзалеем
Праўду, сумленне, любоў.
Я — гэта Рым,
Я — антычная Грэцыя,
Я — гэта зброя сляпога жраца,
Я — ракавая пячаць індульгенцыі,
Я — і нявольнік, і цар.
Доўга над цемрай сусвету пануючы,
Шмат нарабіў я крывавых падзей...
Я — і слуга, і гасподзь неіснуючы,
Праўда і крыўда людзей.
Я — Афрадыта, багіня кахання,
Фейверк жывога агня.
Дзе нарадзілася першая тайна,
Там нарадзілася я.
Я не хадзіла к царам на паклоны,
Я не прасіла кароны цароў.
Ў царстве маім не існуе законаў,
Вольнаму птаху няма берагоў.
Там, у антычных аддалях сталеццяў,
Дзе каранован Хрыстос,
Я напаткала магутныя сеці
З чашай атручаных кроз.
Там, дзе ад рання туманам кадзілі,
Славячы імя Хрыста,
Я на панель прадаваць выхадзіла
Цела прыгожых дзяўчат...
Гэй, пры партфелі, з антычнаю лысінай,
Маеш чырвонцы ці не?!
Бачыш, на вуснах сцюдзёных напісана:
«Грошы, каханне і смерць».
Дальнія-блізкія, блізкія-дальнія
Бомы бягуць, заміраюць, бягуць...
Шубы, манто, галіфэ саматкальныя
Ўдоўж па Савецкай снуюць.
Гэта абломкі, далёкая спадчына,
Сэрцу бадай не да іх.
Грудзі хвалююць імкненні гарачыя,
Палкі агонь маладых.
Хтось адыходзіць... Прыходзяць другія
З палкім імкненнем вясны.
Сняцца аджытаму сны залатыя,
Толькі дарэмныя сны...
Хто з намі сілу сягоння памерыць?..
Спыніць хто рух маладых?..
Хай не раўня мы Еўропам, Амерыкам, —
Заўтра абгонім мы іх.
Дальнія-блізкія, блізкія-дальнія
Бомы бягуць, заміраюць, бягуць...
Шубы, манто, галіфэ саматкальныя
Ўдоўж па Савецкай снуюць...
У артыкуле выкарыстаныя матэрыялы кніг «Расстраляная літаратура» («Кнігазбор», 2008), «(Не)расстраляныя» («Янушкевіч», 2021), лекцыі Андрэя Хадановіча і артыкула «Радыё Свабода».