«Дыялог памяці». Ва Украіне стварылі вялікі медыяпраект памяці расстраляных у 30-я гады беларускіх і ўкраінскіх паэтаў

У Беларусі — «Ноч расстраляных паэтаў». У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года адбыўся масавы расстрэл інтэлігенцыі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка. Ва Украіне гэтыя падзеі называюць «Расстраляным адраджэннем» — 27 кастрычніка  пачаліся масавыя расстрэлы ўкраінскіх гісторыкаў, мастакоў і пісьменнікаў, піша «Свабода».

c3410000_0aff_0242_e3f3_08d99ab42251_w1023_r1_s_1.jpg

Апошнія дні кастрычніка 1937 году сталі аднолькава сімвалічнымі для гісторыі Беларусі і Украіны. Тады супрацоўнікі НКУС расстралялі сотні прадстаўнікоў беларускай і ўкраінскай інтэлігенцыі — гісторыкаў, навукоўцаў, пісьменнікаў, драматургаў і мастакоў.

У Беларусі масавы расстрэл інтэлігенцыі адбыўся ў ноч з 29 на 30 кастрычніка. Цяпер гэтая дата стала вядомая як «Ноч расстраляных паэтаў».

Ва Украіне гэтыя падзеі называюць «Расстраляным адраджэннем» — 27 кастрычніка ва ўрочышчы Сандармох, што на тэрыторыі Карэліі (Расія), пачаліся масавыя расстрэлы ўкраінскіх гісторыкаў, мастакоў і пісьменнікаў.

З ініцыятывы беларускай праваабарончай арганізацыі Free Belarus Center, створанай ва Украіне для дапамогі беларускім уцекачам, гэтыя дзве памятныя падзеі вырашылі аб’яднаць у адным вялікім медыяпраекце Executed Poetry.

 

Творы расстраляных беларускіх і ўкраінскіх літаратараў прагучаць у выкананні іхных сучасных калег, каб актуалізаваць творчасць рэпрэсаваных паэтаў і ініцыяваць дыялог памяці беларускага і ўкраінскага народаў.

З беларускага боку ў праекце ўзялі ўдзел:

·        музыкі гурту «Разбітае сэрца пацана» Дзяніс Тарасенка і Павал Гардніцкі,

·        спявачка і актрыса Анастасія Шпакоўская,

·        паэт Алесь Плотка,

·        вядоўца і актор Дзяніс Дудзінскі.

А з украінскага —

·        прадстаўніцы гурту Dakh Daughters,

·        заснавальніца «Дикого театра», тэлевядоўца Яраслава Краўчанка,

·        франтмэн гурту «Хамерман знищує віруси» Альберт Цукрэнка.

Прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай культуры прачытаюць вершы ўкраінскіх паэтаў Міхайля Семянка, Веранікі Чарняхоўскай, Алексы Ўлызька, а таксама беларускіх — Уладзімера Дубоўкі, Алеся Дудара, Юлія Таўбіна, Міхася Чарота і Валерыя Маракова.

Аператарам і рэжысёрам праекту стала ўкраінка Аляксандра Луніна. Цалкам праект апублікуюць у другой палове 29 кастрычніка.

Сёння ж увечары ў Кіеве адбудзецца адмысловая імпрэза, прысвечаная ўшанаванню памяці расстраляных беларускіх паэтаў.