Максіма Урбановіча асудзілі на паўтары гады калоніі. Хронікі рэпрэсій 27 чэрвеня
У судзе Заводскага раёну Мінска 27 чэрвеня асудзілі палітзняволенага Максіма Урбановіча, малодшага брата беларускага добраахвотніка Дзяніса Урбановіча. Яго абвінавацілі паводле артыкула 342 КК (арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак). За ўдзел у пратэстах у 2020-м годзе Максіму прызначылі паўтара года ў калоніі агульнага рэжыму, піша @belsat.

Таксама Максіму прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму ў закрытай клініцы ў 107 аддзяленні. Падчас следства мужчыну абследавалі медыкі і выявілі ў яго крыві рэчывы, якія даюць падставы меркаваць, што хлопец хварэў на алкагалізм.
Максім адмовіўся ад адваката і самастойна абараняў сябе на працэсе. Тэрмін знаходжання ў СІЗА Урбановічу залічылі ў агульны тэрмін пакарання.
Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго трапілі Instagram старонкі «leonidkalitenya», «ilonarudenia», а таксама TikTok-старонкі «belarusliv4eva_2», «lives0belarus», «belarustoday2020».
Супрацоўніка новастворанага Дэпартамента крымінальнай выведкі асудзілі да 15 гадоў калоніі
У Мінскім гарадскім судзе напрыканцы снежня 2024 года да 15 гадоў зняволення асудзілі 35-гадовага Аляксандра Кудрэвіча, паведамляе @dissidentBY. Яго абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і ч. 2 арт. 356 КК (здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца). Справу разглядала суддзя Любоў Сімахіна.
Верагодна, палітвязень працаваў у Дэпартаменце крымінальнай выведкі, які падаў супраць Аляксандра пазоў за прычыненне маёмаснай шкоды.
Аляксандра затрымалі, верагодна, у студзені 2024 года. Паводле інфармацыі ў ягоных сацсетках, мужчына жанаты, у 2014 годзе скончыў БДУІР.
«У яе сур'ёзныя праблемы са здароўем». Як у калоніі пераследуюць Галіну Дзербыш
Былая палітзняволеная Таццяна, распавяла «Вясне», што начальніца атрада, у якім знаходзіцца Галіна Дзербыш, — Ксенія Уладзіміраўна Даніленка наўмысна ўскладняе ёй жыццё ў калоніі.
«Яна затрымлівае дакументы. Галя вельмі доўга прасіла, каб яе пенсію перавялі дачцэ і тая магла купляць ёй перадачы. Але начальніца вельмі доўга гэта цягнула. Гэта было спецыяльна зроблена, каб зрабіць чалавеку горш».
Увосень 2024 года Галіне далі доўгачаканае спатканне з дачкой — гэтым былі незадаволеныя некаторыя супрацоўніцы калоніі:
«Казалі: "Якога чорта Дзербыш далі спатканне — ёй трэба было рапарт даць!" Калі яе вялі на спатканне, то ўсе супрацоўнікі пагражалі спыніць спатканне, калі яна нешта раскажа або пра ўмовы, або пра іншых зняволеных».
У Магілёве дырэктара рэкламнай фірмы асудзілі па «справе Гаюна»
У канцы траўня ў Магілёве па «справе Гаюна» асудзілі мясцовага прадпрымальніка, дырэктара адной з рэкламных фірмаў Віталя Чавусава, паведамляе @MAYDAYMog. Ён прызнаны вінаватым паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Віталю прызначылі 4 гады калоніі. Падрабязнасці справы і рэжым умоваў адбыцця невядомыя.
Паводле інфармацыі «Вясны», ужо распачаліся першыя судовыя працэсы па «справе Гаюна». Праваабаронцам вядома пра як мінімум 26 пацверджаных(!) фігурантаў гэтай справы, якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш.