Праз захоплены спецслужбамі акаунт рэдактаркі Вікіпедыі шукаюць фатографаў на мітынг Ціханоўскіх. Хронікі рэпрэсій 25 чэрвеня
Сёння ў чатах беларускай дыяспары з'явіліся дзясяткі паведамленняў, дзе невядомыя шукалі тых, хто будзе фатаграфаваць беларусаў на мітынгу Святланы і Сяргея Ціханоўскіх у Варшаве — асабліва просяць фота твараў, піша «Наша Ніва». Некалькі паведамленняў напісаныя з акаўнта рэдактаркі беларускай Вікіпедыі Вольгі Сітнік, захопленага сілавікамі.

Гэта вельмі падобна на почырк ГУБАЗіК — яны і раней пісалі з акаўнтаў затрыманых.
Вольга Сітнік, вядомая пад нікнэймам Хомелка, дагэтуль за кратамі па «справе вікіпедыстаў». Яна ўнесла сотні тысяч правак у Вікіпедыю і стварыла тысячы артыкулаў для яе. Таксама Вольга адмініструе беларускі раздзел.
Яе затрымалі ў маі 2025 года. Сутнасць абвінавачанняў невядомая, але падобна, што Сітнік праходзіць па крымінальнай справе з іншымі адміністратарамі беларускай Вікіпедыі, якія цяпер за кратамі.
Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго трапілі Telegram-канал «Витебск», cтаронка ў «Аднакласніках» «Якуб Жнiва Якуб Жнiва», TikTok-старонкі «pov_belarus», «Klim Zlobič», «sergeyxxx21», «realnaia_belarus», старонка ў «Viber» «Плоска-Мощенка», старонка ў Instagram «FRANЦ», а таксама Telegram-чаты «Правовая защита учителей» і «Чат. Перевоз РБ-РП. Переезд».
Таксама «экстрэмісцкай» прызналі старонку ва «Укантакце» брэсцкай піцэрыі, якая публікавала прарасійскія і праўладныя допісы, а незадаволеным пагражала ГУБАЗіКам.
На старонку «Культ Пиццы | Брест» падпісаныя амаль 12 тысяч чалавек.
Гэты акаўнт «Укантакце» поўніцца пастамі са зняважлівымі выказваннямі аб Украіне і краінах Захаду ды праслаўленнем Расіі. Багата допісаў з мацюкамі. Як пісала «Наша Ніва», адміністратар старонкі раней казаў, што асабіста не ведае беларускай мовы, прапановаў кантакт ГУБАЗіКа і заклікаў «збеглых» вяртацца, бо ў «Беларусі ах***а» .
Шматдзетную маму, якая займаецца астралогіяй, асудзілі за ўдзел у пратэстах
Юлія Каробка жыве ў Ждановічах, мае статус індывідуальнай прадпрымальніцы. У ёй трое дзяцей — дзве непаўналетнія дачкі і паўналетні сын.
Пра сябе Юлія піша, што яна астралагіня, таралагіня, нумералагіня і энергатэрапеўтка. У яе сацсетках няма аніякага палітычнага кантэнта — фота з дзецьмі, успаміны пра розныя падзеі і астралагічныя прагнозы.
Жанчыну асудзілі ў 2025 годзе за «ўдзел або арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК). Далі хатнюю хімію, піша «Наша Ніва».
Сёння пяць гадоў як Ігара Лосіка трымаюць за кратамі
Журналіста арыштавалі 25 чэрвеня 2020 года ў Баранавічах. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса і прызначылі 15 гадоў пазбаўлення волі.
Як піша @radiosvaboda, большую частку зьняволення Лосік правёў у наваполацкай калоніі № 1, адміністрацыя якой паўтара году не дазваляла палітвязню камунікаваць з роднымі і атрымліваць перадачы. У калоніі Ігара часта змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ.
Дар'ю, жонку палітвязня, напачатку 2023 года асудзілі на два гады калоніі за інтэрв'ю пра мужа тэлеканалу «Белсат» вясной 2022 году. У красавіку 2025 году сілавікі затрымалі малодшага брата Ігара — 25-гадовага Мікіту Лосіка. Яго вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» за нібыта перасылку некалькіх фота ў «Беларускі Гаюн».
Дачцэ Ігара Лосіка Паўліне сёлета споўнілася 6 гадоў. На момант арышту Ігара ёй было крыху больш за год.
Паводле інфармацыі «Свабоды», ад восені 2024 году Ігара трымаюць у СІЗА КДБ у Мінску.