«Дзеянні дзяржавы выглядаюць як інструкцыі да катаванняў». Хронікі рэпрэсій 26 чэрвеня

Сёння ва ўсім свеце адзначаецца дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў. Беларускі Хельсінкскі камітэт прадставіў ацэнку стану права на свабоду ад катаванняў у 2024 годзе. У параўнанні з 2023-м годам сітуацыя пагоршылася ў прафілактыцы катаванняў і абыходжанні з мігрантамі. Ёсць сферы, дзе становішча не змянілася, і ніводнай — дзе стала б лепш, піша Свабода.

1_1097_1.png

Самыя нізкія ацэнкі — адзінкі (з дзесяці) — ужо чатыры гады запар праваабаронцы ставяць па наступных пунктах:

  • падрыхтоўка сілавікоў у пытаннях прадухілення катаванняў і гуманнага абыходжання з людзьмі;
  • расследаванні паведамленняў пра катаванні і прыцягненне вінаватых да адказнасці;
  • нацыянальны механізм прадухілення катаванняў;
  • выкананне права на падачу скаргаў і іх бесстаронні, неадкладны разгляд.

Суды ўсё ахвотней выкарыстоўваюць прызнанні, атрыманыя пад катаваннямі, вынікае з паніжанай ацэнкі БХК.

Праваабаронца Павел Сапелка ў каментары праваабарончаму цэнтру «Вясна» адзначыў наступныя тэндэнцыі:

Дзеянні дзяржавы часта выглядаюць як інструкцыі да катаванняў, а прафілактыка катаванняў адсутнічае.

Заканадаўства адаптуецца пад легалізацыю жорсткага абыходжання, бо выканаўцам камфортней працаваць пад прыкрыццём «законнасці».

Практыка «пакаяльных» відэа спынілася — але не з гуманнасці, а дзеля ўтойвання рэпрэсій.

Адбываецца рутынізацыя катаванняў. Як прыклад — павелічэнне з 10 да 15 дзён тэрміну максімальнага разавага пакарання штрафным ізалятарам.

Смерці ў зняволенні па-ранейшаму не расследуюцца належным чынам, і пра пакаранне вінаватых звестак няма.

«Практычна кожны з тых, хто памёр, загінуў у зняволенні ў 2024 годзе, сваім дыягназам проста крычаў суду пра тое, што з ім не трэба эксперыментаваць, што ён цалкам магчыма не перажыве зняволенне. Тым ня менш чалавек адпраўляўся на тэрмін пазбаўлення волі — і адтуль ужо не вяртаўся», — зазначыў Павал Сапелка.

Цалкам ацэнкі БХК можна паглядзець у праекце «Індэкс правоў чалавека».

Спецслужбы пад выглядам «друку сімволікі і сцягоў» спрабуюць падбіць беларусаў замежжа перадаць свае асабістыя звесткі

Невядомыя пачалі рабіць па чатах дыяспары новую рассылку. Цяпер яны прапануюць беларусам замежжа пакінуць свае кантактныя звесткі — імя і тэлеграм або інстаграм.

Узамен нібыта можна атрымаць у Варшаве сувенірную прадукцыю з нацыянальнымі беларускімі колерамі.

«Раздаваць будзем да 18:30 каля галоўнага ўваходу ў Базіліку Святога Крыжа», — пішуць яны.

Падобна, што за гэтым стаяць лукашэнкаўскія спецслужбы. Акаўнт (id7579123793), з якога гэтым разам вядзецца рассылка, створаны зусім нядаўна. Ён нідзе і ніколі не быў заўважаны раней. Акаўнт ад учора ўступае ў чаты і раскідвае аднатыпныя паведамленні па ўсіх чатах дыяспары, у якія можа ўвайсці, піша «Наша Ніва».

У Гомелі тым, хто не працуе, пагражаюць «суткамі»

Пра тое, што адбывалася на чарговай «прафілактычнай акцыі» ў аддзеле міліцыі, куды ў канцы чэрвеня выклікалі жыхароў Гомеля, унесеных у спісы «незанятых у эканоміцы», распавёў карыстальнік сацсеткі — яго відэа заўважыў Флагшток.

Па словах мужчыны, на «групавое выхаваўчае мерапрыемства» ў актавай зале РАУС сабралі «чалавек дзвесце»:

«Потым выклікалі ўсіх па прозвішчах, у чарзе і цяжарныя сядзелі, і тыя, хто не жыве наогул у Беларусі, але прыязджаў дадому. І ўсіх адпраўлялі на Пралетарскую [Упраўленне па працы, занятасці і сацабароне — Флагшток]».

Гамяльчук кажа, што на выбар варыянтаў працаўладкавання «дармаедам» даюць 5 дзён.

Як адзначае аўтар, некаторыя спрабавалі спрачацца з міліцыянтамі і пыталіся, што будзе, калі яны не з'явяцца ў цэнтр занятасці. Тыя адказалі, што ў гэтым выпадку будуць зноў дасылаць выклік на новы сход у міліцыі, а затым можа быць «адміністрацыйка» і арышт да 15 сутак. На якой падставе і па якім артыкуле — сілавікі не патлумачылі.

У навучальных установах Магілёва навучэнцам настойліва рэкамендуюць усталяваць на смартфоны чат-бот «Стоп Экстрэмізм»

Перад ідэолагамі цяпер стаіць нечаканая праблема: пасля падзей жніўня 2020 года вырасла цэлае пакаленне, якое не ўдзельнічала ў палітычных працэсах з-за ўзросту (каму было 13 гадоў, сёння ўжо сталі паўналетнімі) і нават не ведае пра рэпрэсіі. І цяпер ідэолагі павінны іх увесці ў курс таго, што адбываецца ў краіне і патлумачыць, што навіны чытаць небяспечна.   

Падчас сустрэчы навучэнцаў Магілёўскага політэхнічнага каледжа з загадчыцай аддзела інфармацыйнага маніторынгу і аналітыкі Магілёўскага абласнога інфармацыйнага цэнтра Аленай Шэпелевай у рамках «Тыдня інфармацыйнай бяспекі» чыноўніца распавяла падлеткам, што незалежныя СМІ і тэлеграм-каналы прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі», таму іх паведамленні цяпер трэба лічыць фэйкамі, піша MAYDAY.TEAM.

Каб не патрапіць пад пераслед, яна рэкамендавала ўсім усталяваць спецыяльна распрацаваны тэлеграм-бот «Стоп экстрэмізм», які супастаўляе назву рэсурсу з рэспубліканскім спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў і выдае вынік.

У рэйтынгу свабоды слова Беларусь апярэджвае толькі Нікарагуа і Паўночную Карэю — справаздача Article 19

Па ўзроўні свабоды слова Беларусь займае 159‑е месца ў свеце з 161. Гэта вынікае са штогадовай справаздачы праваабарончай арганізацыі Article 19, якую даследаваў «Позірк».

Агульны бал выводзіцца як сярэдняе арыфметычнае з 25 ацэнак. У Беларусі ён роўны 1, як і ў Нікарагуа і Эрытрэі. Паўночная Карэя атрымала 0, Данія, якая ўзначальвае рэйтынг, — 94.

У Петрыкаве — другая спроба здаць у суд «завочную» справу супраць мастачкі ды адміністратаркі Telegram-чату Віялеты Майшук

Мясцовая філія Следчага камітэту намагаецца «расследаваць» палітычна матываваную крымінальную справу супраць жанчыны ўжо больш за 10 месяцаў, паведамляе Гомельская Вясна.

Фабрыкаваць завочную крымінальную справу супраць Віялеты Майшук петрыкаўскія супрацоўнікі Следчага камітэту пачалі яшчэ 12 жніўня мінулага года. Тады яны на сваім сайце прапанавалі мастачцы прыйсці да іх у Петрыкаўскае аддзяленне. Але Віялета знаходзіцца ў адной з еўрапейскіх краін.

Летась у жніўні петрыкаўскія следчыя вінавацілі Віялету Майшук паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. Сама жанчына мяркуе, што гэта звязанае з тым, што ў 2020 годзе яна адміністравала Telegram-чат «Петриков 97%», у якім жыхары райцэнтра абмяркоўвалі сваё стаўленне да палітычнай сітуацыі ў краіне.

Пазней улады абвясцілі гэты Telegram-чат і ўсіх ягоных удзельнікаў «экстрэмісцкім фарміраваннем». Праз адсутнасць самой Віялеты ў Беларусі справу фабрыкавалі ў рэжыме так званай «спецыяльнай вытворчасці».

У верасні 2024 года нібыта «расследаваную» справу накіравалі ў пракуратуру, каб тая адправіла яе ў суд. Амаль дзевяць месяцаў справа знаходзілася ў пракуратуры і ў суд не пайшла.

Сёлета ў пачатку чэрвеня стала вядома, што «завочная» справа датычна Віялеты Майшук вернутая з пракуратуры ў Следчы камітэт і да яе дададзеная так званая «дапаўняльная кваліфікацыя»: Віялету абвінавацілі паводле яшчэ аднаго артыкула Крымінальнага кодэкса — частцы 1 арт. 368 у абразе Лукашэнкі. Менш за месяц петрыкаўскія следчыя не сталі асабліва дадалі ў справу «доказаў» новага «злачынства» і зноў занеслі гэтыя тэчкі ў пракуратуру.

Віялета Майшук — мастачка, родам з Петрыкава. Некалькі апошніх гадоў перад эміграцыяй жыла ў Гомелі. Там яна разам з мясцовым актывістам Дзмітрыем Лукомскім далучылася да каманды ініцыятывы «Краіна для жыцця», якая дапамагала праводзіць выбарчую кампанію Святланы Ціханоўскай. 15 траўня 2020 года Віялету Майшук міліцыянты схапілі проста на яе працоўным месцы. Яе тады затрымалі на 3 гадзіны і пазней вызвалілі.

Бліжэй да даты прэзідэнцкіх выбараў, калі пачалі хапаць сябраў каманды «Краіны для жыцця», Дзмітрый Лукомскі сышоў у падполле і ў горадзе не паказваўся. Выйшаў ён толькі ўвечары 9 жніўня, калі зразумеў, што вынікі выбараў сфальсіфікаваныя і людзі ідуць пратэставаць. 11 жніўня 2020 года яго затрымалі і потым моцна збівалі цягам усяго часу затрымання. Пазней карнікі яго арыштавалі на 15 содняў, але праз некалькі дзён, калі людзі па ўсёй краіне ўзняліся супраць міліцэйскага гвалту, яго вызвалілі.

Праз некаторы час Дзмітрый і Віялета з’ехалі з Беларусі. Падчас свайго жыцця ва Украіне Віялета Майшук ладзіла свае аўтарскія выставы карцін, прысвечаныя пратэстам і рэпрэсіям у Беларусі, а таксама расійска-ўкраінскай вайне, актыўна валанцёрыла, дапамагаючы сілам абароны Украіны і бежанцам з зоны баявых дзеянняў.