Холад і голад — галоўныя прычыны хваробаў. У якіх умовах утрымлівалі вызваленых палітвязняў. Хронікі рэпрэсій 23 чэрвеня
21 чэрвеня апынуліся на волі адразу 14 палітзняволеных. Памілаванне адбылося пасля візіту ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа — Кіта Келога. Вызваленых палітвязняў адразу вывезлі ў Літву. Сярод вызваленых — шэсць беларусаў і восем замежных грамадзянаў. «Вясна» сабрала выказваннні вызваленых палітвязняў пра ўмовы ўтрымання ў беларускіх калоніях і СІЗА, а таксама пра іх вызваленне.

Сяргей Ціханоўскі: «Супрацоўнікі турмы ўвесь час паўтаралі: "Ты тут памрэш"»
Са слоў Сяргея Ціханоўскага, за час адзіночнага зняволення ён «амаль забыў, як гаварыць»: яго трымалі ў поўнай ізаляцыі, адмаўлялі ў медыцынскай дапамозе і не давалі дастаткова ежы. Ён правёў усе пяць гадоў за кратамі ў адзіночнай камеры. Памеры яе былі ад вельмі цеснай да 18-метровай. Палітвязень заставаўся ў поўнай ізаляцыі.
— Калі б вы бачылі: мне на талерку кідалі ўсяго дзве лыжкі кашы — дзве маленькія лыжкі. Часам мне давалі маленькі цюбік зубной пасты, кавалачак мыла — як падачку. Часам давалі, часам — не, — расказаў блогер, дадаўшы, што не мог нічога купіць у турэмнай краме.

Сяргей Ціханоўскі на прэс-канферэнцыі ў Вільні, 22 чэрвеня. Фота LookByMedia
Ён дадаў, што знаходжанне ў зняволенні было «адназначна катаваннем»:
— Супрацоўнікі турмы ўвесь час паўтаралі: «Ты прабудзеш тут не толькі 20 гадоў, якія мы табе ўжо далі. Мы асудзім цябе зноў». Яны казалі: «Ты ніколі не выйдзеш». І ўвесь час паўтаралі: «Ты тут памрэш».
Цяпер экс-палітвязень плануе прайсці медыцынскае абследаванне ў Літве праз пагаршэнне здароўя за кратамі. Ён падкрэсліў, што холад і голад былі «галоўнымі прычынамі хваробаў», якія закранулі амаль усіх палітвязняў у Беларусі, што ўтрымліваліся ў «асабліва цяжкіх умовах».
— Былі скурныя захворванні, ва ўсіх былі праблемы з ныркамі праз холад — і ніхто толкам не разумеў, што адбываецца. У мяне ішла кроў з рота, з носа. Часам бывалі курчы — але гэта ўсё ад жудаснага холаду, калі сядзіш у карцары. У турме няма ніякай медыцынскай дапамогі — наогул ніякай, проста каб вы разумелі, — расказаў Ціханоўскі.
Ён адзначыў, што ўмовы яго ўтрымання трохі палепшыліся пасля смерці расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага ў лютым 2024 года ў калоніі.
— Калі памёр Аляксей Навальны, я падумаў, што, відаць, хутка і я… А потым нешта змянілася. Было ясна, што нехта наверсе сказаў: «Зрабіце так, каб ён тут не памёр. Нам гэтая праблема не патрэбная». Проста стала крыху мякчэй… У нейкі момант прагучала: «Ціханоўскага трэба пакінуць у жывых, а не забіваць», — лічыць блогер.
Глядзіце таксама

Грамадзянін Эстоніі Алан Роя: «У турме да мяне ставіліся вельмі дрэнна»
Алан Роя прыляцеў у Эстонію, дзе даў каментар журналістам. Алан быў стомлены, але расчулены да слёз.
— Знаходзіцца за кратамі — гэта адно, але з 2021 года я фактычна быў закладнікам у Беларусі. Да мяне ставіліся вельмі дрэнна. Хутчэй за ўсё, я зраблю гэта справай свайго жыцця і распавяду праваабарончым арганізацыям пра тое, у якіх умовах там утрымліваюць людзей. У XXI стагоддзі ніхто не павінен жыць у такіх умовах.

Наталля Дуліна: «У ШІЗА было вельмі холадна, імунітэт паціху абтрапаўся»
Выкладчыца Наталля Дуліна расказала пра тое, як яе кідалі ў ШІЗА. У снежні ў яе забралі легінсы, і яна была вымушаная быць у камеры ў адной саколцы без рукавоў, шкарпэтках і тэпцях, якія выдаюць перад пасадкай у ШІЗА.
— Парушаюцца базавыя патрэбы чалавека. Холад, парушэнне сну. Кармілі там добра, тут няма чаго сказаць. Фізічны дыскамфорт, вядома, уплывае на маральны стан. Былі камеры болей цёплыя, былі меней цёплыя. Мы ж дзелімся паміж сабою інфармацыяй. Калі я назвала свой нумар камеры, мне сказалі, што гэта меней цёплая.

У гутарцы з «Нашай нівай» выкладчыца падрабязней распавяла пра ўмовы ўтрымання і сваё вызваленне. Яна зазначыла, што ў калоніі не працавала, бо выйшла на пенсію па ўзросце, калі была ў СІЗА.
— І ўжо калі прыехала ў калонію, то мяне залічылі да пенсіянераў. Яны там не працуюць, сядзяць у атрадзе — у тым інтэрнаце, дзе знаходзіцца атрад. Калі іншыя дзяўчаты ідуць на працу, мы робім усё па распарадку дня. Але, натуральна, у нас было больш вольнага часу, у які мы маглі выпіць гарбаты, свае прадукты з’есці. Маглі пачытаць, пагуляць па лакальным участку — такім дворыку, дзе ўсюды платы і дрот. Перамяшчацца па калоніі мы маглі толькі ў суправаджэнні дзяўчат з нашага атраду, якіх начальства для гэтага прызначыла.
Наталля Дуліна адзначыла, што лісты ёй даходзілі ад маці ці ад мужа — з напружаннем, а аднойчы трапіла ў ШІЗА за тое, што не адрапартавала аператыўніку сваё імя, і яму "не спадабалася, як у мяне шапка надзета". Тады ён склаў на выкладчыцу рапарт, дадаткова схлусіўшы.
— Мне тады на камісіі сказалі, што я плыву супраць плыні, на што я адказала, што жывая рыба заўсёды так плыве. А начальнік калоніі ў дыялогу адзначыў: «Вы ведаеце, Дуліна, вы плывеце ў бок Зарэчча». Калоніі для шматходаў, тых, хто атрымлівае другі артыкул ці 411 артыкул, для рэцыдывістак, адным словам.
Хлусню аператыўніка на мой адрас я тады, дарэчы, так проста не пакінула, напісала на яго скаргу на імя начальніка калоніі і на куратара нашага атрада. У панядзелак адправіла праз цэнзараў, у аўторак мяне перавялі ў іншы атрад, а ў сераду была камісія па пакаранні. Я там яшчэ раз агучыла: я вам пісала скаргу. Што я атрымала? Пасля гэтага ўсяго мне, акрамя ШІЗА, яшчэ і перасталі прыходзіць лісты.
Яна адзначыла, што самым страшным быў фізічны дыскамфорт у ШІЗА.
— І я вам хачу сказаць, калі хаця б з мяне акуляры не здымалі, магчыма, мне было б лягчэй, таму што так я адчувала сябе залішне безабароннай са сваёй блізарукасцю. І там было вельмі холадна, імунітэт паціху абтрапаўся.
Агулам усё дрэннае, што я магла перажыць, я перажыла на Акрэсціна яшчэ. Там былі невыносныя ўмовы, пра якія мы ўсе ведаем.
Таксама Наталля Дуліна распавяла, што палітзняволеныя жанчыны трымаюцца, хаця шмат хто мае дрэннае здароўе. Напрыклад, Ірына Мерхель, Любоў Рэзановіч. Марфе Рабковай і Насце Лойка забаранілі грашовыя пераводы.
З Кацяй Андрэевай я асабіста не перасякалася, камунікацыі ў нас не было — мы аказваліся ў розных атрадах, але бачыла яе там. Яна чалавек моцны, хаця кажуць, што яна крыху… Не тое каб замкнулася, але неяк, відаць, яе паводзіны змяніліся. Але агулам яна не зламалася.
Увесь гэты досвед не можа так ці інакш не адбівацца на здароўі. Тую ж Машу і ў санчастку цягалі, і спрабавалі прывесці ў парадак — перад сустрэчай з бацькам яна была на ўзмоцненым харчаванні, як Сяргей Ціханоўскі. Пасля таго, як еўрапейцы ці іншыя сілы запатрабавалі яе паказаць. Яе да гэтага падрыхтавалі.
Ігар Карней: «На руках — кайданкі, на галовах — мяшкі»
Ігар Карней распавёў "Люстэрку" пра дэталі свайго вызвалення і выезду з краіны. Раніцай 20 чэрвеня Ігар Карней прачнуўся, як звычайна, у папраўчай калоніі № 20 у Мазыры.
Як правіла, пасля сняданку зняволеныя адпраўляюцца на працу. Але нечакана да палітвязня прыйшлі супрацоўнікі адміністрацыі.
— Мяне выклікалі проста "на шмон", гэта значыць на ператрус. Усе мае рэчы ператрэслі вельмі грунтоўна, зрабілі падрабязную вопіс. Потым адвялі ў адстойнік, і там я знаходзіўся да 16.00. Затым быў яшчэ адзін ператрус.
