Іран: краіна не для Умкі

Цікава, ці прыхапіў АГЛ у Іран свайго ўлюбёнага шпіца Умку? У Іране наяўнасць у чалавека сабакі з'яўляецца прыкметай сур'ёзнага злачынства.

Шпіц Умка ў Таджыкістане. Фота: Пул первого

Шпіц Умка ў Таджыкістане. Фота: Пул первого

Пачнём з таго, што ў Іране — клерыкальны рэжым, а стаўленне да сабак у ісламе даволі супярэчлівае. У штодзённым жыцці вялікая колькасць мусульман прытрымліваецца думкі, што сабака — адназначна нячыстая істота, горш толькі свіння. Не толькі сліна, але нават поўсць сабакі сярод вернікаў лічыцца кепскай — «наджас».
Клерыкалы лічаць, што іранцы, якія трымаюць хатніх жывёл, знаходзяцца пад згубным уплывам Захаду, а з часам могуць канчаткова «маральна раскласціся». Таму з моманту стварэння Ісламскай Рэспублікі ў Іране ў 1979 годзе імамы пачалі абмяркоўваць прымальнасць трымання сабак.
Але рэпрэсіі супраць хатніх гадаванцаў пачаліся адносна нядаўна. Справа ў тым, што апошнія гады заможныя іранцы і маладыя людзі часцей пачалі заводзіць сабак, у тым ліку і для дзяцей. На гэтую з'яву аператыўна адрэагаваў бізнес. У Тэгеране і іншых буйных гарадах з'явілася вялікая колькасць ветэрынарных клінік. Узнік рынак кармоў для хатніх жывёл. Усё гэта, напэўна, кідаецца ў вочы і кансерватарам, выклікаючы ў іх прыступы негатыўнай рэакцыі.
Прыкладна дзесяць гадоў таму ўлады вырашылі, што з сабакамі трэба нешта рабіць. Неўзабаве была апублікавана забарона на выгул сабак. Нагодай стаў трагічны выпадак, калі сабака пакусаў хлопчыка.
Паводле згаданага цыркуляра, прагулкі з сабакамі на публіцы з'яўляюцца не спрадвечна іранскім звычаем, а праявай бяздумнага пераймання заходняй культуры. Такім чынам, бедныя сабакі нечакана для сябе ператварыліся ў «культурную» праблему і сталі ахвярамі барацьбы з тлятворным уплывам Захаду.З'яўляліся паведамленні, што сілавікі палююць на сабак каля дамоў і ветэрынарных клінік, адбіраюць іх у гаспадароў і адпраўляюць у паліцыю. Раней уласнікі сабак маглі забраць сваіх гадаванцаў з паліцыі, аднак зараз, у адпаведнасці з новымі нормамі, з пастарункаў сабак могуць даставіць у спецыяльны прытулак у далёкай правінцыі Кахрызак, дзе шмат гадаванцаў гіне ад голаду.
Аднак і гэта яшчэ не ўсё. Улетку 2022-га года заходняя прэса пачала пісаць, што рыхтуюцца новыя рэстрыкцыі супраць сабак, а таксама іх уладальнікаў. Нібыта ў парламенцкіх кулуарах абмяркоўваюць праект «Закона аб абароне правоў насельніцтва ў адносінах да жывёл». Сапраўды, у лістападзе мінулага года такі дакумент з'явіўся.
У прынцыпе закон тычыцца ўсіх жывёл, якіх патэнцыйна можна трымаць дома — ад катоў да малпаў. Аднак сабакам тамака прысвечаны асобны пункт. У законапраекце прапісана патрабаванне рэгістрацыі сабак і атрымання дазволу на валоданне імі.
Многія чакалі горшага. Адна з груп іранскіх дэпутатаў даўно заклікала прыняць закон аб канфіскацыі ўсіх сабак у Іране і перадачы іх у заапаркі або адпраўцы ў пустыні. Абмяркоўвалася нават цялесная кара для ўладальнікаў сабак. У цяперашнім праекце кары на парадак мякчэйшыя. Законапраект прадугледжвае штраф у памеры каля 800 долараў за «імпарт, куплю і продаж, транспарціроўку і ўтрыманне» шэрагу жывёл.
Цікава, што антысабачая ініцыятыва выклікала сур'ёзную крытыку нават з боку тых, хто не мае хатніх жывёл і нават не плануе іх набываць. Па меркаванні апанентаў, прапанаваны закон з'яўляецца яшчэ адным замахам на прыватнае жыццё грамадзян і дадае новае абмежаванне да мноства іншых забарон, такіх, як ужыванне алкаголю, спатканні, з'яўленне на публіцы без «належнага ісламскага адзення» для жанчын, змешаныя вечарынкі, спевы жанчыны.
Нечакана асудзілі праект і некаторыя клерыкалы. Кансерватыўны сайт «Asre-Iran» раскрытыкаваў прапанову, назваўшы яе марнаваннем часу парламента. На думку выдання, дэпутатам трэба займацца не сабакамі, а надзённымі праблемамі іранцаў — інфляцыяй і абаронай банкаўскіх укладаў простых людзей. Верагодна, у тым ліку з-за такіх публікацый, а таксама моцных вулічных пратэстаў увосень мінулага года законапраект пакуль затрымаўся ў нетрах парламенцкіх камісій. Далейшы яго лёс незразумелы.
Зрэшты, які б закон не нарадзілі дэпутаты, ужо зараз вядома, як будуць рэагаваць на яго ўладальнікі сабак. На думку іраназнаўцаў, тыя ў любым выпадку праігнаруюць новы закон. Зрэшты, як і ўсе ранейшыя забароны.