Фрыдман: Лукашэнка ляціць туды, дзе прымаюць, а іншых магчымасцей няма

Ці будзе Беларусь выкарыстоўвацца для паставак іранскай зброі ў Расію праз шэрыя схемы? Ці з’явяцца ў Беларусі іранскія заводы, дзе будзе вырабляцца зброя? Сусветнае турнэ Лукашэнкі скончылася: паўсюль, куды мог з’ездзіць, ужо пабываў. Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман каментуе гэтыя паездкі для «Новага Часу».

Эбрахім Раісі і Аляксандр Лукашэнка. Фота: korrespondent.net

Эбрахім Раісі і Аляксандр Лукашэнка. Фота: korrespondent.net


13 сакавіка завяршыўся двухдзённы візіт Лукашэнкі ў Іран. Афіцыйна аб’яўлена, што Лукашэнка і Эбрахім Раісі падпісалі «дарожную карту» ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі на 2023 — 2026 гады. «У агульным аб'ёме я магу ацаніць гэты візіт, калі мы рэалізуем усе нашы дамоўленасці, у рамках $100 млн», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Безумоўна, 100 мільёнаў больш, чым агульны тавараабарот у 33 мільёны долараў (у 2021 годзе), але асаблівага энтузіязму не выклікае.

Лукашэнка ў Тэгеране прызнаўся, што «мы сёння вызначыліся з прэзідэнтам Ірана, мы можам быць вельмі карысныя адно аднаму, калі па-сапраўднаму аб'яднаем свае намаганні».

Чым Беларусь і Іран могуць быць карысныя адзін другому? Разбіраліся з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— З боку Лукашэнкі прагучала прыгожая рыторыка, але ж патэнцыялы зусім розныя, амбіцыі зусім розныя. Так, у Лукашэнкі ёсць амбіцыі, але Беларусь маленькая дзяржава, да таго ж у значнай ступені залежная — эканамічна і палітычна — ад Расіі. А Іран прэтэндуе на тое, каб быць рэгіянальнай дзяржавай, працуе над уласным атамным праектам. Узровень амбіцый зусім іншы, таму імкненне Лукашэнкі паводзіць сябе на роўных выглядала досыць недарэчна.

Гэтак жа недарэчна выглядаюць і прапагандысцкія ролікі пра візіт Лукашэнкі ў Іран. Што мы там бачым? Лукашэнка нешта кажа, а іранскі бок адсутнічае на відэа. Сапраўды, падпісалі нейкія дакументы, але аніякіх сюрпрызаў з іранскага боку мы не дачакаліся.

Ірану, магчыма, цікава выйсці на беларускі рынак, каб праз яго прасоўвацца далей у расійскім кірунку. Але ў Беларусі большы інтарэс да іранскага рынку, эканамічны чыннік сапраўды прысутнічае. Вось толькі Іран знаходзіцца пад санкцыямі, у досыць цяжкім эканамічным становішчы, і сітуацыя можа абвастрыцца ў любы момант. Таму спадзевы на доўгатэрміновае супрацоўніцтва выглядаюць досыць сумнеўна.

І вынесены за дужкі ваенны чыннік. На публіку агучваецца пра супрацоўніцтва ў сферы турызму, у эканамічнай, палітычнай сферы і ў міжнародных установах, але самае галоўнае на дадзены момант пытанне «Чаго чакаць у ваеннай сферы?» засталося па-за кадрам. Ваеннае супрацоўніцтва нават не ўзгадвалася. А менавіта гэтае пытанне сёння патрабуе адказу: ці былі нейкія дамовы?

Ці будзе Беларусь выкарыстоўвацца для паставак іранскай зброі ў Расію праз шэрыя схемы? Ці з’явяцца ў Беларусі іранскія заводы, дзе будзе вырабляцца зброя?

Беларускі бок моцна піярыцца на гэтай паездцы, будуць рабіць яшчэ большы акцэнт на замежных паездках Лукашэнкі: у Эміратах быў, у Афрыку злятаў, у Кітаі і Іране пабываў — проста палітык сусветнага ўзроўню. Афіцыйная прапаганда будзе актыўна абыгрываць гэтую тэму. А вось на Захадзе фокус быў іншы: як апошнія візіты звязаны з вайной?

Выказваліся меркаванні, якія, на мой погляд, не вытрымліваюць аніякай крытыкі: Лукашэнка нібыта выконвае нейкую расійскую місію. Гэта выглядае смешна: калі б Расія захацела высветліць нешта ў трохкутніку Кітай — Іран — Беларусь, то займаліся б самі, Лукашэнка не той чалавек, якога выкарыстоўваў бы расійскі бок.

У заходнім друку падкрэслівалася, што Беларусь і Іран жадаюць і далей шчыльна супрацоўнічаць. Пра якое «шчыльнае супрацоўніцтва» ідзе гаворка, пакуль незразумела, паколькі магчымасці абмежаваныя ў абедзвюх краін: і Іран пад санкцыямі, і Беларусь пад санкцыямі. Канешне, могуць абменьвацца інфармацыяй і падтрымліваць адзін другога, але рэальныя магчымасці абмежаваныя.

Цікава, якія перамовы маглі весціся за кулісамі? Іран працуе над сваім уласным атамным праектам, ёсць чуткі пра расійскую дапамогу, якой сама Расія не афішуе. Тэарэтычна ў гэтым праекце нейкім чынам можна было б выкарыстаць і Лукашэнку.

Нічога выключаць нельга, але пакуль гэтыя версіі — голыя спекуляцыі.

— Пра што сведчыць геаграфія палётаў Лукашэнкі: Кітай — Іран?

— Лукашэнка ляціць туды, дзе прымаюць, а іншых магчымасцей няма. А жаданне Лукашэнкі пазіцыянаваць сябе як палітыка сусветнага маштабу ёсць. Усё гэта — антыамерыканскі праект.

— То бок ён жадае ўпісацца ў «вось зла»?

— Ён ужо з’яўляецца яе часткай. Хай і нязначнай, але часткай «восі зла». Таму яны і падтрымліваюць адно аднаго, таму Лукашэнку прыняў нават аятола Ірана Алі Хаменеі. Але агучаныя цытаты Хаменеі — не пра Беларусь і не пра Лукашэнку. Яны — пра неабходнасць супольнай барацьбы з «вялікім сатаной» — так у Іране называюць ЗША.

Але, думаю, сусветнае турнэ Лукашэнкі скончылася і больш такіх паездак не будзе: паўсюль, куды мог з’ездзіць, ужо пабываў. Можна яшчэ з’ездзіць у Сірыю і да Эрдагана ў Турцыю — а чаму не?