Эфект Лукашэнкі? У Іране памілавалі 22 тысячы ўдзельнікаў пратэстаў
Яшчэ нядаўна іх каралі смерцю, а падчас народнага выбуху загінула 530 іранцаў. Што змянілася?
Вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі памілаваў 22 000 чалавек, якія былі арыштаваны падчас нядаўніх антыўрадавых пратэстаў. Пра гэта паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «IRNA», але пацвярджэння гэтай інфармацыі з незалежнай крыніцы пакуль няма, піша «Washington Post».
Як піша выданне, іранскія медыя выказалі здагадку, што памілаванне падпісаў вышэйшы кіраўнік Ірана Алі Хаменеі перад святам Наўруз і пачаткам месяца Рамадан, святога для мусульман. Ён распачнецца 22 сакавіка.
У пачатку лютага «IRNA» таксама паведамляла аб тым, што Алі Хаменеі ў гонар гадавіны ісламскай рэвалюцыі памілаваў «дзясяткі тысяч» зняволеных, у тым ліку асуджаных да турэмнага тэрміну за ўдзел у антыўрадавых выступленнях.
Адметна, што гэтымі днямі з афіцыйным візітам у Іране знаходзіцца Лукашэнка. Да Дня народнага адзінства ён таксама аб'явіў у Беларусі амністыю, праўда, яна не закранула асуджаных па «палітычных артыкулах». Дарэчы, у праграме візіту Лукашэнкі ў Тэгеран значыцца сустрэча з Алі Хаменеі. Ці адбылася яна, пакуль не паведамляецца.
Як перадаюць афіцыйныя крыніцы, галоўнай тэмай перамоў стане «развіццё ўзаемадзеяння па ўсім спектры двухбаковых адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва». З прэзідэнтам Ірана Ібрахімам Раісі, з першым віцэ-прэзідэнтам Махамадам Мохерам, старшынёй Сходу ісламскага савета Махамадам-Багерам Галібафам і вярхоўным лідарам Ірана Алі Хаменеі Лукашэнка афіцыйна абмяркуе «рэалізацыю праектаў у сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту і лагістыкі». Канешне ж, «асаблівая ўвага будзе нададзена сітуацыі ў рэгіёне і ў свеце агулам», паведаміла прэс-служба.
Толькі вось не вельмі зразумела, якія ў нас могуць быць перасячэнні з гэтай краінай у той самай «гандлёва-эканамічнай сферы». Тым больш што і Іран, і Беларусь знаходзяцца пад санкцыямі.
У верасні мінулага года амністыю для ўдзельнікаў студзеньскай спробы перавароту аб'явіў і прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў.
Нагадаем, масавыя пратэсты ў Іране пачаліся пасля таго, як у верасні паліцыя нораваў затрымала 22-гадовую Махсу Аміні за «няправільнае» нашэнне хіджаба (у яе з-пад хусткі былі бачны валасы). Дзяўчына загінула пры нявысветленых абставінах. Па словах сваякоў Аміні, паліцыянты жорстка збілі дзяўчыну. Самі сілавікі сцвярджаюць, што Аміні патрапіла ў лякарню нібыта з-за сардэчнай недастатковасці.
Па даных іранскіх праваабаронцаў, падчас пратэстаў было арыштавана больш за 19 700 чалавек. Сама меней 530 чалавек былі забіты ў выніку жорсткага падаўлення ўладамі дэманстрацый. Частка ўдзельнікаў пратэстаў былі пакараны.