Чатыры гады таму затрымалі Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. Хронікі рэпрэсій 14 ліпеня
14 ліпеня 2021 года да Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і іншых «вясноўцаў» прыйшлі з ператрусамі. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў «кантрабандзе» і «фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

У пазамінулым сакавіку суддзя Марына Запаснік прысудзіла «вясноўцам» вялікія тэрміны: Уладзю — 7 гадоў калоніі, Валянціну — 9 гадоў калоніі, Алесю — 10 гадоў калоніі.
Праваабаронцы не прызналі віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ім у віну.
Глядзіце таксама

Пазней праваабаронцаў унеслі ў «спіс экстрэмістаў».
Святлана Ціханоўская напісала да гадавіны затрымання Алеся Бяляцкага:
«Вось ужо чатыры гады Алесь знаходзіцца ў турме. Глыбокі шанавальнік беларускай культуры, заснавальнік Праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, аўтар дзясяткаў кніг — беларус, які кожны дзень свайго жыцця шукаў шляхі, як дапамагчы, падтрымаць і абараніць. Чалавек, які прысвяціў усё сваё жыццё правам чалавека ў Беларусі, быў пакараны за сваю дабрыню і імкненне да справядлівасці.
У гэтым годзе Алесю споўніцца 63 гады. Яшчэ не прайшла і палова прызначанага яму тэрміну, а здароўе ў зняволенні ўжо пачало пагаршацца. Калі ласка, пішыце яму лісты, нават калі не ўсе з іх даходзяць. Чытайце яго кнігі, каб захапляцца думкамі чалавека, які за ўсё жыццё не здрадзіў прынцыпам і не адступіўся ад маралі. Такія людзі, як Алесь, — гэта сумленне нашай краіны. Мы здолеем захаваць яго спадчыну і наблізіць той дзень, калі Алесь будзе зноў на свабодзе займацца справай свайго жыцця — дапамагаць іншым».
Глядзіце таксама

Месца ўтрымання «вясноўцаў»:
- ПК № 9, 213410, Горкі, Дабралюбава, 16, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
- ПК № 15, 213105, Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
- ПК № 17, 213004, Шклоў, 1-я Заводская, 8, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
ГУБАЗіК сцвярджае, што затрымаў двух беларусаў, што ехалі ў краіну з пашпартамі Новай Беларусі
Паведамляецца, што затрыманыя — жыхары Магілёва.
Аднаму з іх пашпарт далі нібыта за «сайдзейнічанне Офісу Ціханоўскай» — супраць яго распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 361-4 КК, мужчына арыштаваны.
Другі затрыманы нібыта набыў пашпарт і цяпер гатовы «добраахвотна» заплаціць сілавікам 10 000 долараў, каб яго крымінальную справу спынілі.
Дарадца Святланы Ціханоўскай у каментарыі «Нашай Ніве» адзначыў, што пашпарты, якія трапілі на фотаздымак з канала сілавкіоў, — падробленыя. На іх не так напісана назва краіны, як на арыгінальным пашпарце «Новай Беларусі».
«Аблажаліся яны. Нават муляж не могуць зрабіць нармальна», — сказаў Вячорка.
Актывіст Ігар Случак знаходзіцца ў міжнародным вышуку
Пра гэта Ігар напісаў у сваім Facebook.
Нагадаем, папулярызатара беларускай мовы абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Вядома, што крымінальная справа была распачатая яшчэ 22 траўня 2024 года.
Жыхарку Бабруйска затрымалі за перасылку відэа з расійскай вайсковай тэхнікай у 2022 годзе
39-гадовую спецыялістку па перманентным макіяжы з Бабруйска затрымалі за адпраўку відэа з расійскай вайсковай тэхнікай «экстрэмісцкаму рэсурсу», піша Следчы камітэт. Распачата крымінальная справа па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК).
Паводле ведамства, бабруйчанка ехала на аўтамабілі са Светлагорска ў Мінск і Бабруйск. Па дарозе яна зняла на відэа калону тэхнікі, якая ехала ў Гомельскую вобласць, і адправіла запіс «экстрэмісцкаму каналу».
Муж затрыманай бабруйчанкі адбывае тэрмін па пратэсным крымінальным артыкуле, як піша СК, яго асудзілі за «ўдзел у масавых беспарадках».
У Гродне пачаўся масавы суд за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на лаве падсудных не менш за 5 чалавек. Ім інкрымінаваны арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Папярэдне, гэты судовы працэс звязаны не са «справай Гаюна», а з «дваровымі чатамі».
Нагадаем, мінулай восенню па ўсіх рэгіёнах Беларусі пракацілася хваля затрыманняў па справе дваровых чатаў, якія нібыта «спрабавалі аб'яднацца ў арганізацыю». У тыя ж даты КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» шэраг дваровых чатаў: «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца2.0», «Солідарность», «Вольныя ваўкі», «Навагрудскія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», «Соседи».
Выйшаў на волю былы журналіст АНТ Дзмітрый Семчанка
Абвінавачаны ў распальванні варожасці былы тэлевядоўца Дзмітрый Семчанка цалкам адбыў прысуджаныя яму тры гады зняволення. 12 ліпеня 2025 года ён вызваліўся з івацэвіцкай папраўчай калоніі № 22, вядомай пад назвай «Воўчыя норы», піша БАЖ.
Журналіста затрымалі 15 верасня 2022 года і прызначылі яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Па сканчэнні гэтага тэрміну на волю ён не выйшаў: Семчанку пакаралі яшчэ 13 суткамі арышту па артыкуле 19.11 КаАП нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у ягоных сацыяльных сетках.
А пакуль знаходзіўся пад адміністрацыйным арыштам, на яго завялі крымінальную справу па абвінавачанні ў распальванні варожасці.
У матэрыялах абвінавачання былі згаданыя тры факты — гэта паведамленні ад 6 верасня 2020 года, 27 і 28 верасня 2021 года, апублікаваныя ў Instagram і аўтаматычна прадубляваныя «ВКонтакте». На этапе следства Семчанка казаў, што мэты распальваць варожасць не пераследаваў, але згадваў прафесійную прыналежнасць асобаў з негатыўнай ацэнкай іх дзейнасці.
Справу Семчанкі пачалі разглядаць 21 сакавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе. Журналіста прызналі вінаватым паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці). Дзяржаўнае абвінавачанне запатрабавала для яго тры гады зняволення, і менавіта такое пакаранне агучыў 23 сакавіка суддзя Мінскага гарадскога суда Яўген Пісарэвіч.
Суддзя Вярхоўнага суда Аляксей Рыбакоў 23 траўня 2023 года адхіліў апеляцыйную скаргу Дзмітрыя Семчанкі на рашэнне Мінскага гарадскога суда і пакінуў прыгавор у сіле.