25 жніўня Беларусь вярнула Незалежнасьць. «Спраўджваецца мара пакаленьняў змагароў за свабоду беларускага народа»
Пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб суверэнітэце 27 ліпеня 1990 года і да 25 жніўня 1991-га наша краіна існавала ва ўмовах напаў-незалежнасьці. Вырашальны момант наступіў пасьля таго, як праваліўся праімпэрскі камуністычны путч. Прыгадаем гістарычныя падзеі.
Тэкст падрыхтаваны з дапамогай кніг дэпутата ВС 12-га скліканьня Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы» і «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988—1995)».
Камуністы не жадалі бачыць Беларусь незалежнай ад Масквы. Аднак 27 ліпеня 1990 года Дэклярацыя аб сувэрэнітэце (у рамках СССР) усё ж была прынятая. «Дэклярацыя — крок да Незалежнасьці. Але — не абвяшчэньне Незалежнасьці», — піса Сяргей Навумчык.
Так, ад ліпеня 1990 года і да жніўня 1991-га нашая краіна існавала ва ўмовах напаў-незалежнасьці.
Вырашальны момант наступіў пасьля таго, як 21 жніўня 1991 года праваліўся праімпэрскі камуністычны путч.
На наступны дзень дэпутаты Апазыцыі БНФ выступілі ў тэлеэфіры з заявай: «народ Беларусі ў гэтыя дні канчаткова зразумеў неабходнасьць поўнай незалежнасьці Рэспублікі... Толькі ў свабодзе і незалежнасьці наша будучыня». Беларусы ў тыя дні патрабавалі рэальнай незалежнасьці на плошчах.
22 жніўня таго ж года Зянон Пазьняк выступіў на Плошчы Незалежнасьці перад натоўпам:
«Народны Фронт і дэмакратычныя лідары гаварылі пастаянна, з 1988-га года, што пакуль будзе камуністычны рэжым у Беларусі, не будзе ніякай дэмакратыі, ніякіх рэформаў і ніякай свабоды. Слухалі, кожны думаў па-свойму. І вось, гісторыя пацьвярджае правільнасьць гэтых словаў.
Другое, што гаварылася пастаянна, і над чым мы пастаянна думалі: пакуль мы не будзем свабоднымі, пакуль не будзем мець незалежнасьці і суверэнітэту, таксама не будзем мець нічога – ні рэформаў, ні паляпшэньня жыцьця, ні разьвіцьця нашай культуры, нічога. Гісторыя таксама гэта пацьвярджае.
Таму што гэты путч – гэта было растаптаньне. Яны імкнуліся растаптаць наш гонар, растаптаць нашае ўсьведамленьне незалежнасьці. Яны не лічыліся з намі. Мы не маем неабходных канстытуцыйных законаў, Дэклярацыя – гэта толькі дэклярацыя. Мы не маем нашага войска. Мы для іх – ніхто, мы для іх – гразь. І яны так з намі хацелі і паступіць.
«...» Мы павінны зараз зрабіць вывады з гэтага путчу, на якім краю мы знаходзіліся. І браць нашае жыцьцё, нашую свабоду, нашую будучыню ў свае рукі. Калі ў нас гэта будзе — у нас будзе будучыня. Жыве Беларусь!»
Да таго ж дэпутаты Апазыцыі БНФ звярнуліся да Дземянцея з наступнай нотай, якую Пазьняк таксама зачытаў перад плошчай, запоўненай беларусамі:
«Старшыні Вярхоўнага Савета БССР Дземянцею і Прэзідыюму Вярхоўнага Савета, 21 жніўня 1991 года. Сёньня ўсяму сьвету зразумела, што групай службовых асобаў у Маскве зьдзейсьнена ваенна-наменклатурнае зло супраць законна выбранай дзяржаўнай улады, як у СССР, так і ў Саюзных Рэспубліках. Пазіцыя чаканьня, занятая вамі, зьяўляецца фактычна пасобніцтвам дзяржаўным злачынствам, якія арганізавалі антыканстытуцыйны пераварот і імкнуцца ўсталяваць у краіне рэжым ваеннай дыктатуры.
Мы вымушаны папярэдзіць вас аб тым, што адмова ад неадкладнага скліканьня нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савета БССР, ухіленьне ад рашучага асуджэньня путчу,замаруджваньне з афіцыйнай заявай аб супрацьзаконнасьці ўсіх рашэньняў і ўказаў так званага Дзяржаўнага Камітэту на тэрыторыі Беларускай ССР зьяўляецца па сутнасьці садзеяньнем у злачынстве. Беларускі народ добра памятае жудасныя злачынствы сталінскай дыктатуры і не даруе патураньня тым, хто зноў імкнецца растаптаць яго суверэнітэт і свабоду».
Прэзыдыюм ВС быў вымушаны прызначыць сэсію на 24 жніўня, аднак камуністы ня мелі намеру надаваць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. Запатрабавалі гэта дэпутаты Апазыцыі БНФ.
«За тры дні і ночы (21-24 жніўня) мы падрыхтавалі пакет законапраектаў, якія былі неабходныя для аднаўленьня і замацаваньня Незалежнасьці. Цяпер, калі я прыгадваю тыя суткі, не магу падзяліць дзень і ноч – здаецца, яны зьліліся ў адно», – прыгадваў дэпутат Навумчык.
«Раніцай 24 жніўня Народны Фронт вывеў на плошчу Леніна дзесяткі тысяч людзей. Дэпутаты ішлі на сэсію праз натоўп, які запоўніў ня толькі плошчу, але і тратуары перад Домам ураду, адкуль іх не асьмельваліся зганяць міліцыянты».
Беларусы на плошчы былі гарачыя, наэлектрызаваныя – гэта добра бачна на архіўных здымках. Пад бел-чырвона-белымі сцягамі яны сцвярджалі «Жыве Беларусь!» Людзі трымалі ў руках красамоўныя плакаты – «КПБ – да адказу!», «не камуністычнаму канцлагеру». Беларусы былі апантаныя жаданнем незалежнасці.
Падчас сэсіі дэпутаты Апазыцыі БНФ настойвалі найперш на наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закона, а таксама на адстаўцы старшыні ВС Мікалая Дземянцея, членаў Прэзыдыюму і спыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС. Па прапанове Зянона Пазьняка паседжаньне вёў першы намесьнік Дземянцея – Станіслаў Шушкевіч.
За сьпінамі дэпутатаў на плошчы стаялі тысячы беларусаў, якія адназначна падзялялі памкненьні Апазыцыі БНФ. Сяргей Навумчык дыпламатычна папярэдзіў камуністаў, што ў выпадку, калі апошнія не падтрымаюць прапановы дэпутатаў Апазыцыі, тады «дэпартызацыю і народ правядзе, але ён правядзе гэта ня так, як мы, культурна, цывілізавана, а ён правядзе, выцягнуўшы вас за валасы».
Дземянцей не вытрымаў ціску і заявіў, што падае ў адстаўку. Cпыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС фронтаўцы таксама дамагліся.
Надыйшоў час галоўнага – Незалежнасьці. Супраць наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статуса канстытуцыйнага закону выступіў дэпутат Лукашэнка.
Тады да мікрафона выйшаў Зянон Пазьняк. Ягоная прамова мела вызначальную ролю. Працытуем яе часткова, паводле кнігі спадара Навумчыка «Дзевяноста першы»:
«…Калі мы не прымем адпаведнага закона аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, мы трапім у вельмі кепскае становішча. Таму што тыя рэспублікі, якія вакол нас, яны будуць разьвівацца, і разьвівацца як нацыянальныя дзяржавы на прынцыпова новай аснове. Яны ідуць да рынку, у іх будзе больш мабільная эканоміка, і мы трапім у непасрэдную залежнасьць ад гэтых рэспублік. Тым больш, я ў сваім дакладзе гаварыў (а я дастаткова добра знаёмы з расейскай дэмакратыяй на працягу многіх гадоў) і з усёю адказнасьцю магу сказаць, што на Ўсходзе ў нас фармуецца маладая агрэсіўная імпэрыя ў форме дэмакратыі. Тыя дэмакраты, якіх мы добра ведаем, не прызнаюць фактычна нас як нацыю, яны не глядзяць на нас, як на асобную дзяржаву і на асобную тэрыторыю, а глядзяць на нас, як на вотчыну, на якую яны маюць пэўнае права.
… Я прашу вас паставіць гэтае пытаньне і вырашыць яго сёньня. Бо заўтра можа быць позна».
Сяргей Навумчык:
«У 20 гадзін 08 хвілінаў Беларусь вяртае Незалежнасьць. Спраўджваецца мара пакаленьняў змагароў за свабоду беларускага народа».