«Пераломны момант»: відэа з гістарычнай сесіі Вярхоўнага Савету 25 жніўня
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12 склікання Сяргей Навумчык апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку відэа пераломнага моманту сесіі 25 жніўня, падчас якой дэпутаты прагаласавалі за Незалежнасць.
"Відэа пераломнага моманту сесіі 25 жніўня 1991, калі мы зганяем з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ Малафеева (Лукашэнка нас адцягваў). Гэта было псіхалагічным ударам па камуністах, праз паўгадзіну Дземянцей падаў у адстаўку, яшчэ праз шэсць гадзін дэпутаты прагаласавалі за Незалежнасць".
Сяргей Навумчык узгадвае тыя падзеі:
"І вось тут адбыўся пераломны момант.
Да трыбуны пайшоў першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў, на той момант рэальны кіраўнік рэспублікі і адзін з найбольш адыёзных членаў Палітбюро ЦК КПСС, які патрабаваў увядзеньня надзвычайнага становішча і энэргічна падтрымаў ГКЧП. Малафееў ня быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, але як народны дэпутат СССР меў права ўдзелу ў сэсіі. Меў права і на выступ — у парадку чаргі. Але, выглядала, свае правы ён успрымаў як магчымасьць беспадзельна валадарыць і ў Беларусі, і ў гэтай залі — ён, уздымаючыся з крэсла, зрабіў жэст у бок Дземяньцея (гэтак дырыжор падае сыгнал даўно зладжанаму аркестру) — і старшыня ВС з разуменьнем заківаў галавой: так, так, калі ласка, на трыбуну.
Далейшае адбылося спантанна. Мы паўскоквалі са сваіх месцаў і пабеглі да трыбуны — Галіна Сямдзянава, Ігар Гермянчук, Валянцін Голубеў, Мікола Крыжаноўскі, Віктар Ганчар, Іван Герасюк, Алесь Шут, Павал Холад, Яўген Глушкевіч, Сяргей Папкоў... (Мітусіўся Лукашэнка і ўгаворваў нас спыніцца — яго ня слухалі, на відэа гэта добра бачна). «Пайшоў вон!», «На месца!», «Бандыт!» — мы па-просту выштурхнулі Малафеева з трыбуны.
Дэпутатаў-камуністаў, сакратароў абкамаў і райкамаў, старшынь і намесьнікаў рай- і аблвыканкамаў, генэралаў і палкоўнікаў, старшыняў калгасаў гэта прывяло у стан здраньцьвеньня. Усемагутнага першага сакратара ЦК, які дзесяцігодзьдзямі ўспрымаўся намесьнікам Бога на зямлі (а яны яшчэ памяталі Сьлюнькова, Машэрава, некаторыя і Мазурава) — сагналі, выкінулі, як школьніка-недарэку. Сьвет, які складаўся дзесяцігодзьдзямі, абрынаўся — у іх галовах".