Нямецкая амбасада адказала Пятру Садоўскаму на запрашэнне адзначыць 25 жніўня
Пётр Садоўскі запрасіў прадстаўніка амбасады ФРГ «прыняць удзел у якасці ганаровага госця і назіральніка ў неафіцыйным урачыстым мітынгу жыхароў Мінска і гасцей сталіцы з нагоды 29-й гадавіны надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статуса Канстытуцыйнага закону 25 жніўня 1991 года». Вось які адказ ён атрымаў.
"У сваім пісьмовым звароце на адрас Амбасады я выказваў удзячнасць ураду ФРГ за нямецкія ініцыятывы ў рамках афіцыйных калектыўных мер Еўрапейскага саюза, скіраваных на падтрымку мірнага вызвольнага руху беларускага народу. Я звяртаў увагу на пагрозы міністра абароны Віктара Хрэніна ўжыць супраць пратэстоўцаў вайсковую сілу. З стылістыкі пагрозы, выказанай на афіцыйным 1-м канале БТ, вынікала, што ён лічыць прымяненне гвалту збоку міліцыі недастаткова рашучым.
Як тое прынята ў дыпламатычным этыкеце, я падпісаў ліст “Пётр Садоўскі, Botschafter a. D. – амбасадар у адстаўцы, Бон (1992-1994).
Адказ падпісала Аня Лютэр – пастаянны прадстаўнік кіраўніка місіі ФРГ у Мінску. Адказ прыйшоў праз 1 гадзіну і 20 хвілін.
Глыбокапаважаны сп. амбасадар,
па даручэнні амбасадара Гутэрэра, які на дадзены момант заняты службовымі абавязкамі па-за рэзідэнцыяй, адказ даю я.
Вялікі Вам дзякуй за ліст і інфармацыю, якую мы атрымалі.
Акрамя звычайных правіл стрыманых і абачлівых дзеянняў амбасады ў краіне знаходжання, якімі мы кіруемся заўсёды, з улікам развіцця падзей у Вашай краіне цяпер мы, афіцыйна акрэдытаваныя дыпламаты, кіруемся спецыяльна прынятай інструкцыяй унутранага характару. Яна прадугледжвае, што прадстаўнікі місіі павінны як мага далей трымацца ад масавых дэманстрацый, каб не быць абвінавачанымі як знешнія сілы, якія нібыта іх ініцыююць. Спадзяюся на Ваша разуменне.
З найлепшымі пажаданнямі да Вас і сяброўскімі зычаннямі
Аня Лютэр".