Вандроўкі з «Новым Часам»: Будслаў

Будслаў — унікальнае мястэчка, вядомае не толькі сваімі пілігрымкамі. Каб лепш пазнаёміць вас з гэтым цудоўным куточкам Мядзельшчыны, запрашаем у вандроўку. 

_belarus_budslau_kascjol_2023_fota_novy_czas__1__logo.jpg_logo.webp

Першая пісьмовая згадка пра Будслаў датуецца 1504 годам, калі вялікі князь Аляксандр перадаў паселішча віленскім манахам-бернардзінцам.

Бернардзінцы — рэфармаваная галіна манаскага ордэна францысканцаў у Каралеўстве Польскім і Вялікім Княстве Літоўскім ад імя прапаведніка Бернарда Сіёнскага. Апраналіся манахі ў сутану цёмна-шэрага колеру з каптуром, плашчом, насілі пояс з белай воўны.

У 1591 годзе быў пабудаваны драўляны храм, у якім знаходзіўся цудадзейны абраз Маці Божай, прывезены з Рыма ў якасці падарунка ад Папы Рымскага Клімента VIII ў 1598 годзе Яну Пацу з находы яго пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Ваявода вельмі шанаваў абраз і змясціў яго ў сваім віленскім палацы. Пасля смерці Паца абраз перайшоў да капелана Ісака Салакая, які ў 1613 годзе падараваў яго Будслаўскаму кляштару, саступіўшы просьбам манахаў.

Паводле некаторых гістарычных звестак, цудоўнае з’яўленне Маці Божай айцам-бернардзінцам адбылося ў Будславе яшчэ ў 1588 годзе. Пасля абраду святога хрышчэння народ убачыў незвычайнае святло, якое асвяціла капліцу і хаты. З таго часу і пачаліся першыя пілігрымкі да Будслава. 

Цудатворны абраз

Абраз праславіўся цудамі. Першы цуд, зафіксаваны ў 1617 годзе, — вяртанне зроку пяцігадоваму хлопчыку Іасафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым святаром-кармелітам. Было апісана 42 цудадзейныя выздараўленні і эпізод з Янам Вронскім, ротмістрам надворнай харугвы Яна Кішкі — вялікага гетмана і полацкага ваяводы. Паранены ротмістр патрапіў у маскоўскі палон у 1632 годзе і змог шчасліва вярнуцца дзякуючы зароку перад абразам.

У 1643 годзе майстар з Полацка Андрэй Кромер пабудаваў мураваны касцёл, для якога майстар Пётр Грамель стварыў унікальны драўляны алтар, куды і быў змешчаны цудатворны абраз. Ён быў акаймаваны срэбнай рамай з арнаментам у стылі позняга Рэнесансу, у арнамент упісаныя постаці святога Казіміра і святой Ядзвігі. Усе гэтыя ўпрыгожанні належаць да найлепшых узораў ювелірнага мастацтва ў Беларусі. 

Мястэчка і яго новы касцёл

6 кастрычніка 1732 года кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Будславу статус мястэчка.

У 1767 годзе было распачата будаўніцтва новага касцёла, і ў 1783-м ён быў асвенчаны ў гонар Унебаўзяцця Маці Божай.

Касцёл уяўляў сабою трохнефную безапсідную двухвежавую базіліку. Галоўны фасад з дзвюма шмат’яруснымі вежамі па баках быў аздоблены багатай дэкаратыўнай пластыкай: пілястрамі і паўкалонамі.

У капліцы Св. Барбары размешчаны драўляны разны алтар Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі (каля 1643 года) — адзін з выдатных помнікаў ранняга барока на Беларусі. Захаваліся да нашага часу без пазнейшых перамалёвак выдатныя фрэскавыя роспісы касцёла.

У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў абраз быў часова вывезены ў мястэчка Саколка на Беласточчыне. Але потым яго вярнулі ў храм.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Будслаў аказаўся ў складзе Расійскай імперыі, і з 1848 года мястэчка знаходзілася ў валоданні Аскеркаў, пра што сведчаць рэшткі сядзібы.

Пасля закрыцця храма ў 1852 годзе расійскімі акупантамі некаторыя яго манахі бралі ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў.

25 сакавіка 1918 года, згодна з Трэцяй Устаўной граматай, Будслаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары мястэчка атрымалі пасведчанні Народнага Сакратарыяту БНР. Пасля, як і ўся Мядзельшчына, Будслаў аказаўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, а па выніках 1939 года вярнуўся да БССР. 

Глядзіце таксама

Аднаўленне пілігрымак

Толькі 2 ліпеня 1992 года адбылася першая адноўленая пілігрымка да абраза Маці Божай Будслаўскай. 2 ліпеня 1996 года арцыбіскуп Дамінік Грушаўскі перадаў папскую булу, у якой Маці Божая Будслаўская абвяшчалася патронкай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У 1998 годзе кардынал Казімір Свёнтак каранаваў цудоўны абраз Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі.

На жаль, 11 траўня 2021 года ў будынку касцёла здарыўся моцны пажар, які знішчыў дах, моцна пашкодзіў скляпенні і іншыя будаўнічыя канструкцыі. У 2022 годзе дзякуючы ахвяраванням на аднаўленне касцёла пачалася яго адбудова.


Крыніца: «Новы Час» [ youtube ]