«Усё вернецца, усё вернем ізноў!» Беларускія палітыкі віншуюць з Днём Незалежнасьці
«33 гады таму, 25-га Жніўня 1991 года, пасьля 73 -х гадоў савецка-камуністычнай расейскай аккупацыі над нашай Бацькаўшчынай паўстала сьвітаньне Незалежнасьці. Неўзабаве над незалежнай краінай ўзьвіўся наш сьвяты Бел-Чарвона-Белы Сьцяг і застуганела Пагоня, даганяючы ворагаў і адступнікаў...»
Лідар руху "Вольная Беларусь", лідар Апызіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання Зянон Пазьняк:
«Дарагія землякі, паважаныя Беларусы!
Віншуем нас усіх з найвялікшым нашым нацыянальным сьвятам Днём Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь! 33 гады таму, 25-га Жніўня 1991 года, пасьля 73 -х гадоў савецка-камуністычнай расейскай аккупацыі над нашай Бацькаўшчынай паўстала сьвітаньне Незалежнасьці. Неўзабаве над незалежнай краінай ўзьвіўся наш сьвяты Бел-Чарвона-Белы Сьцяг і застуганела Пагоня, даганяючы ворагаў і адступнікаў. Гэта быў магутны, узьнёслы незабыўны час, які перажыло пакаленьне беларускай перамогі і нядоўгай свабоды.
Але ўсё вернецца, ўсё вернем ізноў, пакуль жывуць людзі народнага духа, волі і справядлівасьці. Не зважайма на брэх сабак. Ня боймася, што цяжкі час. Ён гартуе новыя сілы. Памятайма 25 Сакавік і 25 Жнівень. Памяць аб сабодзе вызначае шлях.
Цяпер пад відам дэмакратаў узьбіліся ворагі на прастол нацыянальнай свабоды і гавораць пустату, спасылаюцца на народ, душачы яго эканамічнымі санкцыямі, заклікаючы бамбаваць тэрыторыю Айчыны. (Дамагліся, што нават патрыманае адзенье з плячэй эўрапейца забаранілі прадаваць беларусам сябры "дэмакратыі".) Але ня першы раз бачыла такіх наша зямля. Ганебны час іх міне разам з часам Лукашэнкі. Беларусь жыла, жыве і будзе жыць.
Слава 25-му Жніўня!
Слава Айчыне!»
Дэпутат ВС 12-га склікання, палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык: «Дарагія сябры! Сёньня – гадавіна адной з найбольш важных падзеяў у гісторыі нацыі: 25 Жніўня 1991 Беларусь абвясьціла Незалежнасьць. Зьберагчы Незалежнасьці няпроста, але яшчэ больш цяжкімі былі стагодзьдзі змаганьня за яе нашых продкаў. Васіль Быкаў казаў, што кожны чалавек праходзіць свой шлях да свабоды асобна; відаць, і ў кожнай нацыі свая, адрозная ад іншых, дарога да Незалежнасьці. Галоўнае – ня збочыць з гэтай дарогі. Усіх віншую, і – Жыве Беларусь!»
Кіраўнік НАУ Павел Латушка: «Сёння 33-я гадавіна абвяшчэння незалежнасці Беларусі. 33 гады таму Вярхоўны Савет прагаласаваў за наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, прынятай 27 ліпеня 1990 года, статусу канстытуцыйнага закона. Менш чым праз месяц, 19 верасня 1991 года, з’явілася афіцыйная назва «Рэспубліка Беларусь». Дзяржаўнымі сімваламі нашай краіны сталі герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг. Пасля некалькіх стагоддзяў змагання беларусы атрымалі сваю незалежную краіну, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх адносінах.
На жаль, за 30 гадоў сваёй улады Лукашэнка амаль знішчыў усё тое, чаго прагнулі беларусы. Самастойнасць страчана на карысць Расіі, законы не дзейнічаюць, 1400 палітвязняў знаходзяцца у турмах, каля 300 000 фактычна дэпартаваны з Беларусі, а насельніцтва скарацілася на 1 мільён чалавек ад пачатку існавання незалежнай рэспублікі.
Але не Лукашэнка стварыў Беларусь. Краіна належыць беларусам, кожнаму чалавеку, у якога баліць сэрца за сённяшнюю Беларусь, кожнаму, хто верыць у дэмакратычную і еўрапейскую краіну, хто працягвае дзейнічаць, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі.
Я заклікаю вас ніколі не губляць веру: перш за ўсё веру ў сябе, у свае сілы, веру ў праўду, якую не схаваеш ніякай прапагандай, веру ў Беларусь.
Жыве Беларусь!»
Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская: «Мае дарагія беларусы! 33 гады таму Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Тое, пра што марылі многія пакаленні беларусаў, нарэшце стала рэальнасцю. Нашая краіна вярнулася на карту Еўропы. Мы вярнулі сабе сваю дзяржаву, герб і сцяг, а пазней прынялі і ўласную Канстытуцыю.
У гісторыі Беларусі падзеі 25 сакавіка 1918 года, калі была абвешчаная незалежнасць БНР, 27 ліпеня 1990-га, калі была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, і 25 жніўня 1991-га, калі Дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закону – стаяць у адным шэрагу змагання беларусаў за права мець сваю дзяржаву.
Я часам чую, маўляў, незалежнасць «звалілася з неба». Гэта не так. Незалежнасць Беларусі стала магчымай дзякуючы змаганню і працы пакаленняў беларускіх патрыётаў. Айцоў-заснавальнікаў БНР і слуцкіх паўстанцаў. Беларускага падполля. Моладзевых суполак і інтэлігенцыі. Дыяспара, якіая праз гады савецкай акупацыі адстойвала інтарэсы беларусаў у свеце. Дзясяткаў тысячаў беларусаў, якія, нягледзячы на страх і прапаганду, выходзілі на цэнтральныя плошчы ў Мінску і іншых гарадах. І, безумоўна, адважных дэпутатаў апазіцыі ў Вярхоўным Савеце – якія замацавалі незалежнасць Беларусі ў асноватворных законах.
Увогуле, гісторыя нашай краіны – гэта гісторыя барацьбы за свабоду. Мы паўставалі, калі нас спрабавалі паняволіць. Мы вялі партызанскія баі, калі войску не хапала рук. Мы пераходзілі да ціхага пратэсту і не дазвалялі спыніць біццё свабодалюбівага беларускага сэрца, калі здавалася, што ўсё прапала.
У беларусаў ёсць якасці, якія заўжды дапамагалі нам перажыць цёмныя часы. Цярплівасць і працавітасць, талерантнасць і міралюбнасць, імкненне да справядлівасці і любоў да сваёй зямлі. І я веру, што дзякуючы гэтым якасцям, а таксама нашай салідарнасці, мы і цяпер зможам вярнуць сабе наш дом, вызваліць людзей з турмаў і адстаяць незалежнасць нашай краіны. Як паказаў 2020-ы, мы, беларусы, умеем паказаць сябе і здзівіць увесь свет.
Я заклікаю кожнага з нас працягваць барацьбу. Не дазваляйце дыктатарам зняверыць вас і паставіць пад сумнеў абраны шлях. Распаўсюджвайце інфармацыю сярод суседзяў, сяброў і родных. Размаўляйце па-беларуску. Праяўляйце салідарнасць. Дапамагайце тым, хто ў бядзе, асабліва нашым палітвязням, рэпрэсаваным, добраахвотнікам. Няхай гэта будуць невялікія крокі, але кожны дзень. «Праз залевы і завалы мы ідзём да нашай мэты. І мы дойдзем, галоўнае, каб яна дачакалася нас». Гэта сказаў Алесь Бяляцкі, наш мудры і нязломны Нобелеўскі лаўрэат.
І я хацела б звярнуцца да тых, хто працуе ў сістэме, у дзяржаўнай наменклатуры і арміі. Я ведаю, што сярод вас шмат годных людзей. Незалежна ад таго, якія ў вас погляды, пасады і абавязкі, памятайце: незалежнасць – найвышэйшая каштоўнасць і найвышэйшы здабытак нашага народу. Не дазваляйце рэжыму знішчыць тое, што мы здабылі 25 жніўня 1991 году, прадаць нашую краіну Расіі і ўцягнуць наш народ у вайну. Вы маеце служыць беларускаму народу, а не злачыннаму дыктатару, які гатовы заплаціць незалежнасцю краіны дзеля захавання асабістай улады.
У канцы я хачу яшчэ раз павіншаваць усіх беларусаў з 25 жніўня – Днём аднаўлення незалежнасці. Але я ўпэўненая, што будзе і яшчэ адна дата – дзень, калі беларускі народ скіне, цяпер ужо назаўсёды, цяжар дыктатуры і, як пісаў Якуб Колас, выйдзе «на прастор, на шырокі разлог», каб адбудаваць уласную краіну для сябе і будучых пакаленняў.
Жыве Беларусь!»