«Ніхто не хоча мець спраў»: пытанне легітымнасці
У гэтыя дні многія разважаюць пра тое, што здарылася пяць гадоў таму, успамінаюць жнівень 2020-га, маштабныя мітынгі пратэсту, «таемную інаўгурацыю» Лукашэнкі і тое, як яго паслалі рабочыя на заводзе. Адны цяпер кажуць пра тое, што «што было, тое сплыло», а другія — пра тое, што нічога не скончана. Я, мабыць, далучуся да другіх.

Звычайна калі кажуць пра тое, што «нічога не скончана», спасылаюцца на сам беларускі рэжым, які, падобна, не збіраецца спыняць рэпрэсіі за 2020-ы год. Калі ім да гэтага часу балюча — то натуральна, нічога не скончылася. Але я б звярнуў увагу на іншае.
Мы ў 2020-м багата пісалі пра тое, што Беларусь увайшла ў спіс краін, якія не прызналі Лукашэнку прэзідэнтам. І што легітымнасць у Лукашэнкі скончылася, з ім ніхто не хоча мець спраў. І вось гэта «ніхто не хоча мець спраў» працягваецца па сёння. З ім не хочуць мець спраў нават яго саюзнікі, аказваецца.
Напрыклад, на гэтым тыдні Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта і прэм'ер-міністра Пакістана Асіфа Алі Зардары і Шахбаза Шарыфа з іхным днём незалежнасці. У сваім віншаванні ён заявіў, што спадзяецца на «паспяховае ажыццяўленне ўсіх дамоўленасцяў аб рэалізацыі праектаў у сферах машынабудавання, лёгкай прамысловасці і іншых галінах, а таксама аб пастаўках самазвалаў БелАЗ у Пакістан і накіраванні пакістанскіх кваліфікаваных спецыялістаў для працы ў Беларусь».
Нагадаем, што дамоўленасць, што Беларусь можа прыняць да 150 тысяч працоўных мігрантаў з Пакістана, была дасягнутая ў красавіку гэтага года па выніках сустрэчы з Шахбазам Шарыфам у Мінску. Прайшло чатыры месяцы, але ніводзін пакістанскі рабочы ў Беларусь не прыехаў. Пытанне: чаму?
Напэўна, таму, што нават пакістанскія кваліфікаваныя спецыялісты не лічаць магчымым працаваць за беларускі заробак. Сапраўды, ведаеце, дзе можна ўбачыць мноства працоўных мігрантаў з Пакістана? У Аб'яднаных Арабскіх Эміратах у цэлым, і ў Дубаі у прыватнасці. Высокакваліфікаваныя спецыялісты з Пакістана працуюць там. І я больш чым упэўнены, што заробак у ААЭ зусім не такі, як у Беларусі.
Апроч таго, Беларусь — краіна небяспечная. Тут рэгіён нестабільны не толькі ў плане эканомікі. І прадстаўнікі беларускага рэжыму гэта, як ні дзіўна, пастаянна падкрэсліваюць.
Нядаўна хтосьці з ваенных чыноўнікаў крыўдзіўся, што, маўляў, нашы суседзі не хочуць з імі размаўляць з нагоды межаў і бяспекі. Маўляў, мы да іх з усёй душой, а яны — адмаўляюцца. На тыдні польская радыёстанцыя RMF24 распавяла пра чэрвеньскі ліст беларускага Мінабароны польскаму боку з прапановай «пагаварыць».
Як піша RMF24, у гэтым лісце беларускае Мінабароны папярэджвала, што адсутнасць дыялогу можа прывесці да новай вайны ў Еўропе, арэнай якой стануць Беларусь і Польшча.
Гэта значыць, беларускае Мінабароны, звяртаючыся да сваіх калег у Польшчы, заявіла: не будземі размаўляць — будзе вайна. Калі па-простаму — шантажавала і пагражала вайной суседзям. Як вы думаеце, які адказ магчымы на такую прапанову «пагаварыць»?
Зразумела, палякі ўзгадалі беларусам і «мігранцкі крызіс», і напад на Украіну, і адзначылі, што ваеннае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі патрабуе захавання пэўнага мінімуму правілаў у рамках міжнародных адносін.
«У цяперашняй сітуацыі мы не бачым магчымасці для перамоваў, не кажучы ўжо пра дзеянні ў гэтым кірунку», — цытуе RMF24 адказ польскага МЗС. То-бок, яны не бачаць з беларускага боку выканання нават «мінімуму правілаў». Мінімуму!
І вось гэта — таксама пытанне легітымнасці. Пра што можна размаўляць з людзьмі, якія нічога не вырашаюць? Палякі, праўда, тактоўна не сталі ўжо зусім зневажаць беларускія ўлады, падкрэсліваючы, як тыя не змаглі кантраляваць свае межы ў 2022-м... Але маючы гэта на ўвазе — пра што з беларускімі ўладамі можна размаўляць?
Але міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін надзьмуў шчокі, заявіўшы, што на маючых адбыцца вучэннях «Захад-2025» будзе адпрацоўвацца планаванне прымянення ядзернай зброі.
«Гэта для нас важны элемент стратэгічнага перш за ўсё стрымлівання. Як патрабуе кіраўнік дзяржавы, мы павінны быць гатовыя да ўсяго. Мы бачым абстаноўку на нашых заходніх, паўночных межах і не можам спакойна назіраць за мілітарызацыяй і ваеннай актыўнасцю. Мы дэманструем сваю адкрытасць, міралюбнасць, але порах заўсёды трэба трымаць сухім», – заявіў Хрэнін.
Надзімаючы шчокі, генерал не ўлічыў два моманты. Першы: сусветныя лідары ў апошні час вельмі нервова ставяцца да словазлучэння «ядзерная зброя», і Хрэніну, калі ён не хоча непрадказальных наступстваў, варта было б маўчаць наконт гэтага. А то давядзецца ўспомніць, як Дональд Трамп вывеў «у раён базавання» дзве атамныя субмарыны з-за падобных выказванняў Дзмітрыя Мядзведзева. А Беларусь пры гэтым — далёка не Расія.
І другі момант: адпрацоўвацца будзе «планаванне прымянення» а не прымяненне. Гэта значыць, груба кажучы, вайскоўцы будуць вучыцца пісаць у штодзённік фразу: «12.00 — ядзерны ўдар». А не вучыцца ажыццяўляць гэты ядзерны ўдар. Паміж планаваннем і практычнымі дзеяннямі — вельмі вялікая розніца. І калі гэта ў Хрэнін гэтага не разумее, то бедная беларуская армія…
І да навін эканомікі. Іх дзве, і яны дзіўныя. Зноў жа — успомнім намесніка гендырэктара МАЗа Аляксандра Ігнацюка, які ў эфіры тэлеканала СТВ абяцаў прадаць у Расію больш за тысячу аўтобусаў да канца года. Адгадайце, колькі аўтобусаў МАЗ купіла Расія ў ліпені?
Два.
Два аўтобусы, вынікае са звестак, апублікаваных «АСМ-Холдынг».
Затое ў Нікарагуа была пастаўлена новая партыя беларускай тэхнікі. Як паведамляе El Diario Nacional, у яе ўваходзіць 128 адзінак грузавой і будаўнічай тэхнікі. Яна будзе задзейнічана ў інфраструктурных праектах на тэрыторыі краіны. На апублікаваных фотаздымках можна ўбачыць самазвалы Мінскага аўтазавода.
Але ведаеце ў чым фішка? Пастаўкі ў Нікарагуа ажыццяўляюцца за кошт экспартных крэдытаў беларускага «Банка развіцця». Гэта значыць, па факце, за беларускую тэхніку, пастаўленую ў Нікарагуа, плаціць не Нікарагуа, а Беларусь.
Як вы думаеце, гэта таксама — пытанне легітымнасці? Ніхто не хоча мець з імі справу…