Да нас ляцяць іншапланецяне? Дасье ў карыкатурах

Аб'ект памерам 24 кіламетры ляціць да Зямлі. Некаторыя навукоўцы лічаць, што гэта іншапланетны карабель. За «прышэльцамі» сочаць і карыкатурысты.

Трэба сказаць, што іншапланецян на Зямлі чакаюць рэгулярна. Дастаткова згадаць «канец свету» па календары майя (2012). Некаторыя лічылі, што ў дзень апакаліпсісу 21 снежня 2012 года адбудзецца прылёт іншапланецян. Але ва ўказаную дату якіх-небудзь касмічных падзей не адбылося. Пасля таго «канца свету» засталіся толькі пацешныя карыкатуры.

photo_2025_08_26_16_09_36.jpg

І вось гісторыя паўтараецца. Улетку 2025 года ў міжнародных астранамічных каталогах з'явіўся новы дзіўны госць з космасу, якому далі назву 3I/ATLAS. 3I/ATLAS выявілі выпадкова, калі ён ужо рухаўся ў напрамку да Сонечнай сістэмы — хутка, моўчкі, без характэрнага хваста каметы. Яго дыяметр, паводле прыкладных ацэнак, каля 24 кіламетраў. Гэта памер невялікага горада. Хуткасць — каля 60 кіламетраў у секунду.

Лічбы ўражваюць. Але гэта не галоўнае. Некаторыя навукоўцы сур'ёзна мяркуюць: перад намі не звычайная камета, а штучна створаны аб'ект, які можа быць замаскіраваным караблём. Так, гучыць як фантастыка. Зрэшты, адзін з карыкатурыстаў дзівіцца: а што тут асаблівага, калі зямляне даўно пасылаюць сігналы ў космас у пошуках братоў па розуме? На гэтым малюнку навуковец разумее, што нехта перахапіў даўно пасланы з Зямлі сігнал.

photo_2025_08_26_16_09_39.jpg

Так ці інакш, гіпотэза апублікавана і выклікае бурныя дыскусіі наконт магчымага прылёту «зялёных чалавечкаў». Перш за ўсё людзі спрачаюцца: што ім трэба на Зямлі? Адна з самых вясёлых тэорый: іншапланецяне ляцяць да нас, каб зямляне нарэшце перасталі ваяваць і аб'ядналіся супраць агульнага ворага з космасу. Гэтая версія — сюжэт дадзенай карыкатуры.

photo_2025_08_26_16_09_41.jpg

Некаторыя дапускаюць, што ўнутры аб'екта 3I/ATLAS нікога няма. Магчыма, нехта кіруе ім звонку. 

photo_2025_08_26_16_09_43.jpg

Хапае версій наконт таго, як людзі паставяцца да з'яўлення іншапланецян. Напрыклад, аўтар гэтай карыкатуры лічыць, што гасцей ніхто і не заўважыць.

photo_2025_08_26_16_09_45.jpg

А гэты мастак не выключае, што шмат хто з людзей будзе прасіць іншапланецян забраць іх з роднай планеты праз хаос, які адбываецца зараз на Зямлі.

photo_2025_08_26_16_09_48.jpg

І ўсё ж у лістападзе мы, магчыма, даведаемся больш. Тады  3I/ATLAS паспрабуюць зафіксаваць буйныя абсерваторыі. Калі ён праявіць актыўнасць — пачне выпускаць газы — гэта пацвердзіць версію пра камету. Менавіта наконт гэтага спрачаюцца сёння вучоныя. Калі аб'ект будзе глухім і цёмным — пытанні застануцца. А калі раптам зменіць траекторыю — стане зусім цікава.

photo_2025_08_26_16_09_50.jpg