«Пражская вясна» ў Маравіі
Адна з малавядомых старонак «Пражскай вясны», якую здушылі ў жніўні 1968-га войскі краін Варшаўскай дамовы, — спроба Маравіі дабіцца больш шырокай аўтаноміі. Ідэя стварэння Маравійскай рэспублікі была часткай агульнага працэсу дэцэнтралізацыі і лібералізацыі, але пры гэтым мела свае ўнікальныя рысы.

Гістарычны сцяг Маравіі (XIII ст). Фота Pavel Fric, commons.wikimedia.org
У міжваенны перыяд (1918-1938) не існавала значнага або масавага руху за аўтаномію Маравіі. Гэтая ідэя была маргінальнай і не знаходзіла водгуку ні ў шырокай грамадскасці, ні ў палітычных элітах. Многія чэхі бачылі ў гэтым інтрыгі мясцовай нямецкай меншасці. Нібыта немцам трэба было за кошт Маравіі парушыць існуючую на той момант адміністрацыйную мадэль, каб атрымаць магчымасць патрабаваць для сябе аўтаномных правоў.
Але ў сярэдзіне 1960-х запушчаны Дубчакам і кампаніяй лозунг «даеш сацыялізм з чалавечым тварам» выклікаў базавы рух за глыбокую рэформу ўсёй сістэмы, уключаючы яе федэратыўную схему. Маравія — найлепшы таму прыклад.
Якія былі асноўныя прычыны і аргументы «маравістаў» патрабаваць аўтаномію? Па-першае, гістарычная ідэнтычнасць. Маравія мела багатую гісторыю як самастойнае маркграфства ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі, а пазней — як каронная зямля ў Аўстра-Венгрыі. Гэтая ідэнтычнасць ніколі поўнасцю не знікала.
Па-другое, эканамічны фактар. Маравія была (і застаецца) прамысловым сэрцам краіны (машынабудаванне, металургія, хімічная прамысловасць у Брно, Астраве, Зліне). Нядзіўна, што ад тубыльцаў гучалі асцярогі накшталт таго, што ў новай Чэхаславакіі рэсурсы будуць несправядліва пераразмяркоўвацца паміж Прагай і Браціславай, а Маравія застанецца «донарам» без права голасу.
І, нарэшце, палітычны аспект. Імкненне да дэцэнтралізацыі ўлады і прыняцця рашэнняў на месцах поўнасцю адпавядала духу «Пражскай вясны».
Глядзіце таксама

Рух не быў адзіным і не выстаўляў патрабаванняў поўнай незалежнасці. Гаворка ішла пра два варыянты: стварэнне трэцяй, Марава-Сілезскай рэспублікі, у складзе трохсуб'ектнай федэрацыі (Чэхія, Маравія-Сілезія, Славакія). Другі варыянт — аднаўленне земскага дзялення ў чэшскай частцы краіны. Пасля Чэхія, у склад якой уваходзіла аўтаномія Маравія-Сілезія, мелася стварыць з Славакіяй федэрацыю.
Апагеем руху стаў Марава-Сілезскі з'езд (Moravskoslezský sjazd), які прайшоў у Брно 21-22 чэрвеня 1968 года. На ім сабралася каля 1500 дэлегатаў з усёй Маравіі і Сілезіі. Сярод іх, дарэчы, было шмат партыйных функцыянераў. З'езд прыняў рэзалюцыю, якая патрабавала стварэння мараўскай аўтаноміі ў рамках федэратыўнай дзяржавы і аднаўлення інстытуту заканадаўчага сходу (сейма) у рэгіёне Маравія.
Калі б гэтая рэзалюцыю (аўтаномія Маравіі ў складзе Чэхаславакіі) была рэалізавана, магчыма сёння палітычная карта Еўропы выглядала інакш. Пасля 1989 года, як вядома, пачаўся паступовы «развод» Чэхіі і Славакіі. Маравія, калі б яна мела статус суб’екта чэхаславацкай федэрацыі, патэнцыйна магла б таксама запатрабаваць поўны суверэнітэт.
Аднак практычных наступстваў з'езд у Брно не меў. Асноўная прычына — уварванне войскаў Варшаўскай дамовы (21 жніўня 1968). Інтэрвенцыя паклала канец усім рэформам, у тым ліку, планам па федэралізацыі. Улада была вернутая кансерватыўным сілам, што здушылі любое іншадумства, уключаючы рэгіянальныя рухі.
Не будзем таксама забывацца, што «мараўскае пытанне» для Прагі ўлетку 1968-га не было ў прыярытэце. Рэфарматары на чале з Аляксандрам Дубчакам былі сканцэнтраваны на ўрэгуляванні даўняга і больш вострага чэшска-славацкага пытання. Прага і Браціслава вялі перамовы аб стварэнні ў рамках адной дзяржавы двух суб'ектаў — Чэшскай сацыялістычнай рэспублікі і Славацкай сацыялістычнай рэспублікі. Сітуацыя ў Маравіі была на перыферыі.
Зрэшты, ідэя мараўскай аўтаноміі пасля падаўлення «Пражскай вясны» не памерла. Яна ўсплыла зноў пасля Аксамітнай рэвалюцыі 1989-га. У перапісе насельніцтва 1991 года 1,3 мільёна чалавек назвалі сябе мараванамі (а не чэхамі), што стала шокам для цэнтральных улад. Аднак пры стварэнні сучаснай Чэшскай рэспублікі было вырашана гэтую тэму праігнараваць.
Да гэтага часу ў Маравіі існуюць невялікія, але актыўныя палітычныя рухі і партыі (напрыклад, праект «Маравяне»), якія выступаюць за вялікую аўтаномію рэгіёна або аднаўленне земскага кіравання. Хаця іх уплыў на нацыянальным узроўні невялікі, так ці інакш яны з'яўляюцца жывым напамінам пра бурлівы 1968 год.