Сэрца Францыі баліць яе паэту. Гіём Апалінэр: з куляй ля скроні, на вастрыі авангарду

26 жніўня 1880 года нарадзіўся адзін з самых вядомых паэтаў не толькі французскай, але і сусветнай літаратуры Гіём Апалінэр. Беларусы згадваюць творцу праз яго сувязь з нашымі землямі, але мы паспрабуем паглядзець перш за ўсё на вершы. У рэшце рэшт, гэтага заслугоўвае кожны паэт.

Карыкатура на Гіёма Апалінэра. Крыніца: wikimedia.commons

Карыкатура на Гіёма Апалінэра. Крыніца: wikimedia.commons

Культура — з'ява ўнікальная і настолькі важная, што можа пераадолець любыя межы і ўмоўнасці і стаць фактам рэчаіснасці адразу некалькіх народаў, краін, а то і кантынентаў. Яе ўплыў на развіццё чалавецтва складана пераацаніць — і, быць можа, таму так важна памятаць пра тых, хто яе, гэтую самую культуру, стварае.

Натуральна, літаратура, музыка, жывапіс з'явіліся ў нашым жыцці не ўчора. Стагоддзямі да нас ствараліся мастацкія шэдэўры, ставіліся эксперыменты, рабіліся спробы сказаць пра галоўнае ў найбольш дасціпнай форме. Часам гэта былі ўсяго толькі спробы, а часам эксперымент ператвараўся ў цэлую з'яву, станавіўся ўплывовым цячэннем, збіраў вакол сябе прыхільнікаў і аднадумцаў. Так сталася, напрыклад, з сюррэалізмам, адным з самых яркіх кірункаў мадэрнізму. Тэарэтызаваны і выслоўлены Андрэ Брэтонам, сюррэалізм увабраў у сябе напрацоўкі дадаістаў, якія імкнуліся да разбурэння ўсяго звыклага і з'яўлення яго ў новых вобразах і формах, тагачасную філасофію і псіхааналіз з яго ўвагай да падсвядомага, сэксуальнасці і любых яе праяў, літаратуры (асабліва забароненай). Увогуле любыя забароны для творцаў становяцца цэнтрам прыцягнення, асабліва калі пад імі хаваецца тое, што можа расказаць шмат пра нас саміх. 


Глядзіце таксама

Так, напрыклад, герой гэтага тэкста, французскі паэт Гіём Апалінэр, сабраў цэлую анталогію «Пекла Нацыянальнай бібліятэкі», а таксама выдаў тэксты маркіза дэ Сада, якія шмат у чым маглі стаць рабочым матэрыялам для Зігмунда Фройда і яго паслядоўнікаў. Ён жа — Апалінэр — і прыдумаў тэрмін «сюррэалізм», пазначыўшы яго ў прадмовах да некалькіх сваіх тэкстаў, ні адзін з якіх, праўда, так і не стаў сапраўдным маніфестам гэтага кірунку. Але многія эксперыменты Апалінэра ў паэзіі паўплывалі на літаратуру — і гэта без перабольшання: напрыклад, манера ствараць вершы без знакаў прыпынку — гэта якраз яго, Апалінэрава, вынаходніцтва.

Звычайна са спадчыны паэта прынята цытаваць «класіку» — знакаміты яго верш «Мост Мірабо», і тое не дзіўна: верш сапраўды варты таго, каб яго цытавалі. Але мы працытуем тут іншы, не такі вядомы, але вельмі пазнавальны стылёва (тут і «аўтаматычнае пісьмо», прыпраўленае яркім, як сон, малюнкам, і той самы Рэйн, на якім Апалінэр правёў дастаткова шмат часу, і каханне, якое ў жыцці паэта амаль ніколі не здаралася шчаслівым). На беларускую яго бліскуча пераклала Ганна Янкута:


Май

О май о мілы май на рэйнскім чаўнаку

З вышынь гары глядзіць паненка на затоку

Вы мілая сама й чаўнок ужо далёка

Ды румзае вярба ўглядаецца ў раку


Вось золата садоў яны назад сплылі

Пялёсткі вішань што пападалі з галіны

Пазногці дарагой калісьці мне жанчыны

Абрыс яе павек пялётскі на галлі


А берагам уздоўж павольнае ракі

Сабаку малпачку маўклівага мядзведзя

Цыган вядзе абоз фургон марудна едзе

Палеткам Рэйнавым спявае флейта недзе

Вітанні шлюць рацэ далёкія палкі


О май о мілы май здабытак твой руіны

Цнатлівыя плюшчы шыпшыны вінаград

Павеў пагойдвае твой гаманлівы сад

Вярбу з ракі і вінаград з раўніны


Знаёмым з творчасцю паэта толькі па «Мосце Мірабо» можа падацца, што ён увесь такі — трагічна-рамантычны, натхнёны неўзаемным каханнем, але гэта не так. Самы першы яго зборнік — «Бестыярый, альбо Арфееў картэж» — і блізка не стаяў побач з тым, што можна было б сабе ўявіць. А ўся справа ў тым, што ў ім сабраныя кароценькія вершы пра розных істот (ёсць версія, што на іх напісанне Апалінэра натхнялі драўляныя фігуркі жывёл з майстэрні яго сябра Пабла Пікаса). Наўрад ці чытач, натыкнуўшыся на такія вершы, вырашыў бы, што яны належаць класіку французскай літаратуры.


Блыха

Блыха — як сябар, як лю́бая —

П'е кроў з нас і згубу нясе.

Ды ўдзячны за кроў і згубу я

Каханай, сябру, блысе.


Змяя

Змеі — увасобленая злосць,

згубіць прыгажосць і маладосць,

Эўрыдыку прынясе ў ахвяру,

Еву, Клеапатру... Вам не досць?

Ведаю і парыжанак пару.


Рак

Маім сумневам-небаракам

Няма дарогі ў райскі сад,

Калі паўзеш у неба ракам,

Бо крок наперад, два назад.

(Пераклад Андрэя Хадановіча)


«Ай, несур'ёзна!» — скажаце вы і, напэўна, будзеце мець рацыю. Такі быў час, вольны, гарэзлівы, поўны эксперыментаў і ў жыцці, і ў творчасці. Але зусім хутка настаў іншы — час выжывання, выпрабаванняў, страт. Вайна змяніла многае, і Гіём Апалінэр, які добраахвотна стаў яе ўдзельнікам, не застаўся ўбаку. Сучасныя творцы, многім з якіх заняло мову ад падзей апошніх гадоў, маглі б пазайздросціць свайму знакамітаму калегу па пяры: яму хапіла і слоў, і сіл, каб расказаць пра тое, што такое вайна, якой яна бывае і якім «хмарным» аказаўся час, у які выпала жыць паэту.


Смутак зоркі

Мне выйшла з чэрапа магутная Афіна

Крывавай зоркаю крануўшы скронь

Пад небам галавы палае несупынна

Багіняю вайны раскладзены агонь


Але стакроць мацней ад зоркавае раны

Што літасцівы боль прыклаў да галавы

Таемнае тугі нябачныя тараны

Руйнуюць ранячы мой розум ледзь жывы


І я цягну далей пякучую хімеру

Як светлячок нясе агеньчык свой далей

Як сэрца Францыі баліць яе жаўнеру

Як спее прыгажосць у завязях лілей

(Пер. Андрэя Хадановіча)


Прыгожая метафара антычнай багіні вайны, што выходзіць са скроні паэта, у сваёй аснове мае рэальны факт: Гіём Апалінэр, які пайшоў на вайну, каб нарэшце стаць падданым Францыі (і ён-ткі атрымаў грамадзянства!), быў паранены ў скронь, і рана гэтая стала ў пэўным сэнсе смяротнай: за два гады яна вельмі аслабіла здароўе творцы, і таму ён зрабіўся лёгкай здабычай для «іспанкі», якая ў той час выкошвала Еўропу. Сімвалізм смерці паэта з радкоў яго вершаў перайшоў і ў жыццё: калі хавалі Апалінэра, людзі на вуліцах крычалі «Далоў Гіёма!». І хаця гэта было патрабаваннем звяржэння французскага імператара Вільгельма, мімаволі ім праводзілі ў апошні шлях і героя нашага артыкула.

Калі беларусы гавораць пра Гіёма Апалінэра, першае, што згадваюць (акрамя вершаў, вядома) — яго беларускія карані. Унук афіцэра войска Расійскай імперыі Міхала Кастравіцкага, сын Анжалікі Кастравіцкай, праўда, наўрад ці ведаў пра Беларусь, бо лічыў, што паходзіць ад палякаў, але факт застаецца фактам: род Кастравіцкіх герба «Байбуза» меў некалькі маёнткаў і сядзіб на Беларусі — напрыклад, у Касцянёве і Паперні. А ў другім адгалінаванні гэтага роду быў яшчэ адзін паэт, толькі ўжо сапраўды наш, беларускі — Карусь Каганец, стрыечны дзядзька знакамітага француза. Так што тут сапраўды не абышлося без літоўскай (чытай — беларускай) шляхты.

Як жа так склалася, што нашчадак Кастравіцкіх апынуўся ў Францыі? Гэтая гісторыя, зноў жа, будзе блізкай цяперашнім беларусам. А справа ў тым, што дзед Апалінэра Міхал Кастравіцкі быў удзельнікам паўстання 1863-1864 гадоў, якое, як вядома, пацярпела паразу і скончылася моцнымі ганеннямі і фактычным пераследам тых, хто быў на баку паўстанцаў. Якраз праз пераслед старэйшы Кастравіцкі і з'ехаў з Беларусі, дзе ўлады паспелі на той момант ужо канфіскаваць радавы маёнтак Дарожкавічы, што пад Дзісненшчыне. Краінай, якая прыняла ўцекача, стала Італія, дзе, уласна, усяго праз 16 гадоў пасля апісаных падзей і з'явіўся на свет хлопчык, які пазней стаў адным з тытанаў літаратурнага авангарду не толькі Францыі, але і ўсяго свету. 


Глядзіце таксама

Гіём-Вільгельм-Альберт-Уладзімір-Аляксандр-Апалінарый Кастравіцкі, ён жа Гіём Апалінэр, даволі ўдала містыфікаваў сваё паходжанне. Паводле адной з версій, яго дзедам быў ні больш ні менш герцаг Рэйхштацкі, сын Напалеона — таго самага Напалеона Банапарта, які Маскву хадзіў браць. Але гэта толькі версія. Хутчэй за ўсё, нічога агульнага з французскімі імператарамі Гіём Апалінэр не меў. А бацька паэта —  італьянскі арыстакрат швейцарскага паходжання Франчэска Флюджы д’Аспермонт, яго сувязь з Анжалікай Кастравіцкай, якая шмат часу бавіла ў розных забаўляльных установах, не спадабалася сваякам заможнага італьянца, і неўзабаве маці Апалінэра разам з дзецьмі (на той момант у яе нарадзіўся малодшы сын Альберт) з'ехала ў Манака. 

Сам жа Апалінэр усё свядомае жыццё пражыў у Францыі, стаў яе грамадзянінам за два гады да смерці, ад якой пасмяротна атрымаў дыплом «Mort pour la France» («Загінуў за Францыю»).


Чацвёртая раніцы

Цяпер чацвёртая раніцы

Прачынаюся апрануты

З кавалачкам мыла ў руцэ

Яго даслаў той хто дарагі мне

Я зараз памыюся

Я вылажу з акопа ў якім мы спім

Адчуваю сябе бадзёрым

І шчаслівым што змагу нарэшце памыцца

                             чаго ўжо тры дні не здаралася


Потым памыўшыся пачынаю галіцца

А тады як блакітнае неба чысты

                  да ночы зліваюся з даляглядам

                                                              і вось асалода


Не казаць больш нічога

               цяпер калі кожны мой рух

                                         робіць той хто не бачны нікому

Бо калі я зашпільваю мундзір

             усе адценні блакіту пераблытваюцца з небам

                                                                    і я раблюся нябачным

(Пер. Змітра Коласа)



Глядзіце таксама

Вучоба

Брылі чатыры бамбардзіры

Да вёсачкі малой у тылІх ногі рукі твар мундзіры

Спрэс пакрываў акопны пыл


Яны прыгадвалі былое

Глядзелі на шырокі дол

Не азіраліся на тое

Чым бухаў ззаду кожны ствол


Казаў пра ўчора хлопец кожны

Пра заўтра не хацеў казаць

Так аскетычна асцярожна

Вучыўся кожны паміраць

(Пер. Змітра Коласа)


Рэйнская ноч

Дрыжыць нібы агонь віно і келіх поўны

Пяе вясляр і вы паслухайце той спеў

Як сем зялёных кос у зіхаценні поўні

Калісьці расплялі сем чарадзейных дзеў


Спявайце танчачы праносячыся міма

Каб болей не гучаў той весляровы спеў

Паклічце прыгажунь з застылымі вачыма

І каб на кожнай з іх вянок з касы бялеў


П'яніць п'янее Рэйн раза ў яго глядзіцца

Начное золата на змену прыйдзе ёй

А песня ўсё хрыпіць а ў песні чараўніцы

Што лета заклялі зялёнай сумятнёй


Бы смехам зазвінеў мой келіх каб разбіцца

(Пер. Ганны Янкута)

Пераклады вершаў Гіёма Апалінэра цытуюцца паводле выдання "Гіём Апалінэр. Выбраныя вершы" (серыя "Паэты планеты", выдавец Зміцер Колас, 2016).