Палова беларусаў чытаюць ці слухаюць кнігі: Вынікі даследавання
Якія кніжныя жанры самыя папулярныя ў беларусаў? Якая ўзроставая ктэгорыя найбольш чытае па-беларуску? Ці адрозніваецца сітуацыя ў Беларусі ад агульнаеўрапейскай? Распавядае «Будзьма».
Цікавасць да кніг у беларусаў захоўваецца, толькі траціна рэспандэнтаў зусім далёкія ад кнігаспажывання. У Вільні прэзентавалі вынікі сацыялагічнага даследавання інстытута «Палітычная сфера».
У анлайн-апытанні, праведзеным у жніўні 2023 года, узяло ўдзел 1002 паўналетніх жыхара гарадоў з насельніцтвам ад 5 тысяч чалавек, паведаміў 18 снежня падчас прэзентацыі дырэктар «Палітычнай сферы», доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.
Паводле навукоўца, часта чытае кнігі ці праслухоўвае іх аўдыяверсіі 48% апытаных (штодня — 15%, некалькі разоў на тыдзень — 21%, хаця б раз на тыдзень — 12%).
Перыядычна да кніг звяртаецца 18% рэспандэнтаў (хаця б раз на два тыдні — 7%, раз на месяц — 11%).
Вельмі рэдка чытаюць ці слухаюць кнігі 33% (некалькі разоў на год — 16%, ніколі за апошні год — 17%).
Андрэй Казакевіч зазначае, што вынікі даследавання больш-менш адпавядаюць паказчыкам нашага рэгіёна ўвогуле, гэта сярэднееўрапейскія лічбы.
«Даследаванне таксама абвяргае стэрэатып, што моладзь кнігі не чытае. І тут беларускія паказчыкі адпавядаюць сусветным», — заўважыў ён.
Дамінуе руская
Што да мовы кніг, то на рускай чытае ці слухае абсалютная большасць — 99% рэспандэнтаў, на беларускай — 14% (больш за астатніх — людзі ва ўзросце 18–24 гадоў і 55+), англійскай — 6%, іншых мовах — 1%.
Моўныя перавагі адрозніваюцца ў розных узроставых катэгорыях, заўважае Андрэй Казакевіч.
«Руская мова дасягае 97-100% ва ўсіх катэгорыях, а вось адсотак тых, хто выбірае беларускую, падвышаецца ў катэгорыі „18-24 гадоў“ — 16% і ў катэгорыі „55+ гадоў“ — 21% рэспандэнтаў. Англійскую абірае для чытання альбо праслухоўвання 27% у катэгорыі „18-24 гадоў“ і 9% у катэгорыі „25-34 гадоў“, у астатніх узроставых катэгорыях па-англійску чытае і слухае не больш за 2%», — сказаў даследчык.
Адной з прычын такога дамінавання рускай мовы Андрэй Казакевіч лічыць вельмі малую колькасць перакладаў на беларускую мову «і класічнай літаратуры, і навінак». «Таму мусіш чытаць альбо па-англійску, альбо па-руску. У нашым кантэксце часцей па-руску. То-бок прасцей знайсці кнігу па-руску, чым чакаць беларускі пераклад, тым больш ці выйдзе ён увогуле», — зазначыў навуковец.
Не хапае часу
Інтэнсіўнасць чытання ў беларусаў не вельмі вялікая. Так, за год 1-5 кніг прачытвае ці праслухоўвае 48% апытаных; 6-10 кніг — 15%; 11-15 кніг — 9%; 16-20 кніг — 6%. І пятая частка рэспандэнтаў — 22% — прачытвае за год больш 20 кніг.
У адказах на пытанне, чаму не чытаюць ці не слухаюць, 63% беларусаў назвалі прычынай адсутнасць часу.
Друкаваная кніга трымае пазіцыі
Якія фарматы выбіраюць беларускія спажыўцы літаратуры за апошні год?Друкаваныя кнігі — 69%; электронныя кнігі — 49%; аўдыякнігі — 34% (рэспандэнты маглі выбіраць больш за адзін адказ).
«І тут мы супадаем з сусветнымі трэндамі. У большасці краін да гэтага часу друкаваныя кнігі дамінуюць на рынку. Толькі ў Японіі электронныя выданні перавышаюць колькасць друкаваных», — сказаў Андрэй Казакевіч.
Якія жанры выбіралі беларусы ў 2023 годзе?
Топ жанраў паводле даследавання «Палітычнай сферы»:
1. Класічная мастацкая літаратура — 48%
2. Сучасная мастацкая літаратура — 54%
3. Навукова-папулярная літаратура па гісторыі — 15%
4. Навукова-папулярная літаратура па палітыцы, грамадстве — 12%
5. Навукова-папулярная літаратура па прыродазнаўчых і тэхнічных навуках — 11%
6. Навуковая і прафесійная літаратура — 14%
7. Падручнікі — 11%
Абсалютная большасць рэспандэнтаў — 84% — кажа, што набываюць кнігі ў забаўляльных мэтах, дзеля адпачынку, з цікаўнасці.
Для працы ці вучобы — толькі 23%.
У якасці падарункаў для дарослых блізкіх — 10%, для дзяцей у сям’і — 15%, для знаёмых, сяброў, калег — 15%.
Як да беларусаў трапляюць друкаваныя ці аўдыякнігі?
39% апытаных купляе; у сяброў і знаёмых кнігі бяруць 28%; у бібліятэцы — 18%. Амаль дзве траціны рэспандэнтаў — 64% — чытаюць ці слухаюць бясплатныя выданні ў сеціве.
І, як заўважаюць даследчыкі, колькасць набытых беларусамі кніг у 2023-м — вельмі невялікая.
Ад 1 да 5 кніг набыло 74% апытаных; 1 кнігу — 26%; 2 кнігі — 18%; 3 кнігі — 11%; 4 кнігі — 7%; 5 кніг — 12%.
3% апытаных купілі 6-10 кніг; ад 11 да 15 кніг — толькі 4%; 16-20 кніг дазволілі сабе 5% беларусаў.
Набывае ў звычайных кнігарнях — 55% рэспандэнтаў; у інтэрнэт-кнігарнях — 60%. У супермаркетах і кіёсках — 15%; на кніжных выставах і ярмарках — толькі 11%.
Карэктывы эміграцыі
Сацыёлаг Аляксей Ластоўскі, суаўтар даследавання, зазначае, што 2023 год сур’ёзна змяніў сітуацыю з кнігавыдавецтвам у Беларусі. «У маю частку працы ўваходзілі інтэрв’ю з выдаўцамі ў Беларусі. За гэты час — такія беларускія рэаліі — частка з іх ужо не працуе ў Беларусі», — сказаў ён.
«Крытычная праблема — фрагментацыя аўдыторыі. Так ці інакш, але большая частка тых, хто набывае кнігі, застаецца ў Беларусі. Эмігранты пераходзяць ужо ў іншы профіль чытачоў. Чалавек у эміграцыі — гэта чалавек у руху, які не мае стабільнасці, што таксама вядзе да праблемы з набыццём кніг. Ён калі і набывае кнігу, то такую, якую не спатрэбіцца доўга захоўваць, такую, пра якую кажуць — прачытаў і забыўся. Таму і такая папулярнасць так званай лёгкай мастацкай літаратуры і практычна поўнае скарачэнне (спажывання) сур’ёзных навуковых выданняў. Выдаўцы гэта адчуваюць — і не выдаюць тое, што не карыстаецца попытам.
Сур’ёзная таксама праблема — гэта дастаўка кніг у Беларусь. Прасцей з Беларусі на Захад дастаўляць, чым наадварот. Таму лагічна, што выдаўцы, якія працуюць ужо па-за Беларуссю, арыентуюцца на эмігрантаў», — паведаміў Аляксей Ластоўскі.
На думку даследчыка, «трэба шукаць шляхі падтрымкі выдаўцоў у Беларусі, бо яны застаюцца, нягледзячы на самацэнзуру, рызыкі і г.д., але шмат хто застаецца ў краіне — і гэта сектар, які максімальна варты падтрымкі».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org